|
У мінулую суботу ў канферэнц-залі Мядзельскага райвыканкама адбыўся злёт перадавікоў галін народнай гаспадаркі нашага раёна. Мерапрыемства прайшло ў настальгічных, вельмі мілых нашаму чалавеку, традыцыях савецкага часу.
Ушаноўвалі і хвалілі, хвалілі і ўшаноўвалі. Асаблівага гонару, “ад ўсёй душы”, ўдастоіліся прызначаныя пад час выбарчых фарсаў праўладныя дэпутаты : Віктар Пятровіч Анікеенка (дэпутат “палаткі”), Таіса Іванаўна Данілевіч, Святлана Фёдараўна Мінчук, Андрэй Іосіфавіч Малько і іншыя. А тым не менш, народ Мядзельшчыны так і не ведае канкрэтных вынікаў так званых мясцовых выбараў. Чамусьці хаваем лічбы, братцы!
Так званы, абласны дэпутат, Таіса Данілевіч ўручыла ўзнагароды ад імя старшыні аблвыканкама Мікалая Дамашкевіча лепшым работнікам раёна. Сярод іх, канешне ж, галоўны ўрач Генадзь Русак (так і не замяніў “старажытнае” абсталяванне ў зубапратэзным кабінеце), былы старшыня Нарацкага сельсавета Андрэй Малько (так і не адрамантаваў дарогі ў вёсцы Нарач, асабліва на тэрыторыі штопятнічнага кірмаша), дырэктар УП “Ілаўскае” Андрэй Януковіч (выдатна забяспячвае людцаў танным вінным “чарнілам”, а вось сокаў у тэтрапосудзе так і няма), дырэктар Мядзельскай гімназіі №1 Вячаслаў Клімовіч (у гэтай навучальнай установе нашых дзетак паспяхова вучаць толькі па-расейску на традыцыях Пятра І і Міхаіла Ламаносава).
На злёце вызначыны лепшыя калгасы (прабачце, так званыя сельгасвытворчыя кааператывы), лепшыя аператары машыннага даення, лепшыя прамысловыя прадпрыемствы, лепшыя сельсаветы і г.д. І што цікава, цяпер нейкім чынам вызначаецца і якасць ідэалагічнай работы. У гэтай справе пераможца за мінулы год -калектыў дарожнікаў ДРБУ-133.
У спаборніцтве з калгасамі значную моц уяўляюць прыватныя гаспадаркі. Так вось, Л.Скрыпко з вёскі Ляшчынск, здаў са свайго падворка амаль 24 тоны высокаякаснага малака. А такіх гаспадароў у раёне нямала. Вось яна, аснова фермерства!
У намінацыі “Лепшая вёска” перамаглі Буйкі Сырмежскага сельсавета.
Па выніках злёту, у хуткім часе, насупраць раённага ўнівермага, паўстане чарговая “брацкая” дошка Гонару з фатаграфіямі лепшых па прафесіі за 2006 год. Меркаванняў (0) - Дадаць меркаванне |