За Свабоду!
Паазер'е
Галоўная arrow Гісторыя arrow Рэлігія + arrow Шэметаўскі касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі
Шэметаўскі касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі Версія для друку Адправіць на E-mail
21.02.2007 г.
Абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі«Сярод бараў, што распасцерліся ад самага возера Свір, ляжыць Шэметаўшчына - маёнтак, заснаваны (...) шмат стагоддзяў назад старажытным літоўскім родам Шэметаў, які з цягам часу пераходзіўва ўласнасць да розных тутэйшых знатных жыхароў» (Wуbor pism Ignacego Chodźki. Obrazy Litewskie. Wydanie nowe z portretem autora. Wilno 1903, s.588). Мясцовасць, якая носіць назву Шэметава, раскінулася ад возера Свір да возера Нарач на тэрыторыі цяперашняга Мядзельскага раёна Мінскай вобласці Рэспублікі Беларусь.
Шэметаўская парафія, якая адносілася раней да Свірскага дэканату Віленскай архідыяцэзіі, ад 13 красавіка 1991 г. адносіцца да Будслаўскага дэканату Мінска-Магілёускай архідыяцэзіі, на поўначы мяжуе з кабыльніцкаю парафіяй (Нарач), на поўдні - з вішнеўскаю, на захадзе - са свірскаю і на ўсходзе - з мядзельскаю.
З розных інфармацыйных крыніцаў вядома, што назва Шэметава паходзіць ад прозвішча старажытнага роду Шэметаў (герб Лебедзь), якія калісьці былі ўладарамі гэтых мясцінаў. За час свайго існавання ўладарамі Шэметаўшчыны былі прадстаўнікі славутых родаў Боскі, Швыкоўскіх, Страбоўскіх, Пшэздзецкіх, Дэспатаў-Зяновічаў, Сулістроўскіх, Скірмунтаў. Апошнім уладаром Шэметаўшчыны быў Баляслаў Скірмунт.
1 ліпеня 1697 г. уладар Шэметаўшчыны Крыштаф Дэспат-Зяновіч вырашыў запрасіць у свой маёнтак манахаў кармелітаў.
У маёнтку Шэметаўшчына спачатку была драўляная капліца, пабудаваная ў 1714 г. Крыштафам Дэспатам-Зяновічам. Казімір Сулістроўскі, губернатар Mінскі, перарабіў гэтую капліцу ў фамільны склеп, адначасова распачаў будаўніцтва касцёла ў Шэметаве. Вядома, што раней на плошчы ў мястэчку пры дарозе, што ідзе ў напрамку Кабыльнікаў, стаяў драўляны касцёл. Верагодна, менавіта Казімір Сулістроўскі ў 1816 г. пабудаваў мураваную фамільную капліцу на месцы драўлянай. 11 мая 1828 г. ксёндз Андрэй Сянкевіч, свірскі пробашч, асвяціў яе пад тытулам Св.Казіміра. А будаўніцтва драўлянага касцёла ў мястэчку Шэметава было закончана яшчэ ў 1810 г. У тым жа годзе ксёндз Антоні Багенскі, завілейскі дзекан і свірскі пробашч, асвяціў яго пад тытулам Унебаўшэсця Пана, і ўжо ў 1813 г. тут існавала парафія. У гістарычным архіве ў Вільні захоўваюцца выпіскі з метрык аб хросце і аб пахаванні з архіву былога парафіяльнага касцёла ў Шэметаве (ад 1804, 1805, 1812, 1814, 1815 і 1818 гг.), зацверджаныя свірскім дзеканам ксяндзом Андрэем Сянкевічам. З гэтага вынікае, што парафія ў Шэметаве была заснавана ранней 1813 года. З гэтых дакументаў можна, між іншым, даведацца прозвішчы айцоў кармелітаў, якія працавалі ў той час у касцёле: а. Геранім Юркевіч, а. Габрыэль Яхімовіч, а. Казімір Каякоўскі, а. Андрыян Барташэвіч, а. Ігнат Гедройць, а. Яўстафій Пацэвіч, а. Амброзій Варановіч, а. Лукаш Далінока, а. Дамінік Кімяроўскі, а. Андрэй Краўчынскі. Першым пробашчам гэтай парафіі, прызначаным у 1813 г., стаў кармеліт Андрыян Барташэвіч, апошнім - айцец кармеліт Амброзій Пражмоўскі, які працаваў тут да 1832 г., калі царскі ўрад разам з касцёлам у Шэметаве ліквідаваў кармеліцкую сядзібу, а таксама кляштар у Засвіры. Паводле некаторых звесткаў касцёл быў разабраны ў 1863 г.
Шэметаўская парафія была адноўлена толькі ў 1904 г. У 1902 г. Баляслаў Скірмунт, тагачасны ўладар Шэметаўшчыны, значна павялічыў каменную капліцу пры маёнтку, пабудаваную ў 1816 г. Казімірам Сулістроўскім на фамільным склепе, і перарабіў яе ў касцёл. Былі дабудаваны дзве бочныя навы і падоўжана цэнтральная нава, дзе знаходзіцца цяпер прэзбітэрыўм і галоўны алтар, а за алтаром - сакрыстыя.
Касцёл быў кансэкраваны 30 ліпеня 1904 г. віленскім біскупам Эдвардам Ропам. У тым жа годзе былі пабудаваны плябанія і мураваны дом для касцёльнай прыслугі.
Пабудаваны касцёл крыжападобны ў плане. У галоўным алтары змешчаны абраз Маці Божай Вастрабрамскай і над ім - абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі (ён з'яўляецца дакладнай копіяй цудатворнага абраза з касцёла св. Альфонса ў Рыме. Ксёндз пралат Казімір Скірмунт, брат Баляслава, які жыў у Рыме, даслаў гэты абраз як дар менавіта для касцёла Mаці Божай Нястомнай Дапамогі ў Шэметаве).
Касцёл упрыгожваюць 8 вітражных вокнаў з выявамі розных святых. На адным з вітражоў, з левага боку, знаходзіцца выява св. Казіміра. На хорах вітражнае акно ў форме паўкруга з манаграмаю Найсвяцейшай Панны Марыі, - на жаль, не захавалася.
На сцяне з правага боку змешчаны дзве памятныя дошкі: Юзэфе Скірмунт (з роду Хамінскіх), якая памерла ў 1899 г. і пахавана ў падзямеллі касцёла ўСвіры; Mарыі Скірмунт (з роду Tвардоўскіх), якая памерла ў 1907 г. і пахавана ў Пінску.
Па левым баку касцёла на сцяне таксама знаходзяцца дзве памятныя дошкі: адна з імёнамі Габрыэлі Скірмунт з роду Умястоўскіх, якая памерла ў1922 г. у Шэметаўшчыне, ксяндза пралата Казіміра Скірмунта, які памёр у 1931 г. у Рыме, і падхарунжага Канстанціна Скірмунта, які загінуў у 1920 г. у бітве пад Быстрьщаю. На другой дошцы змешчаны імёны Антаніны Сулістроўскай з роду Аскерскіх, Казіміра Сулістроўскага, Канстанціна і Казіміра Скірмунтаў. У касцёльнай крыпце спачываюць памерлыя са знакамітых родаў Сулістроўскіх і Скірмунтаў. На хорах касцёла знаходзіцца арган на 9 галасоў. Амбона ў святыні пазалочаная, падобная да амбоны, якая знаходзіцца ў віленскай катэдры (паводле легенды належала Пятру Скарзе).
Шэметаўскі касцёл пабудаваны на ўзгорку на правым беразе ракі. На левым беразе, таксама на ўзгорку, яшчэ перад другой сусветнай вайной стаяў прыгожы палац, па абодвух баках якога змяшчаліся два тыповыя флігелі. Да касцёла вядуць 29 каменных прыступак, а ўнізе ляжаць два вялікія круглыя млынавыя камяні. Каля святыні ўзведзена драўляная званіца з двума званамі. Большы з іх важыць 885 кг. Трэці звон замацаваны на касцёльным даху з боку сакрыстыі і важыць 12 кг.
На знешняй сцяне касцёла змешчана дошка з надпісам, у якім паведамляецца, што гэты касцёл належыць да помнікаў архітэктуры ХVIIІ ст.
Пасля аднаўлення парафіі ў Шэметаве ў 1904 г. душпастырскую паслугу тут спаўняў вікарый свірскага касцёла кс. Юзаф Равінскі. З 1909 г. у касцёле ў Шэметаве выконвалі пастырскае служэнне: кс. Эдвард Мікалаюн (1909-1914гг.), кс. Уладзіслаў Курпіс (1914 - 1918гг.), кс. ЭдмундМілкоўскі (1918 - 1922 гг.), кс. Юзаф Уладзіслаў Сарасек (1922 - 1927 гг.), кс. Сцяпан Раманоўскі (1927 -1944гг.), кс. Станіслаў Кучынскі (1944 - 1914 гг.), кс. Войцех Леманьскі (1990 - 1997 гг., даязджаў са Свіра), кс. Багуслаў Маджэеўскі (1997 - 2003 гг., даязджаў са Свіра), кс. Пётр Шарко (з 2003г.).
Касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі належыць да помнікаў архітэктуры ХVIII - ХХ стст. 8 чэрвеня 1942 г. на душпастырскую працу ў шэметаўскую парафію быў скіраваны на пасаду вікарыя ксёндз Станіслаў Кучынскі. Пробашчам у Шэметаве быў тады кс. Сцяпан Раманоўскі. Пасля смерці кс. Сцяпана Раманоўскага пробашчам стаў кс. Станіслаў Кучынскі.
У 1947 - 1948 гг. коштам вялікіх намаганняў і працы пробашча, дзякуючы ахвяраванням вернікаў была адбудавана плябанія (спалена ў 1944 г). На жаль, у 1960 г. мясцовыя ўлады беспадстаўна і беззаконна забралі ўласнасць парафіянаў. У 1990-я гады мінулага стагоддзя плябанію вярнулі законным уладальнікам.
Паводле матэрыялаў, сабраных Канстанцінам Іватовічам,
апрацавала Барбара Аршэўская
Апошняе абнаўленне ( 21.02.2007 г. )
 
« Папярэд.
      Наведванняў: 5903054





Новае на партале
Advertisement


Бясплатны хостынг

Internet Map