Я пішу вам дзеля таго, каб праінфарміраваць і задаць пытанні пра чысло 16 - дзень, калі кожны месяц ладзяцца акцыі Салідарнасці з дэмакратычнай Беларуссю. Гэтае чысло - сімвалічнае: менавіта 16-га зніклі без следу Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі, вядомыя беларускія палітыкі.

Па-першае, мне хацелася б даведацца, чаму вялікая колькасць людзей з “раздражненнем” чакае шаснаццатае чысло? Калі вы лічыце 16 чысло сімвалам “самадурства і насмешак над нашымі людзьмі ”, то вы памыляецеся. Я магу вам прамыць мазгі ад БТэшнай лухты “пра адмарозкаў ”.
16 чысло- гэта Дзень Беларускай Салідарнасці з сем’ямі зніклых палітыкаў (Красоўскі, Ганчар, Захаранка, Завадскі) і рэпрэсаваных (Казулін, Севярынец, Статкевіч, Фінкевіч, Дашкевіч, Садоўская, і інш.), і спіс з кожным днём пашыраецца...
Свечкі ставяцца ў напамін пра гэтых людзей. Калі вы, напрыклад, ставіце свечку на Дзяды ці на Радаўніцу, то што? Гэта значыць што вы смеяцеся над дзяржавай, уладай. Ды не, вы як раз лічыце, што не забыліся на сваіх родных, якія адыйшлі ў лепшы свет.
А што значыць “нераўнадушныя грамадзяне”? Якія нераўнадушныя? Да вас? Да вашай газеты??? Ды ні за што ў жыцці!!!
А пра ганарары ўвогуле смешна... Вам прыплачваюць за тое, што вы напісалі, а нам? Мы гэта робім, каб людзі бачылі, што на самой справе адбываецца. БТ кажа, што ў дзяржаве ўсё добра, а замоўчвае што ёсць палітвязні.
Такая акцыя ў Мядзелі першая і не апошняя.
А тое, што вам не падабаецца шаснаццатае чысло, то гэта ваша меркаванне. Мне не падабаецца мой начальнік. Я не іду ў газету, каб пра гэта напісалі, але ведаю, што пра гэта не напішуць. Бо вы пішыце пад загад.
Вы лічыце, што гэта было зроблена, каб “папіць халяўнага піўка”? Не! Не! Не! І яшчэ раз не!!!
А што азначае “а калі вельмі пашчасціць, то можна трапіць у міліцыю”? Што людзі робяць супрацьзаконнага, калі запальваюць свечкі? Гэтыя ж людзі не вабары фальсіфікуюць!
Аб’явы “прыходзь будзе клёва” не клеяць. Гэта лухта. Па тэлефоне пра акцыі не кажуць, бо яны праслухоўваюцца. Лепш бы лавілі забойцаў, чым сачылі за людзьмі, якія запальваюць свечкі.
Вы што, прамым тэкстам называеце лепшую моладзь краіны (лепшая моладзь не БРСМ) “зэкамі і адмарозкамі”.
Што за артыкул 342КК? Што, гэтымі свечкамі быў прыпынены рух транспарту? Дык з гэтага можна зрабіць выснову: вы можаце не любіць ні шаснаццатае, ні трынаццатае, ні першае, ні другое, ні трэцяе (у вас, мусіць, дрэнна было ў школе з матэматыкай???), але тое што ёсць - не ад вас залежыць.
У хуткім часе злачынцы адкажуць за пакуты невінаватых людзей.
Мы не баімся, бо за намі ПРАЎДА, ВЕРА і БОЖАЯ МАЦІ!!!
З павагай, Навум.
26.01.2006
Артыкул у "Нарачанскай зары" за 24 студзеня 2007 "Чаму я не люблю шаснаццатае чысло?"
З некаторых пор з абураным раздражненнем кожны месяц чакаю шаснаццатае чысло. Магія чысел і забабоны тут ні пры чым. Проста шаснаццатае чысло нечай недарэчнай падачы, а больш правільна, грашовай падачкі, стала сімвалам абсурду, самадурства і насміхання над нашымі грамадзянамі. Кожны месяц шаснаццатага чысла некалькі чалавек, называючы сябе “нераўнадушнымі грамадзянамі”, устройваюць на гарадскіх вуліцах і плошчах недарэчны спектакль са свечкамі. Малазразумела, для каго і чаго гэтыя “вогненные шоў” прызначаны. Ясна толькі адно: калі “шоў” праводзяць так рэгулярна, значыць “трупа” атрымлівае ганарар. А называюць увесь гэты тэатр абсурду “нераўнадушныя грамадзяне” акцыямі салідарнасці. З кім такім дзіўным чынам штомесячна праяўляецца салідарнасць, так ніхто толкам і не растлумачыў.
Асноўную масу ўдзельнікаў недарэчных прадстаўленняў складаюць падлеткі ў тым самым узросце, калі віруе кроў і хочацца прыгод, калі юнацкія душы ў сваім нястрыманым максімалізме патрабуюць перамен і бунту. Няважна супраць каго і супраць чаго, проста бунту дзеля бунту. Аднак у сілу ўзросту гэтыя высакародныя парывы часта мяжуюцца з наіўнасцю і неўсвядомленасцю. Якраз гэтым умела і карыстаюцца рэжысёры “акцый салідарнасці”, з дапамогай кідкіх лозунгаў накіроўваючы малады запал у патрэбнае для сябе русла. Маладым людзям прапаноўваюць пагуляць у гэткіх герояў-падпольшчыкаў, ды яшчэ, магчыма, за гэта грошай атрымаць альбо піўка “халяўнага” папіць. А калі вельмі пашчасціць, то можна трапіць у міліцыю, а потым з гонарам расказваць аб гэтым равеснікам. Можна тут і сяброў сабе знайсці, з хлопцам ці дзяўчынай пазнаёміцца. І не важна, што падлетак амаль не кеміць у палітыцы і эканоміцы, затое пад гэту марку можна прыгожа патусавацца ва ўсіх на віду.
Для набору ў свае рады “нераўнадушныя грамадзяне” актыўна выкарыстоўваць усемагчымыя сродкі прапаганды і, у першую чаргу, даступны цяпер амаль кожнаму Інтэрнэт, дзе так любіць “вісець” падрастаючае пакаленне. Інтэрнэт – геніяльнае адкрыццё сучаснасці – можа служыць як эфектыўнай зброяй прапаганды, так і проста выконваць функцыю плота, на якім кожны піша, што яму ўздумаецца, не баючыся адказнасці. Возьмем для прыкладу форум аднаго з сайтаў для “нераўнадушнай” моладзі. Павярхоўнага знаёмства з ім хопіць, каб зразумець, што гэта і ёсць той самы плот, дзе кожны можа пакінуць знак тыпу “Тут быў Вася” і бесклапотна збегчы. Глыбакадумныя меркаванні, арыгінальныя погляды, граматна абгрунтаваныя довады тут не ў пашане. На форуме маладыя людзі выхваляюцца адзін перад адным колькасцю прывадаў у міліцыю: у некага іх 33, у некага толькі 8. Мы быцца трапляем у сярэдзіну крымінальных 90-х гадоў, калі людэрамі і аўтарытэтамі лічыліся тыя, у каго больш “ходак” на “зону”. Часы памяняліся, але сэнс маладзёжнай іерархіі, падобна, застаўся ранейшым: каб узняцца ў вачах равеснікаў, абавязкова трэба парушыць закон. А вось яшчэ прыклад з форума. Адна з тэм так і называецца: “Эканамічны крызіс – адзіны шлях да пераменаў на Беларусі”. Няўжо такога “дабра” маладыя людзі жадаюць сваёй Радзіме? Наўрад ці. Гэта больш падобна на пакланенне папулісцкім выказванням аднаго экс-кандыдата ў прэзідэнты, які цяпер знаходзіцца ў месцах не вельмі аддаленых. У інтэрв’ю “Комсольской правде” ён аднойчы заявіў: “Европейцы введут санкции. Экономика рухнет. Люди станут жить хуже, и Лукашенко обязательно слетит». Вось такія яны – “нераўнадушныя” да сваёй Радзімы.
Але вернемся да нашага тэатра абсурду. Кожны раз, збіраючыся на вуліцах і плошчах, удзельнікі старанна фатаграфуюць адзін аднаго, а потым у Інтэрнэце вывешваюць справаздачы аб “праробленай рабоце”, якія проста смешна чытаць. Прадстаўнікі “нераўнадушных” вельмі любяць абвінавачваць дзяржаўныя СМІ ў скажэнні інфармацыі, аднак самі без усялякага сораму ў сваіх рэпартажах значна завышаюць колькасць удзельнікаў акцый. Калі ж са свечкамі на вуліцы стала выходзіць людзей не больш, чым пальцаў на адной руцэ, у справаздачах аптымістычна запэўнівалі, што не ў колькасці справа. Але творчы крызіс усё ж быў відавочны, і “тэатру абсурду” трэба было мянять рэпертуар. Выхад быў знойдзены. На слупах беларускіх гарадоў з’явіліся лістоўкі з завабліваючай прапановай “Прыходзі з сябрамі. Будзе цікава!”. Такое няхітрае завабліванне, больш падобнае на запрашэнне на дыскатэку або канцеэрт, на самой справе з’яўляецца каварнай хітрасцю. Адгукнуўшыся на прыгожы заклік, які-небудь цікаўны падлетак, прыйшоўшы ў вызначаны час ва ўказанае месца, аказваецца ўцягнутым у палітычныя забавы дарослых дзядзяў, а то і наогул мог бы патрапіць у аддзяленне міліцыі.
А наогул хочацца нагадаць усім “нераўнадушным”, што ніхто пакуль не адмяняў атрыкул 342 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Арганізацыя групавых дзеянняў, парушаючых грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх”. За арганізацыю падобных акцый работнікі праваахоўных органаў маюць законную падставу для затрывання яе ўдзельнікаў. Можа, “нераўнадушным” усё ж такі варта задумацца, ці правільны шлях яны абралі, каб патрабаваць перамен, ды і ці патрэбны каму-небудзь наогул, акрамя іх саміх, гэтыя перамены.
На самой жа справе нераўнадушны да сваёй дзяржавы і грамадства чалавек наўрад ці стане пацвярджаць сваю грамадзянскую пазіцыю ўдзелам у недарэчнай буфанадзе за гранты ад сумніўных спонсараў, не стане ён як шчытом прыкрываць непаўналетнімі свае невыразныя палітычныя патрабаванні. Сапраўдны нераўнадушны чалавек зробіць свой уклад у развіццё грамадства: выхавае дзяцей, якія будуць паважаць закон, імкнуцца да высокіх ідэалаў і будуць ганарыцца сваім бацькам, які зарабляе грошы цяжкай, але сумленнай працай на карысць Айчыны.
Ю.Цітоў
Ад рэдактара:
Аспрэчваць гэты артыкул няма сэнсу ды жадання. Гэты артыкул бязлікі, напісаны ў стылі артыкулаў часоў савецкага застою: няма ні імёнаў, ні прозвішчаў. Усё ў стылі нашай улады: маўляў, нам не патрэбны праспект першадрукара Францішка Скарыны - лепш бязлікая назва "Незалежнасці", не патрэбны праспект Машэрава - лепш безымянны праспект "Пераможцаў" (якіх пераможцаў? над кім?). Узнікае адзіная заканамерная думка: няхай, беларуская апазіцыя прадажная, проста тэатр абсурду, ёй нават выгадна, што зніклі вядомыя палітыкі, грамадскія дзеячы. Ды вось, накладка атрымліваецца - чаму нашы доблесныя "унутраныя органы" вось ужо больш за 6 год ніяк не могуць расследваць прычыны знікення вядомых людзей? Мо не то, што не могуць, а проста не жадаюць? А зніклі не простыя, не шэраговыя людзі, зніклі знакавыя асобы: Юры Захаранка - генерал-маёр, колішні міністр МУС, Віктар Ганчар - дэпутат ВС і старшыня Цэнтрвыбаркаму, Анатоль Красоўскі - дэпутат ВС, Дзмітрый Завадскі - аператар ОРТ. Зніклі без следу. Іх усіх аб'ядноўвала адно: яны былі рэальнай сілай, здольнай уплываць на людзей, разумелі тое, што з прэзідэнтам Лукашэнка ў Беларусі няма будучыні, будучыня можа быць толькі ў Беларусі дэмакратычнай. За такое ж меркавання ў нашыя дні адбываюць тэрміны на хіміях, у калоніях Зміцер Дашкевіч, Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч і інш.
Чаму б нашай уладзе не выявіць сапраўдныя прычыны знікнення вядомых людзей і такім чынам пазбавіцца падазрэнняў? Ды штось следчыя органы не спяшаюцца, бо зразумела - праўда пра знікненне палітыкаў зусім не на карысць існуючай у Беларусі ўлады.