|
У Мядзельскі касцёл прызначаны часовы пробашч |
|
|
|
14.02.2008 г. |

На пачатку лютага арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч сваім дэкрэтам прызначыў часовым пробашчам Мядзельскай парафіі Маці Божай Шкаплернай ксяндза Шэметаўскай парафіі Пятра Шарко. А вось айцец Бярнард Радзік з Кабыльніка чамусьці быў вызвалены ад выканання гэтых абавязкаў.
Па нейкіх прычынах не можа атрымаць дазволу на працу ў Беларусі кармеліт з Польшчы айцец Казімір, якога зачакаліся вернікі Мядзельскай парафіі. Але напэўна гэта пытанне так і не будзе вырашана. Бо ў гэтым годзе з Пінскай духоўнай каталіцкай семінарыі выпусцяцца два айцы-кармеліты. Мяркуецца, што адзін з іх узначаліць Мядзельскую парафію.
Нялёгка цяпер ксяндзу Пятру Шарко. Мала таго, што ён галоўны ў Будслаўскім дэканаце, дык яшчэ апякуецца трымя парафіямі – Шэметаўскай, Мядзельскай і Засвірскай. Ксёндз Пётр узяў на сябе абавязкі старшыні касцельнага камітэта з мэтай, каб хоць неяк улагодзіць сітуацыю ў Мядзеле.
А тым часам Мядзельская парафія гудзіць як вулей і поўніцца бруднымі чуткамі. Асобныя групоўкі спрабуюць узяць уладу ў касцёле ў свае рукі. Галоўнае пытанне: чаму не далі дазвол на працу ў Беларусі айцу Раману Новаку? З падачы адной афіцыйнай асобы ў гэтых справах абвінавачваюць самога айца Рамана (за сувязь з БНФ), старшыню касцельнага камітэта Зміцера Вінаградава (за тое што, ён ёсць сябра “злачыннай” Партыі БНФ, а тым больш яшчэ і старшыня Менскай абласной арганізацыі ПБНФ) і актывістку касцельнага камітэта Алу Чаеўскую. А вось іншыя кампетэнтныя органы і службы сцвярджаюць, што галоўная прычына - гэта паклёпніцкія пісьмы вернікаў гэтай жа парафіі на айца Рамана Новака. Дык дзе ж праўда?
Важны момант, што вышэйшае каталіцкае кіраўніцтва так і працягвае маўчаць.
Меркаванняў (0) - Дадаць меркаванне |
|
Апошняе абнаўленне ( 15.02.2008 г. )
|