
Найбуйнейшы палітычны і дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега нарадзіўся 4 красавіка 1557 г. ў маёнтку Астроўна Віцебскага ваяводства (цяпер вёска ў Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці). На працягу жыцця займаў амаль усе галоўныя пасады ва ўрадзе дзяржавы – падканцлера (1585-1589), канцлера (1589-1623), віленскага ваяводы (1621-1633), найвышэйшага гетмана (1625-1633). Прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і выданні Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г., які гарантаваў эканамічную, палітычную і культурную незалежнасць Княства ад Польскага каралеўства і Расійскай дзяржавы. Ён быў прыхільнікам моцнай прававой дэмакратычнай дзяржавы. У гады вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1600-1629) ахвяраваў значную частку ўласных сродкаў на ўтрыманне войск.
У розныя гады Леў Сапега быў старостам або дзяржаўцам магілёўскім, слонімскім, маркаўскім, берасцейскім, ясванскім, шарашоўскім, рэтаўскім, парнаўскім, мейшагольскім. У 1590-я гады ён заняў пасаду мядзельскага старосты, пра што сведчыць змест лістоў да яго вялікага князя Жыгімонта III Вазы за кастрычнік і 19 лістапада 1591 г. У іх побач з іншымі тытуламі Леў Сапега названы і «старостам мядзельскім». Знаходжанне Льва Сапегі на мядзельскім старостве пацвярджае таксама і адзін з дакументаў Літоўскай метрыкі (Кніга Судовых спраў #71. Аркуш 422), які пачынаецца так: «Я, Леў Сапега, канцлер Вялікага княства Літоўскага, староста слонімскі, маркаўскі, мядзельскі...»
На Мядзельшчыне Леў Сапега меў шэраг маёнткаў, значныя зямельныя ўладанні і вялікую колькасць падданых. Як найвышэйшы адміністратар ён кантраляваў усю гаспадарчую дзейнасць на абшарах староства, кіраваў мясцовай уладай, прызначаў павятовых урадоўцаў, сачыў за своечасовым зборам падаткаў у дзяржаўную скарбонку. У гісторыі Мядзельшчыны Леў Сапега пакінуў заўважны след. Памёр Леў Сапега 7 ліпеня 1633 г. ў Вільні і быў пахаваны ў касцёле святога Міхаіла.
І.В.Саверчанка