Партыі БНФ і ўсяму дэмакратычнаму руху Беларусі не патрэбна рэклама. Прынамсі на Мядзельшчыне. Бо з задачай інфармавання пра дзейнасць беларускай апазіцыі, яе акцыі добра спраўляюцца Мядзельскія вертыкальшчыкі і райвыканкамаўскае выданне "Нарачанская зара". Шмат хто з жыхароў рэгіёна адчуў праявы такой рэкламнай дзейнасці. На працягу апошніх месяцаў "Нарачанская зара" друкавала інфармацыйныя артыкулы пра дзейнасць дэмакратаў Беларусі. Найбольш яркі прыклад гэтага - артыкул "Чаму я не люблю 16 чысло" якогасьці спрадара Цітова. На першы погляд можа падацца, што гэта чарговая пісанка лукашыста пра дрэнную, прадажную беларускую апазіцыю. Не, і яшчэ раз не! То няйначай як артыкул тайнага прыхільніка дэмакратыі. Чаму? Рэч у тым, што гэты артыкул вельмі добра расказаў пра акцыю 16 чысла кожнага месяца, пра яе сутнасць. Так, пасля прачытання гэтага артыкула шматлікія жыхары нарэшце даведаліся, што ёсць такая традыцыя ў беларускай апазіцыі - паліць свечкі. Акрамя гэтага, шмат якія жыхары ўсё ж зразумелі сутнасць гэтай акцыі. І паверце, эфект ад гэтага артыкула куды больш моцны, чымсі эфект ад распаўсюду апазіцыйнай друкаванай прадукцыі. Пацверджана досведам.
А вось гэтымі днямі стала вядома, што актывізавалі сваю дзейнасць на ніве рэкламы дэмакратычнага руху Беларусі адміністрацыі навучальных устаноў раёна. Перадавік у гэтай справе - СШ №2 г.Мядзела. У гэтай цудоўнай навучальнай установе класныя кіраўнікі, завучы і сам дырэктар перыядычна праводзяць тлумачальную работу сярод вучняў. Ёсць інфармацыя, што ў гэтай школе класныя кіраўнікі вядуць размовы са старэйшакласнікамі на тэму дзейнасці партыі БНФ і іншых прадажных апазіцыянераў у раёне. Словы класных кіраўнікоў гучаць прыкладна такім чынам: "В Мядельском районе актвизировала свою деятельность БНФ. Но вы, дорогие дети, должны понимать, что вам ещё предстоит поступление в ВУЗ, поэтому не ввязывайтесь во всякую сомнительную деятельность продажной оппозиции. Подумайте про свою судьбу". Ну, найперш сябры партыі БНФ мусяць падзякаваць за камплімент - аказваецца партыя БНФ "актывізавала сваю дзейнасць". Гэта заўважна і не можа не радаваць актывістаў дэмакратычнага руху Мядзельшчыны. Увогуле, такіх класных кіраўнікоў можна назвать тайнымі прыхільнікамі партыі БНФ. Не інакш, бо сэнс выказвання - партыя БНФ актывізавала сваю дзейнасць, таму, калі вы з ёй супрацоўнічаеце ці будзеце супрацоўнічаць, будзьце акуратнымі, вы павінны разумець, што рэжым Лукашэнкі надта не любіць іншадумцаў. Што яшчэ цікава, у настаўнікаў, дырэктара 2-ой школы нервовая рэакцыя на любыя спалучэнні белага і чырвонага колеру: ім усюды, дзе бачаць гэтыя колеры, мрояцца бел-чырвона-белы сцяг ці надпіс чырвонымі літарамі на белым фоне "Жыве Беларусь!", "За Свабоду!". Што ж, можна адзначыць - такая неадэкватная рэакцыя на спалучэнне белага і чырвонага колера назіраецца толькі ў самых заядлых "бээнэфаўцаў". Гэта ім усюды мроіцца бел-чырвона-белы сцяг. Так што, робім яшчэ адзін вывад на карысць таго, што адміністрацыі школ раёна - тайныя прыхільнікі партыі БНФ і ўсяго дэмакратычнага руху Беларусі...
Прыйдзе час, і ў новай дэмакратычнай Беларусі ўзнагароды знойдуць сваіх герояў. Падаецца, што будзе выпушчаны нават спецыяльны ордэн "За спачуванне апазіцыі ў гады дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі". І такія ўзнагароды буду ўручацца ўсім тым, хто займаў адказныя "вертыкальныя" пасады за часамі рэжыму Аляксандра Рыгоравіча і пры гэтым вёў падпольную, схаваную агітацыю за дэмакратычныя каштоўнасці, вёў тайную барацьбу за вольную Беларусь.
За Свабоду! За Беларусь! Количество комментариев (3) - Ваш комментарий |