Але потым яго перадалі ў ведамства Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі і стварылі недаступны для народа аб’ект. А дакладней, перабудавалі яхтклуб у месца адпачынку першай асобы краіны. Аляксандр Рыгоравіч адпачываў тут адзін раз і зусім нядоўга. Хоць і адпачываў ён у яхтклубе зусім непрацяглы час, але перапалоху для мясцовай улады і сілавых структураў было занадта.

Рэч у тым, што ў той самы час на Нарачы адпачываў і сын Лукашэнкі, у санаторыі “Сосны”, што зусім непадалёк. Дык фактычна ўся мядзельская міліцыя сядзела ў кустах уздоўж дарогі ад Мікольцаў да санаторыя “Сосны” і чакала, калі ж хто з Лукашэнкаў паедзе ў госці адзін да аднаго. Цэлая брыгада з РАУС і пажарны аўтамабіль тым часам дзяжурылі за помнікам на выпадак непрадбачаных сітуацый. Як кажуць, хтосьці адпачываў, а хтосьці і мучаўся невядома дзеля чаго.
Большую частку года так вось і пустуе яхтклуб, сумуе без Аляксандра Рыгоравіча. Але абслугоўваючы персанал - дырэктар, загадчык гаспадаркі, 5 вартаўнікоў - працуе і спраўна грошы атрымлівае.
Добрыя грошы “ўбухалі” на ўзвядзенне розных будынкаў і архітэктурных формаў. Толькі адна альтанка абышлася больш чым у 5 тысячаў “зялёных”. Маецца яшчэ, так бы мовіць, і філіял “яхтклуба” на адзіным на Нарачы востраве. Гэта строга запаведная зона. Народ, не падыходзь!..

А вось Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па парусных відах спорту перасялілі ў вёску Гатавічы, у будынак былой школы. Канешне ж ўмовы там ніякія. Спартсмены прыязджаюць сюды летам на 2 месяцы (ліпень і жнівень). Пасяляюць іх у мядзельскай гасцініцы. А потым кожны дзень прывозяць і адвозяць. Абслугоўваючы персанал – начальнік, прыбіральшчыца і 4 вартаўнікі – працуюць круглы год.
Чамусьці ўзнікае заканамернае, але дзіўнае для нашай краіны пытанне: а ці па-гаспадарску гэта ўсё робіцца? І на гэтае пытанне, хутчэй за ўсё, будзе атрыманы адказ: “Не ваша справа!”.