«Наша Ніва»: Раскажыце троху пра сябе, не так і шмат пра Вас вядома?
Алесь Таўстыка: Я нарадзіўся ў мястэчку Крывічы Мядзельскага раёну. Я з шматдзетнай сям’і. Бацька выпіваў, сямейны цяжар несла маці. Галоўную ролю ў маім выхаванні ў маленстве адыгралі бабуля і дзядуля. У школе быў нават кіраўніком савету атраду піянерскай арганізацыі. У камсамол з першага разу не прынялі за нейкія мае погляды. Памятаю, што яшчэ ў школе пры маім удзеле адбылася невялікая рэвалюцыя, калі пераканалі настаўнікаў, што мы таксама людзі і нельга ламаць указкі на нашых спінах. Вывучаў ангельскую мову для паступлення ў ін’яз, удзельнічаў у школьных алімпіядах па ангельскай мове. Марыў быць перакладчыкам на караблі, бо нехта сказаў, што яны шмат атрымліваюць. Удзельнічаў у рэканструкцыі Крывіцкай царквы. Пасля гэтай працы нешта ў маім жыцці змянілася. Звярнуўся да бабулі, каб яна звадзіла мяне ў царкву. Быў такі святар Пётра Кузьмічоў, які пазней пасябраваў з айцом Аляксандрам Надсанам, ён вельмі паўплываў на мяне. Удзельнічаў у першых крыжовых хадах у Мінску. Потым пайшоў у войска. Давялося панасіць бесказырку на флоце ў Таліне. Даслужваў ужо ў Мінску.
«НН»: Дык пасьля службы Вы пайшлі некуды вучыцца?
АТ: Вырашыў, што вучыцца можна паспець заўсёды, а трэба жаніцца. Знайшоў сабе дзяўчыну, сёлета ўжо пятнаццаць гадоў як мы разам з жонкай. Спачатку Наталля пайшла вучыцца ў наргас, я за яе нават здаваў іспыты па беларускай мове. Пасля ўжо я скончыў завочна Горацкую акадэмію, факультэт эканомікі і кіравання. Там сама, дзе некалі вучыўся Лукашэнка. Ведаеце, некалі мне стукнула ў галаву, каб перамагчы Лукашэнку трэба прайсці ягоную дарогу, таму паступіў менавіта туды. Давялося пачытаць ягоныя курсавыя і дыпломныя работы: «дзесяць трактарыстаў павінны мець у жонках дзесяць даярак, жыць на сваім хутары і працаваць на карысць дзяржавы».
«НН»: А прадпрымальніцтвам калі заняліся?
АТ: Трэба было за нешта жыць. Мне сустрэўся мічман, зь якім я служыў, ён і прапанаваў заняцца «бізнэсам». Адкрываўся стадыён «Лакаматыў», які толькі-толькі пачынаў працаваць. Я набываў на Чэрвеньскім рынку ў алкашоў ржавыя ражковыя ключы, адчышчаў, фарбаваў і перапрадаваў. У той час быў вялізны попыт на інструменты, бо машын тады накуплялі шмат. Хадзілі па розных магазінчыках, шукалі «тармазуху», якую пасля таксама перапрадавалі. Бізнэс, ведаеце, знаходзіць сваё асяроддзе, дзе яго можна хутчэй развіваць.
«НН»: А на сённяшні дзень, што уяўляе Ваш бізнэс?
АТ:Пасьля, як кажуць: «Не ўкладайце ў акцыі рэсурсы, укладаеце іх у адрасы ІР і ІТ». У Беларусь тады толькі пачыналі прыходзіць кампутары. На гэтым пачаў троху зарабляць грошай, будаваўся. Сёння я працягваю займацца кампутарамі, гандлюю ў Ждановічах. Працую адзін. Можна было наняць рабочых, але тады я ўвесь час буду мучацца сумненнямі ці зробяць яны за мяне справу. Прызнаюся, што працаваць цяпер стала цяжэй. Скажам, у 2000 годзе арэнднае месца каштавала 15 даляраў, падаткі былі — 50. Сёння толькі арэнднае месца — 100 даляраў.
«НН»: Галоўнае патрабаванне прадпрымальнікаў — адмена ўказу прэзыдэнта № 760, які не дазваляе дробным гандлярам мець наёмных рабочых. Здаецца, што Вас гэты ўказ не закранае, дык дзеля чаго тады ўвязаліся ў змаганне за правы прадпрымальнікаў?
АТ: Мне часта задаюць гэтае пытанне. Гэты ўказ не закранае мяне сёння, але я не ведаю, што будзе заўтра. Мы патрабуем прыняцця закону аб малым і сярэднім бізнэсе. У мяне не стаіць пытанне, каб разбагацець на мільярд. Дайце мне толькі нармальна працаваць, больш я нічога не хачу. Проста заўтра ці паслязаўтра зачыняць усіх індывідуальных прадпрымальнікаў і нічога з гэтым ужо не паробіш. Трэба дабівацца свайго цяпер. Я не перарэгістраваўся ў ЧУПа, бо не бачу ў гэтым сэнсу. Ад назвы нічога, апроч колькасці падаткаў, не памяняецца.
«НН»: Дык як Вы сталі адным з лідэраў прадпрымальніцкага руху?
АТ: Ня ведаю. Трэба запытаць у крыві. Проста не люблю няпраўду і несправядлівасць. Чыноўнікі не займаюцца эканомікай, а толькі душаць прадпрымальнікаў падаткамі. Пасля нашых першых страйкаў была створаная рабочая група з удзелам чыноўнікаў, дык яны працавалі, як супрацоўнікі КДБ ці следчыя: куды ездзіце? колькі возіце? на якія сумы? Я казаў Туру: «Дайце нам выступіць на тэлебачанні». Адказу ніякага.
«НН»: А сысці з рынку не хочаце?
АТ: Пакуль не. Насамрэч дзякуючы прадпрымальніцтву выявіў у сабе нейкія лідэрскія якасці. Можа, гэта і дзякуючы нейкаму напорству, нават калі стамляесся, то ўшчуваеш сябе, што гультай, што трэба працаваць, бо гэтага патрабуюць людзі. Дзеля такіх людзей я і буду працаваць. Прыйдзе час — можа і сыду з гэтага. Але нават калі я сыду на нейкае прадпрыемства, то і там буду змагацца за правы людзей, такі ўжо ў мяне характар.
«НН»: Ці будзе нейкі плён ад новага страйку прадпрымальнікаў?
АТ: Вынік ужо ёсць. Калі ў Магілёве, Віцебску і іншых гарадах людзі будуць выходзяць і кажуць сваім гарадскім кіраўнікам, што ў прадпрымальнікаў немагчымыя для працы ўмовы, то сэнс будзе, я перакананы.
«НН»: Колькі працэнтаў прадпрымальнікаў ад Новага году не выйшлі на працу?
АТ: Я маю звесткі толькі па Мінску. У Ждановічах з трох тысяч кропак працуе толькі трыста. Гарантавана кажу, што палова з іх нават не з'яўляецца прадпрымальнікамі, напрыклад, гандляры мабільнымі тэлефонамі. У другой палове скажу, што там працуюць не прадпрымальнікі, а наёмныя рабочыя. Дзіва, што падаткавікі не правяраюць гэтыя кропкі. Аўтамабільны і будаўнічы рынкі таксама не працуюць. Алесь Макаеў таксама паведаміў, што не працуе «Паркінг». Хутчэй за ўсё, што працуе толькі «Biggz», дзе ўсе ў цяпле.
«НН»: А калі Вы не даб’ецеся свайго, то 15 студзеня зноў выйдзеце на працу?
АТ: Будзем працаваць з людзьмі, каб данесці да ўсіх інфармацыю, што з 1 лютага зноў пачынаць страйк і не сплачваць падаткаў.
«НН»: Але ці пойдуць на гэта прадпрымальнікі, бо ад гэтага губляюцца вялікія грошы?
АТ: Усе кажуць пра грошы. Не варта на іх так часта акцэнтаваць увагу. Мы губляем не грошы, а сумленне і будучыню. Мы згубім абавязкова нейкія прыбыткі, час, смачную ежу, не набудзем нейкія рэчы, але гэтым мы і не даможамся новага закону. Часта нават чыноўнікі кажуць, што ў аснове эканомікі дзяржавы ляжыць прыватны бізнэс. Калі прадпрымальнікаў увесь час ціснуць падаткамі, то гэта значыць, што кіраўнікі ўсёй гэтай бюракратычнай машыны зусім неадукаваныя людзі. Яны не толькі не ўмеюць кіраваць машынай, але і ў мэханіцы нічога не разумеюць. У такога кіроўцы трэба забіраць правы і адправіць на «вольныя хлябы».
«НН»: Пры агульнай праблеме прадпрымальнікі ўсё адно не з'яўляюцца маналітнай сілай. Чаму?
АТ: Саюз прадпрымальнікаў Беларусі — гэта людзі, якія ніколі не былі дробнымі гандлярамі. У іх буйны бізнэс — фуры зь півам ці нешта яшчэ. Яны кажуць, што ўжо знаходзяцца на іншым узроўні і ня хочуць мець з намі нічога супольнага. Як гэта так? Некалі яны былі з намі, а цяпер ужо — не. Дзіўна. Дасягнуць дамоўленасць з Анатолем Шумчанкам удалося, ён падтрымаў нас.
«НН»: На сваіх мітынгах прадпрымальнікі высоўваюць толькі эканамічныя лозунгі, ці палітычныя таксама?
АТ: Я асабіста лічу, што абавязкова павінны. Ня зьменіцца ўнутраная палітыка краіны, то пра якое разьвіцьцё прадпрымальніцтва можна гаварыць тады?
«НН»: А самі сысці ў палітыку не хочаце?
АТ: На парламенцкіх выбарах я буду дапамагаць Алесю Лагвінцу. У выбарах павінна ўдзельнічаць сапраўдная каманда, а не адзін чалавек. Я гатовы пайсці ў палітыку. Насамрэч палітыцы трэба дзесьці вучыцца. Я вельмі ўдзячны лёсу, што мне даводзіцца вучыцца ў Школе палітычных даследаваньняў пры Радзе Еўропы. Спадзяюся яе скончыць. Трэба шмат чытаць і ведаць, каб ісці ў палітыку. Я б запытаўся ў Віктара Ганчара, як ісці ў палітыку. Запытаўся б у дэпутата Станкевіча, як потым не прадаць краіну [дэпутат у Вярхоўны Савет 12-га склікання ад Мядзельскай акругі, родам з Крывічоў]. Што трэба перш піярыць: законы і ўказы, ці ўсё ж краіну і людзей?
«НН»: Можа і прэзыдэнцкія амбіцыі маеце?
АТ: Раскажу адну гісторыю з жыцця. Мы былі з жонкай у Жыровіцкім манастыры. Тады яшчэ жыў айцец Мітрафан, гэта сьвятар, які прадказваў людзям іхныя лёсы, да яго шмат звярталіся па дапамогу. Мая жонка Наталля запыталася ў айца Мітрафана, а што мне з мужа рабіць? Святар сказаў, што нічога не трэба: «Ён ведае, што робіць». Я ведаю, што мне ніхто ня зможа перашкодзіць. Я не хачу быць прэзідэнтам, я хачу, каб людзям проста добра жылося. Прэзідэнцкія амбіцыі? Пабачым, я нічога не хачу загадваць наперад.
Гутарыў Зміцер Панкавец,
фота Андрэя Лянкевіча,
"Наша Ніва"