|
Святкаванне 90-й гадавіны Беларускай міліцыі распачалося ў Мядзеле ў другой палове дня 2 сакавіка з урачыстага сходу ў Раённым Доме Культуры. Сцэнар свята звычайны, савецкі.
У прэзідыуме начальнік РАУС Васіль Малікаў, старшыня райвыканкама Аляксандр Даніленка, старшыня райсавета ветэранаў Узброеных Сіл Міхаіл Гардон. Гучыць гімн. Даклад начальніка РАУС. Потым слова даюць кожнаму з прэзідыума. Што цікава, Міхаіл Гардон, у сваім выступе згадаў і Беларускую Краёвую Абарону, у сэнсе, што міліцыя мядзельская змагалася з гэтым фарміраваннем пасля вайны. Але ці вядома шаноўнаму Міхаілу Гершэнавічу, што колькі дзён таму, менавіта 23 лютага, чарговая гадавіна ўтварэння Краёвай Абароны. А вось з Савецкай Арміяй гэты дзень гістарычна ніяк не звязаны. Вось такая горкая праўда! Сама ж мядзельская міліцыя нарадзілася ў 1940 годзе, пасля ўваходу Заходняй Беларусі ў СССР.
Выступоўцаў прызначаных было шмат. І добрых слоў багата. Але па старой савецкай завядзёнцы ўсё толькі па-расейску. І толькі ветэран Мікалай Лашук на добрай сакавітай беларускай мове, з гумарам, павіншаваў міліцыянераў.
І ніхто не ўспомніў зніклага міністра Юрыя Захаранку. А гэта так было б дарэчы. Гэтая тэма для беларускай міліцыі з разраду забароненых.
Самая прыемная частка сходу – узнагароджанне асабовага складу міліцыі. Уручылі граматы, грашовыя прэміі, камусьці знялі раней накладзенае спагнанне.
Ушанавалі ветэранаў. Кожнаму з ветэранаў уручылі наручныя гадзіннікі “Электроніка” вытворчасці пінскага завода “Камертон” (філіял “Інтэграла”). Гадзіннікі дасталіся і кожнаму з гасцей у прэзідыўме. А вось ветэран міліцыі, афганец, Леанід Макарэвіч удастоіўся юбілейнага медаля “90 год Беларускай міліцыі”.
Пасля сходу, артысты раённага аддзела культуры зладзілі святочны канцэрт. На вялікі жаль, ізноў толькі па- расейску.
Святкаванне Дня Беларускай міліцыі ў Мядзеле, ды і не толькі, на вялікі жаль пакідае ў душы жахлівую трывогу за лёс нашай Бацькаўшчыны. Як далёка нам яшчэ да Беларусі! Меркаванняў (1) - Дадаць меркаванне |