
У XV-XVI стагоддзях уладальнікамі мястэчка Свір з’яўляліся князі Свірскія. Ян Свірскі і пабудаваў драўляны касцёл у 1452 годзе, які праіснаваў два стагоддзі. Праўда, у 1570 годзе князі Свірскія перайшлі ў кальвінізм, касцёл часова зачынілі. Але ў хуткім часе дзяржаўныя колы Рэчы Паспалітай пачалі праводзіць палітыку контррэфармацыі, кальвінізм страціў уплыў, і ў 1598 годзе прадстаўнік ордэна іезуітаў Карызна прыбыў у Свір аднаўляць дзейнасць храма.
У 1653 годзе ксёндз-канонік Кашпар Ясінскі пры дапамозе ашмянскага харунжага пачаў будаваць новы мураваны касцёл св.Мікалая. Закончылася будаўніцтва ў 1671 годзе. На вежы храма будаўнікі пакінулі надпіс на лацінскай мове. Узгадваюцца ў ім прозвішчы Тышкевіча, князя Свірскага, уплывовых магнатаў Завішы, Сапегі. Побач змешчана выява невядомага герба, на якім адлюстраваны лебедзь і таямнічыя літары.
Князі Свірскія доўгі час апекаваліся над касцёлам, але дзесьці напачатку XIX стагоддзя гэты род згас. Няпэўныя звесткі пра апошняга князя прыведзены ў трэцім томе выдання “Маляўнічая Расія” (1882): “Здаецца, апошні ў родзе князёў Свірскіх памёр у нястачы год 30 таму. І да апошняга дня ён свята захоўваў свае граматы і прывілеі”.
У 1909 годзе ксёндз Казімеж Валюнас на сродкі ўладальніка Дабраўлян пана Зыгмунда Хамінскага і на ахвяраванні парафіян пачаў будаваць новы гмах, Свірскі касцёл набыў сучасны выгляд.
За польскім часам храм адыгрываў ролю духоўнага цэнтра ўсяго краю. Шырокую вядомасць набыў ксёндз Юры Жамойць, які напісаў кнігу “Свір і касцёл Свірскі”. Акрамя багатага фактычнага матэрыялу, у кнізе пададзены цудоўныя фотаздымкі храма, яго ўнутранага інтэр’еру. Кніга зараз ашчадна захоўваецца ў сем’ях многіх парафіян. Згодна ёй, у 1930 годзе ў мястэчку Свір пражывалі 2005 чалавек. Асноўную масу складалі яўрэі (985) і каталікі (816). Налічвалася 175 старавераў, 15 праваслаўных, 11 мусульман.
Пасля II сусветнай вайны касцёл працягваў дзейнічаць да пачатку 60-х гадоў, пакуль не памёр дэкан Казімір Шылэйка. Потым храм быў зачынены, разабраны вельмі дарагі арган. Людзі расказваюць, што чалавек, які скідваў з храма крыжы, праз непрацяглы час патануў у рэчцы. Дайшло да таго, што з пачатку 80-х гадоў у святыні месціўся філіял Смаргонскага завода аптычнага станкабудавання. Але, нарэшце, са змяненнем у адносінах дзяржавы да рэлігіі, вернікі дабіліся вяртання касцёла, і 22 ліпеня 1990 адбылася ўрачыстасць пасвячэння. Храм зноўку нясе наўкола святло веры.
Вадзім Прэўрацкі
Запісаў Алесь Высоцкі