|
05.05.2007 г. |
 5 траўня свой 75 дзень народзінаў адзначае вядомы не толькі на Мядзельшчыне беларускі краязнаўца і фалькларыст Іван Пятровіч (Яська) Драўніцкі. Мы яшчэ не ўсведамляем які гэта шчыры і адданы Беларусі чалавек. Ад сваіх аднагодкаў Іван Пятровіч адрозніваецца няўрымслівасцю свайго характара, прагай да адкрыцця новага ў гісторыі Віленскага краю. Баліць! Вельмі баліць душа ў гэтага чалавека з-за абыякавасці нашага чынавенства да праўдзівай мінуўшчыны нашага краю. Вось і сёння, наша дзяржаўная сістэма зацята не хоча прызнаваць знакамітага мастака Альфрэда Ромэра. А гэта ж фактычна Яська Драўніцкі, насуперак усім бюракратычным і не толькі, перашкодам вяртае Беларусі А.Ромэра. Хвалюе яго вельмі лёс сядзібы мастака ў вёсцы Каралінова, што на Пастаўшчыне.
У бліжэйшых планах Івана Пятровіча даследаваць гісторыю Свіры і свой род Драўніцкіх. На жыццёвым рахунку краязнаўцы даследаванні пра вёску Куцькі, маёнтак Альшэва (знакаміты Альшэўскі летапіс), каталіцкага святара і пісьменніка Казіміра Сваяка, дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння І.Дварчаніна, фалькларыста і археолага Р.Зянькевіча і шмат, шмат іншага. Ён жа сцэнарыст фальклорна-этнаграфічных святаў і вечароў. Ён жа аўтар незлічоных артыкулаў у газетах і часопісах пра нашую гісторыю і сучаснае жыццё. Вось так усё сваё жыццё Яська Драўніцкі ў гістарычных і творчых пошуках. Дома яго застаць практычна немагчыма, хіба толькі ноччу. Увесь час ён то праводзіць экскурсіі з вучнямі, замежнымі турыстамі, то дзесьці корпаецца ў архівах Вільні, Менску, Маладзечна, то клапоціцца пра выданне чарговага рукапісу. І наогул згадаць, чым ён займаецца і дзе бывае, ну проста немагчыма. А які ж гэта цікавы і вясёлы суразмоўца! Вось бы запісаць ягоныя расповеды, якая ж бы атрымалася цудоўная кніга, сапраўдны жыццёвы дэтэктыў беларуса 20 стагоддзя. Дай жа Божа і надалей жыццёвай моцы, фізічных і духоўных сілаў, вытрымкі і мужнасці слыннаму Чалавеку Віленскага краю Івану Пятровічу Драўніцкаму. Меркаванняў (2) - Дадаць меркаванне |
|
Апошняе абнаўленне ( 05.05.2007 г. )
|