|
05.05.2007 г. |
 Сёння адзначаецца прафесійнае свята майстроў слова - Дзень друку. У нашым раёне да гэтай кагорты належаць работнікі рэдакцыі і пазаштатныя карэспандэнты газеты “Нарачанская зара” і працаўнікі вытворчага ўчастка маладзечанскай друкарні “Перамога”.
На жаль, праца работнікаў друку дзяржаўных устаноў, у нашай краіне пастаўлена выключна на службу толькі існуючаму рэжыму. Цудоўныя прафесіяналы і проста харошыя людзі калектыву “Нарачанскай зары” на чале з Паўлам Жукавым аказаліся закладнікамі гэтага беларускага рэжыму, закладнікамі хлусні і паклёпу на сваіх жа землякоў і суседзяў. “Нарачанская зара” прадстаўляе сябе як народная газета Мядзельскага раёна. А на самой справе гэта наўпрост рупар Мядзельскага райвыканкама. Наклад “Нарачанскай зары” ад нумару да нумару змяняецца ў межах ад 5288 да 5643. На жаль гэтая лічба дасягнута не намаганнямі рэдакцыі, а прымусам Мядзельскай вертыкалі. Практычна ўсе хто працуе ў дзяржустановах мусяць абавязкова падпісацца на раёнку і яшчэ павінны прад’явіць квіток начальству. Шматлікія сем’і атрымліваюць некалькі асобнікаў “Нарачанскай зары”, бо працуюць муж, жонка і дзеці ў розных арганізацыях. Пратэставаць супраць прыгону нашы людзі баяцца, каб не страціць хоць бы якую працу. Не лепшая сітуацыя і ў нашых паліграфістаў ад маладзечанскай друкарні “Перамога” . Павінны друкаваць толькі тое, што падабаецца ўладзе. На мінулых мясцовых выбарах, адзін з кандыдатаў са спісу “деструктивных сил района», спрабаваў замовіць перадвыбарчыя ўлёткі за дзяржаўныя грошы. Аднак толькі адна бяскрыўдная абрэвіятура “Партыя БНФ” выклікала дзіўны панічны страх за сваю пасаду кіраўніка як маладзечанскай друкарні, так і начальніка мядзельскага ўчастка Міхаіла Малевіча. А замоваў ад улады ж не так ужо і багата ў нашых друкароў. Сур’ёзную канкурэнцыю мядзельскаму ўчастку складае сучасная камп’ютарная і памнажальная тэхніка. З-за слабых фінансавых даходаў раённая друкарня не мае магчымасці абнавіць матэрыяльную базу. І вымушана яна “кляпаць” толькі тэксты і табліцы без малюнкаў. Праўладныя камісіі на мясцовых выбарах спрабавалі надрукаваць у М.Малевіча плакаты з біяграфіямі і фатаграфіямі кандыдатаў. Аднак такое страхоцце атрымоўвалася! Што прыйшлося адмовіцца. Таму на ўчастках выбаршчыкі не змаглі пабачыць твары сваіх кандыдатаў хаця б на фота. Шаноўныя работнікі “Нарачанскай зары” і мядзельскай друкарні! Вы сёння працуеце ў вельмі дзікунскіх умовах. Сёння Вы закладнікі гэтай сістэмы, а заўтра Вы можаце стаць яе ахвярамі. Яна не пашкадуе Вас і Вашых родных. Мы спадзяёмся, што Вы знойдзеце сілы заставацца людзьмі ў гэтых умовах. Мы спадзяёмся што вы назаўсёды адракліся ад такіх метадаў працы як ХЛУСНЯ і ПАКЛЁП. Віншуем работнікаў “Нарачанскай зары” і мядзельскай друкарні з прафесійным Святам! Здароўя і шчасця Вам. Чуйце зямлю сваю і не цурайцеся яе, ведайце мову сваю і піце яе мілагучную моц! Меркаванняў (1) - Дадаць меркаванне |
|
Апошняе абнаўленне ( 06.05.2007 г. )
|