Хтось сказаў, што ў Беларусі ўсё завязана на палітыцы: што ні вазьмі – усё мае пэўныя сувязі з існуючым палітычным ладам у нашай краіне. Відаць той, хто так думае – мае рацыю. Але ж, паспрабуем перагледзіць падзеі мінулага года з розных бакоў, найперш з пазіцыі жыхара Мядзельшчыны.
Палітыка
Для Беларусі 2006 год несумнеўна багаты на падзеі. Гэты год, па задуме піяр-мэнэджэраў каманды Аляксандра Мілінкевіча, мусіў стаць “годам Свабоды”. Відаць у пэўнай ступені, так і сталася. Шмат хто ў нашай краіне зразумеў, што свабода – самая каштоўнае ў нашым жыцці.
Усё пачыналася з прэзідэнцкай кампаніі (якую мо і не варта называць “кампаніяй” – усе добра разумелі, што гэта чарговыя перавыбары першага, але спадзяемся не апошняга, прэзідэнта Беларусі). Тыя выбары мусілі адбыцца ў ліпені, але камусь не цярпелася хутчэй быць пераабраным, і выбары былі прызначаны за 6 (!) месяцаў да афіцыйнага сканчэння паўнамоцтваў. Да тых выбараў сур’ёзна не рыхтаваліся, было падобна што ў стане апазіцыі планавалі правесці “чарговую” кампанію, якая збольшага нічога б не змяніла ў краіне. Бо насамрэч, для любых зменаў павінны быць перадумовы. Павінен быць момант. На Мядзельшчыне была праведзена даволі моцная для такіх умоваў агітацыйная кампанія за Аляксандра Мілінкевіча, былі сабраны подпісы. Не выклікае сумневу (хтось чуў, камусь сказалі), што за альтэрнатыву прагаласавалі ў разы (дзесятак) людзей больш, чымсі было пазначана ў афіцыйных выніках раённай камісіі. Гэта адчувалася і адчуваецца.
Ды ўсё ж самай знакавай падзеяй беларускай вясны 2006 стаў намётавы гарадок на Кастрычніцкай плошчы. З’яўленне намётаў дэманстрантаў – было цалкам прадказальным. Больш складаней было прадказаць іншае – як далей будуць развівацца падзеі. Але не прыйшоў наш час. Зрэшты, да нашага гонару, варта адзначыць, што на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску стаялі і мядзельчане – два з іх потым былі на сутках (на Акрэсціна і ў Жодзіна).
Застаецца верыць у адно: вясна 2006 году – то пачатак зменаў, “лёд крануўся” – і будзем думаць, што ў правільны бок.
2006 год стаў годам палітвязняў. Зрэшты і раней ў Беларусі былі людзі у турмах, на "хіміі" толькі з-за сваёй незалежнай грамадзянскай, палітычнай пазіцыяй. Гэта і колішні лідэр Маладога фронту Павел Севярынец і палітык Мікола Статкевіч, Андрэй Клімаў. У 2006 годзе паспелі "асудзіць" і кінуць за краты сябраў арганізацыі "Партнерства" - арганізацыі, якая збіралася весці назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі. Але ж праўда ў нашай краіне не шануецца. Зрэшты, вясновыя "страсці" суціхлі і Міколу Астрэйку, Эніру Браніцкую, Цімоха Дранчука, Аляксандра Шалайку выпусцілі. Дзякуй і на гэтым... Ды вось у 2006 годзе з'явіліся новыя палітвязні: сябры маладога фронту Зміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін і інш. Усе яны пакутуюць
За Свабоду! Дык не будзем забывацца на гэта.
Завяршаецца год зусім непрыкметнай кампаніяй па выбарах у мясцовыя саветы. Гэтая кампанія настолькі ж незаўважная грамадствам, на колькі “значная” роля мясцовых саветаў. Нагадаем, галасаванне мусіць адбыцца 14 студзеня 2007 году. Мядзельшчына хіба выдзяляецца толькі тым, што па пэўных участках нават больш чым па аднаму кандыдату ідзе – то цалкам не характэрная сітуацыя для Беларусі ў цэлым.
Рэлігія
На пачатку 2006 года быў нарэшце дабудаваны праваслаўны храм у Мядзелі. “Нарэшце” – бо збіралі грошы з усіх, а будавалі не адзін год, і здавалася будаўніцтву не будзе канца. Але, з Божай дапамогай...

У першы чыслах ліпеня прайшоў чарговы фэст у Нацыянальным Санктуарыі Маці Божай у Будславе. То фэст, які наведваюць вернікі розных канфесій, і з кожным годам колькасць людзей большае. Будслаўскі фэст, відаць, адна з самых важных падзей на Мядзельшчыне з года ў год. І тое радуе, бо будзе наш край жыць покуль людзі будуць збірацца не толькі дзеля піва з шашлыкамі, але і для духоўных патрэбаў. Тымі ж днямі адбыўся чарговы фэст ля помніка вызваліцелям Мядзельшчыны ад фашыстскіх захопнікаў ІІ сусветнай вайны (на беразе воз.Нарач, ля вёскі Мікольцы). Вось гэты фэст якраз і заўважны з года ў год адным – півам з шашлыкамі.
Каторы ўжо раз вернікі, паломнікі, пілігрымы прайшлі Мядзельскую крыжовую дарогу – сімвалічны шлях Хрыста, з рэшткамі капліцаў. Гэты шлях – унікальны помнік не толькі для Мядзельшчыны, але і для ўсёй Беларусі. Мяркуем, калісь Мядзельская крыжовая дарога стане візітоўкай мястэчка.
У 2006 годзе быў завершаны рамонт фасадаў Мядзельскага касцёла. Быў адноўлены фасад храма. Варта адзначыць, што ўсё рамонтныя мерапрыемствы святыні былі праведзены без удзелу сродкаў з дзяржбюджэту Беларусі.
У 2006 годзе ў Мядзелі з'явілася кабельнае тэлебачанне. Паслуга пастаўляецца прадпрымальнікам суседнягя райцэнтра - Пастаў.
У 2006 годзе беларускія ўлады пачалі адкрыта наводзіць свае парадкі ў “недзяржаўных” канфесіях. Варта ўзгадаць галадоўку вернікаў царквы “Новае жыццё” - яны змагаліся за права мець храм. Таксама пачаліся чысткі каталіцкага святарства. Відаць, палітыка дзяржавы накіравана на выдаленне замежнікаў з касцёлу (найперш палякаў) і “прыручэнне” беларускіх святароў. Так, на новы 2007 год пазбавілі права працы святара з Нарачы (Кабыльніку) і брата ордэна кармелітаў. Абодва яны з Польшчы. Чым яны перашкаджалі нашай уладзе? Але нашыя чыноўнікі забываюцца на адно: касцёл ніяк не залежыць ад іх. Тое, на чым трымаецца вера, - вечнае.
Адраджэнне
Асобная, вельмі знакавая падзея – вераснёўскі экалагічны форум (IV па ліку, праходзіў 8-10 верасня), што адбыўся ў Мядзелі. Якія вынікі таго мерапрыемства? Якая мэта таго мерапрыемства? Відаць, шмат хто з жыхароў Мядзельшчыны скажа штось кшалту “брукаванку ў мястэчку паклалі”, “платы пафарбавалі” ці штось іншае. Заўважна тое, то Мядзельскі экалагічны форум – то фармальная падзея, якая не несла ў сабе пэўнай сэнсавай нагрузкі. Не былі ўзнятыя канкрэтныя праблемы, якія найперш мусяць вырашацца на Мядзельшчыне. Не былі выбраны прыярытэты развіцця рэгіёна. Доказам гэта сцверджання можа быць і вынікі выязнога паседжання дзяржкантролю ў Мядзелі. Старшыня гэтага ведамства, Зянон Ломаць, так і заявіў: “Праграма па адраджэнні Нарачанскага краю сарваная”. Нагадаем, што яшчэ колькі год таму была распрацавана комплексная праграма па “адраджэнні Нарачанскай зямлі”. Былі выдзелены значныя дзяржсродкі. Ды ўсё дарма, калі няма гаспадара – то адносіны да зямлі не гаспадарскія. Ніякай канкрэтыкі. А шмат чаго варта зрабіць на Мядзельшчыне, каб экалагічнае становішча палепшала, бо з кожным годам сітуацыя ідзе да горшага. Хоць бы хто пра стварэнне цэнтралізаваных каналізацыйных сістэмаў у мястэчках Мядзельскага раёна падумаў. Калі, выбачайце, гаўно ў жамчужыны Беларусі, Нарачанскія азёры, сцякае – то пра якое паляпшэнне экалогіі можа ісці гаворка?
Год 2007Нашыя сэрцы і галовы чакаюць перамен?
Гэты год, відаць, выклікае асацыяцыю са свіннямі ды расійскім газам. Падобна на тое, што апошнія дні “газавае пытанне” - крыніца самых важным навінаў для Беларусі. Але, з газам ці без газу будзе Беларусь (у сэнсе з танным газам) – важна адно: каб мы ў новым годзе не сталіся свіннямі, а заставаліся людзьмі. Мо гэта гучыць крыху пафасна, і ўвогуле не варта крыўдзіць такіх мілых жывёл як свінні, але жыць годна, незалежна ад абставінаў, - важна насамрэч.
Верым, 2007 год – будзе таксама багатым на падзеі. І будзем пэўнымі, што гэтыя падзеі будуць станоўчымі для нашай Нарачанскай зямлі, для Беларусі.
Дык з жа з Новым годам, сябры! Дзякуем кожнаму, хто нас наведвае. Мы працуем дзеля Вас.
Працяг будзе...