За Свабоду!
Паазер'е
Галоўная arrow Навіны рэгіёну - архіў arrow Мядзелец Павел Пятунін пабываў у велапаходзе па Славакіі
Мядзелец Павел Пятунін пабываў у велапаходзе па Славакіі Версія для друку Адправіць на E-mail
24.08.2007 г.
Паход меў самую высокую катэгорыю складанасці – бо ехалі ўвесь час па гарах.
У паходзе ўдзельнічалі двое мінчан, Мікалай Абрамчык і яго сын Дзмітры, мінская студэнтка родам з Ліды Марына Самаль, маладзечанец Сяргей Семянюк і мядзелец Павел Пятунін. Паход насіў пятую катэгорыю складанасці: 800 кіламетраў ехалі 16 дзён – 4 дні па Польшчы і 12 дзён па Заходняй Славакіі.
Кіраўнік групы Сяргей Семянюк займаецца турызмам 20 гадоў і быў ў веласіпедных паходах на Камчатцы, Каўказе, у Хібінах, Каракумах. Гэтым разам выбралі Славакію, таму што гэта самая бліжэйшая краіна, у якой ёсць магчымасць паездзіць па гарах.
Як кажа Сяргей, Польшча ў гэтым плане менш прывабная, бо яна вельмі густа населеная – няма дзе стаць з палаткамі. А ў Славакіі шмат лясоў, кэмпінгаў. Не апошняя прычына – магчымасць паглядзець на замкі, якіх у гэтай краіне нямала.

З-за спякоты гулялі па гарадах

Самае затратнае ў паходзе, па словах Сяргея Семенюка, гэта даезд да месца старту і вяртанне. Яшчэ адна непрыемнасць – неабходнасць перавозіць ровары ў разабраным выглядзе і ў чахлах. Каб вырашыць абедзве праблемы, вырашылі ехаць на электрычках. На Захадзе ў вагонах прыгарадных цягнікоў ёсць нават спецыяльныя месцы для ровараў, і на электрычках, вядома, танней.
Даехалі да польскага горада Бельска-Бяла, што недалёка ад славацкай мяжы, і два дні ехалі на роварах. Візу атрымалі спецыяльную, якая так і называлася “велавіза”. Таму калі б перасякалі мяжу на іншым сродку, проста б не прапусцілі.
Першая праблема, з якой сустрэліся, аказалася надвор’е. На працягу ўсёй дарогі толькі ў цені было 37-39ºС.
Каб не ехаць у самае пекла, вырашылі змяніць традыцыйны для велапаходаў графік язды. Выязджалі раней. З дванаццаці да пяці гулялі па гарадах – такога звычайна не прадугледжваецца з-за жорстка рэгламентаванага кіламетражу і месцаў стаянак. Каб паспець у тэрмін, ехалі, пакуль не сцямнее. А цямнее ў гарах рана – пасля васьмі вечара.
Галоўная мэта – паглядзець горы – была часам і галоўнай перашкодай. Пад’ёмы бывалі настолькі крутыя, што даводзілася цягнуць веласіпед у руках. Так 18-кіламетровы пераход з Крэмніцы да Банскай Быстрыцы заняў амаль цэлы хадавы дзень. Затое з вадой не было клопатаў – увесь час сустракаліся горныя рэчкі, у якіх вада крышталёва чыстая.

Чай без дабавак – толькі ў аптэцы

Выбівалі з графіка і больш празаічныя праблемы. Сяргей Семянюк расказвае, што замест турысцкага прымуса ўзялі з сабой гарэлку, для якой патрэбны быў кэмпінг-газ. Думалі, што ў еўрапейскай Славакіі такія балоны можна купіць на кожным кроку. Аказалася – не. Аднойчы давялося зрабіць круг у 20 кіламетраў, каб заехаць у вялікі горад.
Нялёгка знайсці ў славакаў такія неабходныя ў паходзе рэчы, як грэчка, чорны чай і тушонка. Грэчка калі і трапіцца часам, то вельмі дарагая. На беларускія рублі – 6-7 тысяч кілаграм. Чорны чай без дабавак, па словах Сяргея, можна знайсці толькі ў аптэках, і ў чатыры разы даражэй, чым у нас. Тушонак жа ўвогуле няма, таму прадбачлівыя турысты закупілі іх у Беларусі.
Білеты у музей ці ў горную пячору таксама не танныя – каля дзесяці долараў. Прадукты – у 2-3 разы даражэйшыя за беларускія. Але, як кажа Сяргей Семянюк, інжынер ці доктар у Славакіі можа зарабіць і 10-15 мільёнаў у пераліку на беларускія рублі.
У гарах людзі жывуць толькі за кошт лыжнага турызму. Як расказвае Сяргей, пад’ёмнікі бачныя ледзь не на кожным схіле. Усе прыватныя дамы з’яўляюцца адначасова і атэлямі, і кэмпінгамі. Але гэта толькі ў гарах. “У даліне – такія самыя дамы, як і ў нас, часам нават драўляныя”, – кажа Сяргей.
Турысты прыязджаюць у горы толькі ўзімку, таму цяпер шмат атэляў пустуе або ў іх зробленыя летнікі для дзяцей. Беларускіх велатурыстаў здзівіла тое, што іх абслужылі, нягледзячы на тое, што гасцініца была зачыненая.
Летам працаўнікі з раніцы да вечара косяць траву на лыжных спусках. А справа гэта нялёгкая: шырыня іх каля трохстот метраў, а даўжыня – 2-3 кіламетры. З адной жа гары такіх спускаў можа быць і пяць.

Поліўка – па-славацку “суп”

Славацкая мова, на думку Сяргея Семенюка, падобная да нашай. Але калі хтосьці гаворыць хутка, то не зразумееш. Старэйшае пакаленне яшчэ памятае рускую мову, але маладыя славакі яе ўжо не ведаюць – з імі можна пагаварыць толькі па-англійску ці па-нямецку.
Праблемы ў беларусаў часам узнікалі пры чытанні меню. Не з-за таго, што не маглі прачытаць словы, а з-за таго, што невядома, якая страва хаваецца за гэтай назвай. Засумнявацца ж была падстава, бо яда ў Славакіі ў параўнанні з беларускай больш вострая і больш салёная. Усюды на сталах абавязкова стаяць дадаткова прыправы і воцат у збанку. “Купіш што-небудзь, не ведаючы, а потым – пажар у роце!” – расказвае Сяргей.
Суп – па-славацку “поліўка”. Таму беларускія велатурысты паспрабавалі поліўку і з гароху, і з капусты, а не толькі з грыбоў, як у Беларусі. Галоўны нацыянальны напітак – піва, якое прадаецца на кожным кроку. “Але мы былі за рулём, таму куплялі безалкагольнае. Вельмі добра спаталяе смагу”, – кажа кіраўнік групы.

За кожнай гарой – свой замак

Сяргей Семянюк расказвае, што ў Славакіі вельмі шмат даўнейшых будынкаў, замкаў. “Наколькі я ведаю, – гаворыць ён, – раней краіна была вельмі раздробленая, і за кожнай гарой была свая вотчына, свой замак. Але зброі ў музеях, як у нас, мы не заўважылі. Хіба што, не было з кім ваяваць”.
Славіцца Славакія сваімі пячорамі – не толькі натуральнымі, але і выкапанымі. Так, напрыклад, у Банскай Шцяўніцы, праз якую праязджалі беларусы, ёсць 60 шахт, у якіх калісьці дабывалі серабро. Пасля гэта стала нявыгадна, і ў шахты сталі вадзіць турыстаў. Частку, аднак, затапілі, каб не дапусціць “дзікай” здабычы.
Банская Шцяўніца запомнілася велатурыстам і тым, што яна размешчаная на такіх крутых горках, што ровары даводзілася весці. Яшчэ адным цудам горада з’яўляюцца азёры, утвораныя ў выніку запруджвання горнай ракі. Каля іх можна разбіваць палаткі, хоць яны і знаходзяцца ў межах горада.
“У Славакіі прыгожыя гарады, архітэктура, надта шмат кветак. У лясах мы часта сустракалі дзікіх жывёл – аленяў, казуляў. Вельмі цікавая краіна, на якую варта было паглядзець”, – кажа Сяргей Семянюк. Цяпер разам са сваёй камандай яны падумваюць пра паход ў Грэцыю.

Меркаванняў (0) - Дадаць меркаванне

 
« Папярэд.   Наст. »

Няма каментарыяў. Каб дадаць сваё меркаванне, скарыстайцеся формай...
Мядзелец Павел Пятунін пабываў у ве...

Ваш каментарый

Імя (абавязкова)

e-mail (абавязкова)
Ваш e-mail будзе даступны для прагляду толькі адміністратару сайта
Тэкст каментарыя (падтрымка тэгаў) [BBcode]

      Наведванняў: 6650452





Новае на партале
Advertisement


Бясплатны хостынг

Internet Map