|
Альфрэд Ромэр вяртаецца ў Беларусь |
|
|
|
22.04.2007 г. |
 21 красавіка ў Доме-музеі Ваньковіча, што ў Менску па вуліцы Інтэрнацыянальнай, д.33, адбылася ўрачыстая навукова-мастацкая імпрэза прысвечаная юбілею 175-годдзя вядомага ў Беларусі, Польшчы і Літве мастака, грамадзкага дзеяча, паўстанца 1863 года, даследчыка нацыянальнай культуры Альфрэда Ізідора Ромэра. З 1874 года жыў і працаваў у маёнтку Каралінова (цяпер гэта аднайменная вёска ў Пастаўскім раёне на мяжы з Мядзельскім раёнам). У Камайскім касцёле маецца абраз пэндзля А.Ромэра “Збаўца і сірата”. Ён жа з’яўляецца аўтарам і паштоўкі з выявай касцёла ў Кабыльніку.
Пад час імпрэзы прэзентаваліся дзве выставы. Першая прадставіла нізку твораў А.Ромэра ў фотарэпрадукцыях (жывапіс, графіка, скульптура, медалі). Другая прэзентавала дзве карціны вядомага беларускага мастака, нашага амаль што земляка, Алеся Цыркунова “А.Ромэр. Легенда” і копію абраза з Камайскага касцёла. Выступілі вядомыя навукоўцы Адам Мальдзіс, Уладзімір Рынкевіч, Зміцер Саўка, Анатоль Белы, Валеры Мазынскі і інш.
 З вялікай цікавасцю прысутныя слухалі расповед нашага земляка з вёскі Камарова, краязнаўцы Яські (Івана Пятровіча) Драўніцкага. Ён калісьці ў дзіцячыя і юнацкія гады жыў побач з маёнткам А.Ромэра, і канешне ж знаўся з людзьмі блізкімі да славутага мастака. І зараз Я.Драўніцкі лічыць сваім галоўным жыццёвым абавязкам вярнуць Беларусі памяць аб А.Ромэры. Слушна заўважыць, што толькі дзякуючы вялізарным намаганням Алеся Цыркунова і Яські Драўніцкага, слынны мастак Беларусі Альфрэд Ромэр з нябыту вяртаецца на радзіму, вяртаецца ў нашу гісторыю.  Але цяперашняй ўладзе не вельмі даспадобы памяць аб А. Ромэры. Прыкра, але на Беларусі ніводны мастацкі музей не мае твораў гэтага мастака. Уладныя структуры сёння чыняць перашкоды на шляху захавання і рэстаўрацыі маёнтка ў вёсцы Каралінова. А дарэчы, будынак мае статус Помніка архітэктуры. Але да яго ніхто з дабрадзеяў не дапускаецца. Сарвалі нават і дошку, што сведчыла аб статусе маёнтка. Здзіўляе глухата і слепата чыноўнікаў да спадчыны А.Ромэра. Падчас імпрэзы штораз выконвалася старадаўня музыка XIX ст., упершыню прагучалі вальсы Напалеона Орды з альбома Аўгена Паплаўскага. Яська Драўніцкі быў вельмі расчулены творам Н.Орды “Танец “Абэрак”, бо пад гэтую музыку ён у маладыя гады некалі таньчыў з нашчадкамі А.Ромэра.  Завяршылася імпрэза акордамі славутага беларускага гімна-паланэза Міхала Агінскага “Развітанне з Радзімай”. Мерапрыемства было арганізавана па ініцыятыве Рады па ўшанаванню 175-годдзя А.Ромэра пад старшынствам А.Цыркунова сумесна з МГА “Гісторыка”. Количество комментариев (1) - Ваш комментарий |
|
Последнее обновление ( 27.04.2007 г. )
|