Для пераможцы і бронзавага прызёра Сусветнай універсіяды ў Турыне (Італія) Ірыны Нафрановіч сезон спаборніцтваў закончыўся. Цяпер спартсменка – у Мінску, здае экзамены і залікі ва універсітэце.
Ірына Нафрановіч – майстар спорту міжнароднага класа па лыжных гонках. Нарадзілася 1 мая 1984 года ў Мядзеле. Рост – 166 см, вага – 57 кг. Вучыцца на чацвертым курсе Беларускага дзяржаўнага універсітэта фізічнай культуры на факультэце масавых відаў спорту.
Які старт у гэтым сезоне быў для вас самым удалым?
Вядома, Універсіяда, калі атрымала залаты медаль за эстафету 3х5 кіламетраў і “бронзу” ў бегу на 5 кіламетраў класічным стылем. Натуральна, я крыху здзівілася. Хаця рыхтавалася і была гатовая да такога выніку – гэта не збег абставінаў. На такі вынік я працавала не адзін год. Лыжамі займаюся з 14 гадоў, прафесійна – гадоў сем. У Мядзеле пачынала трэніравацца ў Наталлі Уцюговай. Пасля мною ўшчыльную заняўся Валеры Далінін. Менавіта яго падрыхтоўка стварыла базу для цяперашніх вынікаў. І як бы я ні ставілася да сваіх астатніх трэнераў, лічу, што маё трэцяе месца на Універсіядзе – яго заслуга. За што хачу сказаць яму вялікі дзякуй. Цяпер у Мінску ў мяне ёсць асабісты трэнер – Аляксандр Ілюшкін, які вельмі шмат для мяне зрабіў і робіць.
Ці прыкладаецца да медалёў Універсіяды грашовая ўзнагарода ад сваёй дзяржавы?
Я на гэта спадзяюся. Але пакуль што ніхто нічога не казаў. Там, у Турыне, мы атрымалі толькі медалі, кветкі і віншаванні.
Вам не прапаноўвалі перайсці ў біятлон?
Я спрабавала страляць, і ў мяне нядрэнна атрымоўвалася. Але я бегаю пераважна “класікай” (класічным ходам), а біятлон – у першую чаргу “канёк”. Гэта адна з прычынаў, па якой не перайшла. Ды і ўвогуле хачу менавіта бегаць на лыжах. Пакуль што. Не ведаю, як далей складуцца абставіны.
Чаму вы аддаяце перавагу “класіцы”?
Калі пачынала трэніравацца ў Мядзеле, калі закладвалася базавая падрыхтоўка, трасы для “канька” не было, таму ў асноўным я хадзіла “класікай”. Каньковы ход мы таксама вывучалі, але больш часу аддавалі класічнаму.
Дыстанцыі якой даўжыні “вашыя”?
Як давядзецца. Адназначна не магу адказаць. Я бегала і 90 кіламетраў, таму мне марафоны не страшныя. Але ведаеце, як бывае: у гэтым сезоне лепш атрымоўваюцца “пяцёркі” і “дзесяткі”, у мінулым лепш бегла 15 кіламетраў. Год на год не прыходзіцца. Залежыць ад таго, як трэніруешся, якія стаяць задачы. Калі я ведала, што мяне на Універсіядзе ў Італіі чакае 5 кіламетраў “класікай”, то ўжо ўлетку псіхалагічна настройвалася на гэтую дыстанцыю.
У Японіі вы былі сёлета ўпершыню?
Так, на Чэмпіянаце свету. Мне вельмі спадабалася – прыгожая краіна, ветлівыя людзі. Але ў Еўропе я адчуваю сябе больш камфортна. У Японіі мы жылі ў вялікім горадзе, дзе ўсё нагрувашчана адно на адно – вышынныя будынкі, пяцізоркавыя даражэзныя гатэлі. І побач – наш маленькі драўляны дамок. Незразумелае для мяне спалучэнне.
Замежнымі мовамі валодаеце?
На славацкай вельмі добра размаўляю, бо два гады жыла і трэніравалася ў Славакіі. І англійскую мову ведаю. Не скажу што выдатна, але для зносінаў мне хапае. Вывучала іх самастойна, у працэсе зносінаў. Ва універсітэце залікі-экзамены па замежнай мове здала без праблем. Натуральна, я падвучваю англійскую, гляджу фільмы на ёй, чытаю кнігі, каб не забыцца, не страціць моўную практыку.
Дзе вы жывяце ў Мінску?
На кватэры. Натуральна, хочацца мець сваё жытло. Але гэта вельмі складанае пытанне. Нават наша кіраўніцтва не можа ўпэўнена сказаць: “Так, мы гатовыя даць вам жыллё” ці хаця б нешта планаваць. Не ведаю, магчыма, такая сітуацыя толькі ў лыжных гонках, але пытанне пакуль што невырашальнае.
Што самае цяжкае ў жыцці прафесійнага спартсмена?
Лыжны спорт – адзін з самых цяжкіх відаў спорту. Прычым цяжка не толькі фізічна, але і маральна рыхтавацца да стартаў. Таму што нагрузка вялікая, і трэба трымаць сябе ў руках. Бывае, спартсмен добра гатовы фізічна, але перад самай гонкай можа зламацца псіхалагічна. Даводзіцца трымаць сябе ў руках, і тут вельмі важная падтрымка трэнера і кіраўніцтва каманды. Пакуль што не ўсё так гладка атрымоўваецца, як хацелася б – няма згуртаванасці ў камандзе, таму бываюць праблемы.
Ці стамляюць пастаянныя пераезды?
Вядома, стамляюць. Калі за год толькі на працягу месяца, вясной, бываеш у Мінску, то стамляешся. У Мядзел я рэдка прыязджаю і то на тыдзень, не больш. Ну і, калі атрымоўваецца, то на якое-небудзь свята на два дні.
Як цяпер праходзіць ваш дзень?
Трэніруюся штодня, падтрымліваю форму. Але не так, як у сезоне, калі па дзве-тры трэніроўкі ў дзень рабіла. Цяпер вучоба займае шмат часу. Раніцай, калі атрымоўваецца, бегаю крос, раблю сілавыя практыкаванні. Затым ва універсітэце здаю экзамены-залікі або еду на практыку ў школу. Пасля абеду – трэніроўка. Калі ёсць час, раблю пакупкі.
А выхадны?
Ёсць магчымасць – сустракаюся з сябрамі. Калі надвор’е добрае, мы разам едзем адпачываць на прыроду. Акрамя таго, я люблю цырк і часта туды хаджу. Даўно не была ў тэатры, таму цяпер хачу схадзіць са сваёй цёткай у тэатр. А так пэўнага занятку на выхадныя ў мяне няма, каб я сядзела і нешта такое рабіла. Як атрымоўваецца. Даўжэй паспаць не люблю, пастаянна прачынаюся рана, без будзільніка ўстаю а палове восьмай. Затое я хачу спаць днём. Мне трэба хаця б паўгадзінкі. Спартыўны рэжым такі, што на зборах мы спім удзень. Арганізм прывык, і ад гэтага цяпер нікуды не падзенешся. Калі прыязджаю ў Мінск і трэба вучыцца, я змагаюся з сабой.
Ці даводзіцца спартсменкам сачыць за фігурай?
Вядома, некаторым даводзіцца. Але ў нас няма строгіх крытэрыяў: можна быць пампушкай з вялікай вагой і бегчы гэтак жа добра, як і вельмі худыя. Крытэрыяў няма – галоўнае, каб спартсменцы было камфортна, каб яна спраўлялася са сваёй вагой. Я ніякіх спецыяльных мераў дзеля захавання фігуры не прадпрымаю. Падабаюцца ўсякія стравы, асабліва з морапрадуктаў. Піцу люблю, але не ўсякую. Мне падабаецца дамашняя – вельмі смачную гатуе мая цётка.
Акрамя спорту, у вас ёсць іншыя захапленні?
Шопінг (Ірына смяецца). Я люблю хадзіць па магазінах, глядзець, прымяраць… Як любая жанчына. Мне гэта дапамагае адключыцца ад праблем. Калі бываю за мяжой, то на шопінг выдзяляю мінімум часу: усё ж трэба падрыхтавацца, настроіцца на бег. Зрэшты, цяпер замежныя магазіны не моцна адрозніваюцца ад беларускіх.
На што вам не шкада патраціць мільён рублёў?
Мільён пры маёй зарплаце (каля 270 тысяч рублёў) – нядрэнная сума. Я б патраціла яго на якасную рэч. Магла б патраціць грошы на сваякоў, на падарункі ім. На гэта ніколі не шкадавала грошай. Магу сабе ў нечым адмовіць, але блізкім купіць дастаткова дарагую рэч.
Што плануеце рабіць пасля заканчэння універсітэта?
Дакладна яшчэ не ведаю. Хутчэй за ўсё буду атрымоўваць другую вышэйшую адукацыю. Але яе накірунак я яшчэ не вызначыла.