Абноўлена Стала вядома, што ў вёсцы Канстанцінава Свірскага сельсавета (Будслаўскі дэканат - парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі) ў ноч з 25 на 26 красавіка былі скрадзены 4 абразы з мясцовага касцёла. Відаць, прычынай такога здарэння стала адсутнасць ахоўнай сігналізацыі ў храме. Між іншым, у астатніх касцёлах Мядзельшчыны, прынамсі ў Мядзельскім і Будслаўскім касцёлах, ахоўная сігналізацыя ўсталявана.
Застаецца спадзявацца, што пасля высвятлення абставінаў злачынства і ў Канстанцінаўскім касцёле будзе ўсталявана ахоўная сігналізацыя.
Паводле "Рэгіянальнай газеты":
Начальнік папярэдняга расследавання Мядзельскага райаддзела міліцыі Алена Чамко расказала ў інтэрв’ю “РГ”: “З касцёла вынеслі ікону Маткі Боскай Вострабрамскай, ікону Святога Юзафа, ікону Святога Юрыя і ікону Боскай Міласэрнасці. Памер шкоды пакуль не падлічылі, але ён адназначна большы за 10 базавых велічынь (310 тысяч рублёў). Дакладны кошт скрадзеных абразоў мядзельскаму святару дапамагае падлічваць ксёндз са сталіцы”.
Злачынства Алена Чамко назвала дзёрзкім і прафесійным. Касцёл абнесены каменнай агароджай, побач – дом ксяндза. Можна меркаваць, што зламыснік пералез праз агароджу з тыльнага боку, з боку поля і лесу. Адтуліна ў перапілаванай рашотцы ў выглядзе ромба. Праз акно злодзей трапіў у памяшканне, што за алтаром, пасля перапілаваў замок у асноўнае памяшканне касцёла, адкуль і вынес іконы.
“Намер злачынцы быў накіраваны менавіта на крадзеж ікон, – кажа Алена Чамко, – ні крыжы, ні пазалочаныя чашы, ні сейф з грашыма не кранутыя. Iкона Маці Боскай, што вісела на іканастасе, па памерах не прайшла ў аконны праём, таму і засталася на месцы”. Па словах начальніка папярэдняга расследавання, днём доступ у касцёл не быў абмежаваны. Ксёндз праводзіў экскурсіі, дазваляў фатаграфаваць.
Сведкаў злачынства міліцыя не ўстанавіла. Адзінае, што чулі людзі ў суседніх дамах – брэх сабак каля дзвюх гадзін ночы. Побач з месцам здарэння супрацоўнікі міліцыі знайшлі адбіткі слядоў абутку і пратэктара неўстаноўленага пакуль транспартнага сродку. Iх адправілі ў Мінск у следатэку. Узбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу. Вядзецца следства. Меркаванняў (0) - Дадаць меркаванне |