У паселішчах Міншчыны ў 2008 годзе плануецца ўвесці падатак з продажаў тавараў у раздробавым гандлі, на паслугі, за паркоўку, на абнаўленне грамадскага транспарту, а таксама спаганяць грошы за валоданне сабакам.
Абласныя ўлады прыдумалі‑такі магчымасць папаўнення бюджэту за кошт жыхароў Міншчыны. Трэба прызнацца, гэта не ўпершыню: кожнае скліканне абласнога савету дэпутатаў сама перш уводзіла падатак з продажаў у раздробавым гандлі. Стаўкі традыцыйныя і не змяняюцца ўжо трынаццаты год: 5% выручкі ад рэалізацыі тавараў.
Апроч таго, на абласным узроўні мяркуецца ўвесці таксама падатак на паслугі ў памеры 10% выручкі ад рэалізацыі.
Плануецца ўвесці збор з нарыхтоўшчыкаў у памеры 5% падаткавай базы.
Абласны савет дэпутатаў у пошуках «унутраных рэзерваў» збіраецца ўсталяваць зборы за паркоўку (стаянку) транспартных сродкаў у спэцыяльна абсталяваных месцах, за валоданне сабакамі і выкарыстанне іх у прадпрымальніцкай дзейнасці.
Таксама абласныя абранцы народу плануюць увесці мэтавы збор на утрыманне і развіццё інфраструктуры ў памеры 1% ад прыбытку, які застаецца ў распараджэнні прадпрыемства, а таксама мэтавы транспартны збор на абнаўленне і аднаўленне транспарту агульнага карыстання, які выкарыстоўваецца на маршрутах у гарадскіх пасажырскіх, прыгарадных і міжгародніх аўтобусных зносінах (2% ад прыбытку).
Зазірнуўшы ў кашалькі жыхароў Мінскай вобласці, вертыкальшчыкі і дэпутаты папоўняць дзяржаўны скарб на 642,5 мільярдаў рублёў.