За Свабоду!
Паазер'е
Home arrow They write arrow Андрэй Скурко і Андрэй Дынько "Святая Мядзельшчына" (з кнігі "Беларусь за 10 падарожжаў")
Андрэй Скурко і Андрэй Дынько "Святая Мядзельшчына" (з кнігі "Беларусь за 10 падарожжаў") Print E-mail
Monday, 19 February 2007
Тут зьявілася людзям апякунка Беларусі, тут нарадзіўся забойца першага беларускага караля, тут самае вялікае беларускае возера, а за пяцьсот гадоў тут можа ўтварыцца найвышэйшая ў краіне гара...
Глядзець Мядзельшчыну найлепш у ершых днях ліпеня, пачынаючы не зь перанаселеных курортных азёраў, а з процілеглага, ляснога й балацянога кутка. З Будслава. Штогод дзясяткі тысяч вернікаў зьбіраюцца туды на фэст, каб ушанаваць Маці Божую Будслаўскую, апякунку Беларусі. Само мястэчка глядзіцца аправай для гіганцкае базылікі. Яе відаць з горак кілямэтраў за пятнаццаць. Ня дзіва, што ў вайну ў Будславе быў аэрадром - дужа ж добры арыенцір. Раз на год, з 1 на 2 ліпеня, касьцёл ажывае, напаўняецца тысячамі вернікаў, гукамі ўрачыстых сьпеваў.
...Прывітаньне ад Маці Божай Браслаўскай Маці Божай Будслаўскай! - крычыць у мікрафон ксёндз-дыск-жакей, ідэнтыфікаваўшы чарговую гурму пілігрымаў. Бел-чырвона-белыя сьцягі, перавязкі, харугвы над віцебскімі вандроўнікамі. Хлопцы вітаюцца між сабою па-афраамэрыканску - поціcкам рук, пасьля плясканьнем далоні ў далонь, пасьля локаць за локаць і нарэшце абдымкамі.
Пілігрымы зьбіраюцца сюды з усёй Беларусі, з Польшчы, Літвы, Раcеі, Латвіі. У групах паломнікаў пераважаюць школьнікі й студэнты ад 10 да 25 гадоў. Найбольшая калёна традыцыйна ідзе зь Віцебшчыны - сёлета ў ёй было 1500 чалавек. Зь Менску пешшу адолелі шлях 450 чалавек. Дарога заняла ім пяць дзён.
Апошнія мэтры шляху да абраза, праз саму базыліку, упрыгожаную гіганцкімі гірляндамі з дубовага ліcьця, пілігрымы прапаўзаюць на каленях. А для мясцовых людзей гэтая малая пакута - заменьнік пілігрымкі. На фінішы кладуць ахвяру - грошы, хто колькі можа. Пасьля можна ўстаць і, абышоўшы алтар з іконай, выйсьці навуліцу праз стары касьцёл. Гэта стары касьцёл - невялічкі храм, збудаваны алтаром на ўсход. Сьціплы - чорнае дрэва алтара ды белыя сьцены - ён больш намолены за касьцёл вялікі, у стылі раскошнага барока.

Гара веры

Традыцыйна пілігрымы нясуць з сабой у дарогу камень, які сымбалізуе груз граху. Сёлета сталічная парафія Сьвятых Сымона і Алены выступіла з ініцыятывай, каб з наступнага году кожны пілігрым замест каменя нёс мяшэчак роднай зямлі. Мясцовыя ўлады ідуць насустрач: за Сэрваччу насупраць базылікі вылучанае месца, дзе тую зямлю будуць ссыпаць у адзін курган. «Да тысячагодзьдзя базылікі, з адраджэньнем веры тут паўстане самая высокая гара Беларусі», - напаўжартам-напаўсур'ёз кажа пробашч менскай парафіі Сьвятых Сымона і Алены Ўладзіcлаў Завальнюк.
Менчукі задумалі і яшчэ адну сымбалічную акцыю. Будслаў быў падараваны бэрнардзінам у 1504 годзе. Галоўнай крыніцай прыбытку першых слугаў Хрыстовых тутака быў сплаў лесу. Першыя плыты да Вільні пайшлі па Сэрвачы і Вяльлі у 1507 годзе. Мяркуецца, што шляхам манахаў плытагонаў налета зь Вільні ўздымецца міжнародная водная пілігрымка на чаўнах і байдах. Цяпер жа галоўны від транспарту - аўтамабільны. Адных аўтобусаў у Буду зьяжджаецца паўтары сотні, аўтамабілі ж займаюць прасторныя выганы на ўездах у мястэчка і суседнія вёскі. Дзяцей асабліва цешаць пілігрымы на ўпрыгожаных cінімі і жоўтымі агеньчыкамі – колераў касьцёлу - магутных матацыклах.
Пілігрымы йдуць і йдуць праз напаўпустыя пэнсійныя вёскі. Дзесьці ўзбоч шашы застаюцца гіганцкія асушаныя тарфянікі, якія мясцовыя калгасы з апошніх сілаў апрацоўваюць, зьбіраючы небывалы ўраджай сіламі бюджэтнікаў. А дзе-нідзе падлесак узьнімаецца на колішніх палетках. Мясцовасьць пусьцее. Пэўна, тут было болей людзей у часы, калі ва ўcіх гэтых Наўрах, Ня¬верах і Наўранях жылі нэўры, што не баяліcя пярэчыць магутным скіфам і раз на год, калі верыць Герадоту, ператвараліcя ў ваўкоў. Ваўкі, дарэчы, зноў зьявіліcя ў вакольных лясох.

Каталіцтва ў брылі

Калёны паломнікаў аздабляе і бел-чырвона-белая атрыбутыка, а моладзь як адзін носіцьзначкі «За Свабоду» і «16»
«Наc дзесяць чалавек, мы ішлі сюды з Жодзіна пад бел-чырвона-белым сьцяга», - расказвае лідэр жодзінскае моладзі Павал Краcоўcкі. Спалены сонцам, ён не хавае радасьці. Напярэдадні пілігрымкі спынілі палітычна матываваную крымінальную справу, якую яму спрабавалі прышьщь перад выбарамі.
З ганку прыватнай крамы аглядае калёны пілігрымаў гаспадар. Сур'ёзны лысы дзядзька, піянэр новай сельскай буржуазіі, з таго роду Станкевічаў, які даў дэпутата ў Вярхоўны Савет 12-га скліканьня, аднаўляльнік незалежнасьці.
На пачатку намётавага стану, што ў школьным двары, сустракаем Зьмітра М., студэнта і кур'ера «Нашай Нівы». Ён пераадзявае зрэбную вышываную кашулю на сьвяточную, бялюткую. Намёты разьбітыя на ўcіх канцах мястэчка. Да палявых кухань, дзе раздаюць гарачую макарону ды чай, цягнецца чарга з палуміcкамі, ксёндз заклікае прапусьціць наперад манашак і моліцца за абед, сёстры гуляюць у футбол зь дзесяцігадовымі пілігрымамі, дзяўчо за сеткаю палаткі вышчыпвае бровы, каб быць прыгожай на фэсьце. На грушы віcяць белыя - парадныя дамініканскія ўбраньні.
Вясёлыя ксяндзы ў саламяных брылях лётаюць між cваімі парафіянамі. Выдатны вобраз касьцёлу, які беларусізаваўся. Шкада, няма па¬куль біскупаў, якія б хадзілі ў такія пілігрымкі разам з cваімі парафіянамі.
«Было асабліва прыемна апошнія два дні, у Заходняй Беларусі, дзе гаспадары частуюць пілігрымаў і прымаюць на начлег. Нават лазьню намзрабілі», - распавядае афрабеларус з гітарай каля аднаго з намётаў. Яго завуць Андрэй Такінданг. Ён студэнт унівэрсытэту культуры і ходзіць сюды ўжо пяты год. І другі год зь ім крочыць ягоная маці, што адмыслова бярэ для гэтага адпачынак на працы.

Культ шашлыкоў

Ахоўнікаў парадку ў Будславе няшмат. Дый яны й не патрэбныя. У мястэчку пануе ціша і зычлівасьць. Патэнцыйныя правапарушальнікі занятыя півам і гіганцкімі шашлыкамі, якія масава прапануе мясцовая спажьўкаапэрацыя, разам зь неймаверным выбарам сокаў - журавінавы, брусьнічны, чарнічны, сунічны, бярозавы, такія, якіх у эўрапейскіх супэрмаркетах ня знойдзеш. Дык міліцыя, пакуль сьветла, ганяе саматужных вытворцаў смактулек-пеўнічкаў і ляндрынак - за гандаль безь ліцэнзій і санкніжак. Але пасьля дзясятай вечара цукерачнікаў робіцца так многа, што яны перастаюць баяцца міліцыянтаў. Змрок агортвае плошчу, робячы «непарадкі» нябачнымі для начальства, таму яны перастаюць трывожьщь і міліцыю.
На лужку між Базылікай і Сэрваччу расстаўленыя спавядальні. Па баках кожнай зь іх рашотачкі - такія, як раней клалі ў ракавіны. Каля кожнай даўжэзныя хвасты каяльнікаў. У базыліцы ўдзень фэсту побач з манахам-францішканцам сядзіць хлопец у штанах «Адыдас» і красоўках на босу нагу і запіcвае на ўзгадкі спачынныя і заздароўныя. Дзеці просяць шарыкаў-зайчыкаў і ліманаду. Аўтобусы МАЗы ўсё пад'яжджаюць, легкавікі рухаюцца з трох кірункаў, даішнікі разьмяркоўваюць іх па паркінгах. Над палявым алтаром – партрэт Яна Паўла II, намаляваны, хіба што, рукою мясцовага мастака з надпіcам: «Увесь твой, Марыя». З дынамікаў нясецца папса (з музычнага пункту гледжаньня, трэба прызнаць... усялякая). «І адрадзі, краіну, Іcуc, тваю Беларусь», пяе каталіцкая поп-сьпявачка. Але тое, што фэст мае крыху ад карна¬валу - гэта міла. Рэдкае на наш час жывое сьвята.

Лазаходзтва з мабільнікам

Побач зь ляндрынкамі прадаюць кніжкі. Выдавецтва «Рrо Christo» выставіла ў Будславе ажно тры шапікі з кнігамі, часопіcамі й музыкай. І людзі купляюць першарадных аўтараў - Брыля, Мацяш, Конана пра Адама Станкевіча.
Намёт «Pro Christo» на ўзвышшы ля касьцёлу - адно зь нешматлікіх месцаў у мястэчку, дзе «цягне» мабільная сувязь. Крок улева, крок управа сувязі няма. А на фэст жа зьбіраецца дваццаць-трыццаць тысяч чалавек. Пакуль жа пошук мабільнае сувязі ў Будславе нагадвае лазаходства. Працуе тэлефон таксама на мосьце цераз Сэрвач і - містыка - на мясцовых могілках, акурат ля магілы Паўл¬іны Мядзёлкі, першай выканаўцы ролі Паўлінкі, чорнага генія Купалы. Магіла чыста прыбраная. «Заслужаны дзеяч культуры БССР» выбіта на ёй. Пахаваная Мядзёлка ў адной абгародцы з бацькамі.
На будслаўскіх могілках сустракаюцца і беларускамоўныя магілы - Януковіч Альбіна (1983), Захарэвіч Тамаш (2001). Гэтак цяпер многа дзе ў Заходняй Беларусі. Праўда, ва Ўкраіне ўжо масава пішуць па-ўкраінску на магілах. Каліcьці такое будзе і ў нас.

Вітай, Марыя!

Будслаўскі фэст цяжка дзяліць на канфэсіі. Праваслаўныя чарніцы прадаюць манастырскія прысмакі. За гадзіну да поўначы акафіcт сьпявае хор грэка- каталіцкае царквы. Уніяцкая служба па ўсходнім абрадзе адбываецца ў старым касьцёле пасьля галоўнае мшы. Яднае ўcіх вернікаў беларуская мова - на ёй вядуцца службы. Уражвае колькасьць сучасных каталіцкіх поп-песень па-наску. А яшчэ ў пачатку 90-х тут маліліся па-польску, але на дрэвах бесьперашкодна віcелі бел-чырвона-белыя сьця¬гі. Цяпер моляцца па-беларуску, а сьцягі моладзьхавае на сабе як сьвятыню.
Плошча пры касьцёле называецца Краснай (на шыльдзе Чырвоная). Саветы давялі яе да дзікага стану. Безгустоўны сквэр з цыбатымі пашматанымі дрэвамі. Той, хто хоча зачаравацца Будславам, мусіць даяжджаць сюды поначы, перад урачыстай працэсіяй, калі цемра мяккім покрывам хавае ўсё ўбоства, пакідаючы толькі асьветленыя фрагмэнты. Крыжы сьвецяцца ў сінім небе, а неахайнасьці, кшталту клюмбаў, засаджаных рэдкімі чэзлымі браткамі, зьнікаюць зь віду. Матэрыю накрывае цемра, дух застаецца. І вось - кульмінацыя фэсту. З храму выносяць абраз Божай Маці. Тысячы сьвечак плывуць пад ціхую малітву вакол Плошчы, «Вітай, Марыя, Пан Бог з Табою...» Працэсія ідзе вуліцай Першага мая, павяртае на вуліцу 17 верасьня. За палаткамі працягваюць лічыць грошы, альканаўты жлукцяць сабе далей піва з плястыкавых двухлітровікаў. Абраз ужо вяртаецца ў базыліку, а хвост працэсіі яшчэ нават ня зрушыўся зь месца. Ад безьлічы сьвечак здаецца, што само начное паветра сьвеціцца мяккім васковым зьзяньнем. Фантастычнае відовішча зьверху. Міcтэрыя для аднаго Гледача.

У чаканьні курорту

«Калі я дзесяць гадоў таму ўпершыню ехаў у Будслаў, я думаў, што гэта беларуская Чанстахова. А гэта аказалася ніякая не Чанстахова, а звычайная вёска. Але перамены ідуць. Фэст моцна эвалюцыянаваў», - распавядае айцец Багуслаў зь Cьвіры, які служыць у другім па велічыні пасьля Будслаўскага касьцёле Мядзельшчыны.
Касьцёл велічны. Добра адрэстаўраваны. Папярэднік Багуслава - айцец Войцех - пастараўся. Каля касьцёлу скінутыя ў свой час cаветамі крыжы ператвораныя ў помнік. Пагнутыя, абматаныя тросамі, стаяць яны на бэтонным пастамэнце. Тамсама і звон, у свой час cкінуты з званіцы. Загадка: на ім ёсьць надпісы і лацінаю, і кірыліцаю (зварот да Маці Божай Жыровіцкай). Зроблены ён у 1701 годзе, выкуплены польскім урадам у саветаў у 1920-м. Мусіць, уніяцкі. У перадпакоі айца Багуслава выстаўлены партрэт біcкупа Дзям'янкі. Багуслаў прыехаў сюды на практыку памагаць айцу Войцеху ды так тут і застаўся. У гасьцявой кнізе а.Багуслава засталіcя запісы берасьцейскіх уніятаў, віленскага грэка-каталіка а.Даўкшыча, велічны почырк біcкупа Клімовіча, які цяпер апякуецца дыяцэзіяй Далёкага ўсходу зь сядзібай у Іркуцку. Айцец Багуслаў абслугоўвае ня толькі гэты касьцёл, але і капліцы ў Дабраўлянах (Cмаргонcкі раён) і Страчы (Астравецкі раён). Традыцыйнае царкоўнае дзяленьне не супадае зь цяперашнім рэгіянальным.
«Cьвір - вялікая вёска. Гэта ўжо не мястэчка», - кажа ксёндз. Для яго быў шок, што ад таго даваеннага Cьвіру нічога не засталося. Палякаў вывезьлі (пра жыдоў ён маўчыць), а Cьвір засялілі людзі зь вёсак. Хоць, вядома, розьніца зь вёскамі ёсьць, ёсьць жменька інтэлігенцыі, але ўсе яны залежныя ад сыстэмы і таму нават калі мысьляць іначай, не дэкляруюць сябе. Старыя людзі за Лукашэнку, маладыя, каму па 30-40 гадоў, мысьляць больш практычна, але ўслых не гавораць. Тыя, хта галасавалі ці нават падпіcваліся за Мілінкевіча, галасавалі й падпіcваліcя не за яго, а супраць Лукашэнкі. А старыя кажуць: Лукашэнка нам жыцьцё даў. У нас усё ёсьць. Два магазыны, абы грошы былі. А калі грошай няма, нават крэдыты даюць.
Раней на возеры былі катамараны. Ёсьць гатэльчык у будынку колішняй польскай школы. Гатэль называецца «Дынама», і ў ім жывуць весьляры. Ксёндз яго пасьвяціў. Айцец Багуслаў спадзяецца дажыць да моманту, калі Cьвір стане папулярным курортам. Толькі ў гэтым можа быць пэрспэктыва для мястэчка, лічыць ён.

Запавет Сьвёнтака

Плябаніі маюць доступ да Інтэрнэту. Штогод абыходзячы парафіянаў на Каляду, ксёндз ба¬чыць у людзей усё болей кампутараў. Найгоршыя кампутары - у школе.
У Cьвірскім касьцёле служба правіцца, як усюды: палова дзён па-польску, а палова па-беларуску. Tакі спосаб мяккага прызвычайваньня людзей да беларускай мовы набажэнстваў. У нядзелю польская імша адна, і адна беларуская. Справа пайшла хутчэй у гарадах. У Мядзеле засталася толькі адна польская імша на тыдзень у 9.30, а лідэр Таварыства беларускай мовы ўзначальвае адначасова касьцёльны камітэт. Журыцца, што няма грошай на адбудову бажніцы: пасьля прыняцьця новага заканадаўства пра парадак спонсарскай дапамогі стала немагчыма знаходзіць дабрадзеяў.
«Беларусізацыя касьцёлу мусіць высьпець у часе, - кажа а.Багуслаў. - Яна не павінна быць ні захуткай, ні запавольнай. Вопыт у касьцёлу Вялікі - 2000 гадоў. На ўсё трэба час. Помню словы айца - кардынала: «Я чалавек з ХХ стагодзь¬дзя, а мы муcім думаць пра ХХІ стагодзьдзе».
Школа ў Cьвіры расейская. Паляку Багуславу незразумела, як так, каб людзі пагадзіліся на школу па-расейску. А людзі тут адказваюць: па-расейску навучаныя дзеці будуць мець болей пэрспэктываў. Па-беларуску ж найпрыгажэй гавораць пані старшыня сельсавету і пан начальнік чыгуначнай станцыі ў Гудагаі.

Прапалі 240 палякаў

Да айца Багуслава нас прывёў званок чытача: у Cьвіры ксёндз забараняе наведваць касьцёл актывісту непраўладнага Саюзу палякаў. Выявілася, папросту ксёндз адмовіўся ўзяць арганістам пэнсіянэра, былога выкладчыка музыкі Генрыка Адамовіча. Яшчэ ў савецкі час яго выжылі з школы як перакананага паляка. «Нашто вы псуяце сабе рэпутацыю, пішучыся палякам?» - пыталіся ў яго ў ваенкамаце і ў школах. А ён дажыў да старых гадоў у адзіноце, трымаючыся за сваю тоеснасьць і музыку. Садзіць яблынькі й памідоры, штодзённа абліваецца вадою. На пачатку 90-х у Cьвірскім кусьце 240 чалавек запіcаліся ў Саюз палякаў, цяпер тое ўсё забылася. Арганізацыя не захавалася. Уладам нічога не прыйшлося ліквідаваць. Усё сышло само сабой. Палякі дасылаюць яму сьпеўнікі з нотамі - беларуcкіх такіх, дарэчы, няма - і так яно ляжыць.
Спадар Адамовіч прымае нас у cваім парадным пакоі. Тут піяніна і акардэон. На стале ўсё самае каштоўнае - сьпеўнікі, пастаўскі альманах «Паазер'е» з публікацыяй пра яго, кнігі, Быкаўскае « У тумане», даведнік «Лекарственные растения», сувэнірчыкі, імпартная пушка запалак, ручкі... Гэта тут мусіць ляжаць гадамі. На сьценах старыя календары - кветкі, краявіды, натурморты. Даты і дні тыдня на іх супадаюць зь сёлетнімі, але гады даўнейшыя. Час каліcьці быў цыклічны...
Колькі крокаў робіць мінутная стрэлка паміж лічбамі 9 і 10? Міжволі пачынаеш лічыць, слухаючы, як у вуснах Адамовіча мінулае мяшаецца з сучаснасьцю. Ён дажывае на самоце. Ягоны гонар - дзяўчына з Сырмежу, якая скончыла музвучылішча і цяпер працуе настаўніцай музыкі ў мясцовай школе. Ксёндз вывозіў яе ў Польшчу і яна там прыняла пострыг. Дзесяць акардэаніcтаў падрыхтаваў ён у Сырмежы за тры гады. Як вывеў на конкурс самадзейнасьці, інспэктарка райана аж ахнула...
Гартаем сьпеўнік. Абсалютна антынямецкая «Рота» Канапніцкай. «Не жуцім земі, сконд наш руд, Не дамы погрэсьць мовы». І чаму менавіта яна стала гімнам Саюзу палякаў у Беларусі?

Глыток паветра

Прыходзіць мясцовы актывіст апазыцыі (рабочы адной з установаў, яго ледзьве ўзялі на працу, прычым змусілі адначасова напіcаць заяву на звальненьне з уласнага жаданьня, каб у любы момант можна было выставіць за дзьверы), прыносіць брашуркі Аб'яднанай грамадзянскай партыі «Глоток воздуха». Генрых моцна хваліць гэтае выданьне: гэта ж пішуць, што ў Філарэта 47 мільёнаў даляраў багацьця?! Гэта ж як так можна?! У Cьвіры аддалі старую пякарню царкву пабудаваць, дык грошай няма. Калі ты мітрапаліт, ты аддай Tрохі грошай сюды. А то поп толькі сабачую будку паставіў з царкоўнага інвэнтару...
Генрых жыве з сваёй сьветлай крыўдай. І вось ён у 2001 годзе быў назіральнікам на выбарах, і вось яго запіcалі ў апазыцыю. Але ж ён улёткі па скрынках не раскладваў, толькі каляндарыкі ў яго дома ляжалі і ён раздаваў іх тым, хто прыходзіў. І пры ўсім пры тым сто подпіcаў за Мілінкевіча яны ў Сьвіры набралі. І галасаваў ён, вядома, за Мілінкевіча. Спадабалася, як Мілінкевіч гаворыць па «Свабодзе». Увогуле то Адамовіч нават у раённым сходзе дэмакратычных сілаў па вылучэньні кандыдатаў на Кангрэс удзельнічаў. Яны прыводзілі яго на лецішчы мастака Цыркунова ў вёсцы Чэхі, заваленай карцінамі, cтарымі рэчамі і штучкамі.
Адамовіч шторанак сьпявае пры піяніна, каб трымаць форму. А людзі праходзяць пад вокнамі і слухаюць.

Радзіма сьвятога Цімоха

Яшчэ Cьвір - адна з імаверных радзімаў забойцы першага беларускага караля. Менавіта тут, на думку археолягаў, магла быць сталіца загадкавага Нальшчанскага княства. Яго апошні князь Даўмонт, швагер Міндоўга, валадара Літвы і Наваградка, быў адным з тых, хто рабіў вялікую палітыку ў гэтым Краі пры канцы ХПІ ст. Калі аўдавелы Міндоўг забраў сабе яго жонку, Даўмонт змовіўся з Транятам, Таўцівілам і забіў вялікага князя. Мала рамантыкі ў гэтай гіcторыі. Ці Міндоўг так ужо хацеў жонкі Даўмонта? Мо папросту шукаў зачэпкі, каб зваяваць Нальшчаны, даўняга канкурэнта Літвы? І нават крывавая помста не вярнула ранейшае ўдзельнае раўнавагі. Нальшчаны прайгралі Наваградку і цяпер нават пра іх дакладнае месцазнаходжаньне і межы гіcторыкі сёньня спрачаюцца. А Даўмонт, калі ўжо стала немагчыма хацець і верыць і магчы, сышоў у Пскоў баявым князем. Новая Айчына адразу ж паслала яго ваяваць Літву... Ён жыў восемдзесят гадоў і загінуў у бітве з крыжакамі пад сьценамі Пскова. Па сьмерці быў кананізаваны. Ня толькі мошчы, але і меч апошняга князя Нальшчанаў у хрысьціянстве сьвятога Цімоха – зьберагаліcя ў пскоўскіх цэрквах як найвялікшая сьвятыня.
Зь Літвою Даўмонтаў род замірыла новая дынастыя валадароў ВКЛ. Яго сын Давыд браў за сябе дачку Гедыміна і Горадню. Гэта ён – Давыд Гарадзенскі.
Cьвірcкае замчышча - каркаломная круча, пляцоўка наверсе - дзесяць на пятнаццаць мэтраў. Сьціпла жыў валадар Нальшчанаў.

Паліэт і Акуліна

Вуліца ад Даўмонтава гарадзішча з разьбегу нырае ў возера Cьвір. Пасьпееш павярнуць направа - трапіш на даўнюю стараверскую вуліцу на Смаргонскай дарозе. У яе глыбіні - акуратная драўляная царкоўка ўсьпеньня Багародзіцы. Брамка замкнёная на пудовы замок, крыж на макаўцы-цыбуліне пахіліўся. Сусед з дому насупраць праводзіць нас цяжкім позіркам спадылба. Адразу ўспамінаецца ўсё, што чуў пра замкнёнасьць і нецярпімасьць стараверскае грамады да чужаніцаў. На паверку ўсё выяўляеццаня так. «Нічога ня знаю, м-мы прыежджыя», ледзь варушыць языкам п' яны лжэстаравер.
Пры самай царкве - хатка, зь якой гучыць поп-музыка. Стукаем. Выходзіць кабета з манікюрам у шорціках у абліпку. «Увогуле-то мы стараверы, але толку ад нас мала, - усьміхаецца яна. - Спытайце лепей Акуліну».
Паліэт і Куліна Андрэевы - апошнія стараверы Cьвіру. Жывуць яны ў сваёй хаце на высокім падмурку на самым беразе возера . Жывуць небагата, але захоўваюць традыцыю. На сьцяне «древлеправославный» каляндар, які ім прысылае сьвятар зь Менску. На стале - таўшчэзныя малітаўныя кнігі. Яны рассыпаюцца на cтаронкі ад старасьці, сьвятар зь Менску прапаноўваў даслаць новыя, але не ўзялі: ня хочацца марнаваць, няма каму іх чытаць. Дзеці ня хіляцца ў бок рэлігіі бацькоў, хоць жывуць пры іх, у Cьвіры. Так і кажуць: ня хіляцца. Не наракаюць, не вінавацяць, проста канстатуюць: ня хіляцца. «Наша вера исходит», кажа нам Куліна, гледзячы ў вочы без тугі. Старых насельнікаў стараверскай вуліцы засталося меней за дзесяць хат. На cтараверскіх могілках цяпер хаваюць і жыхароў дому састарэлых.
Іншага канца сьвету ня будзе, сказаў народжаны непадалёк адсюль Чэслаў Мілаш. Вялікі паэт заўжды ўнівэрсальны.

Хто такія абліванікі

«Наша вера дрэўняя, правільная», - ажыўляюцца старыя, калі распытваем пра абрад. Праваслаўных і каталікоў яны называюць абліванікамі: бо падчас хрышчэньня дзіцю толькі галаву паліваюць сьвятой вадою. У старавераў - тройчы акунаюць з галавой. Дый само «кряшченье» адбываецца ў сьвядомым веку. Гавораць Андрэевы па-расейску зь беларускім акцэнтам.
На старым фатаздымку - дзед з патрыярхальнай барадой, мужчыны ў гімнасьцёрках («у чым прыйшлі з вайны, у тым і хадзілі»), кабеты ў простых сукенках. Пры цары і пры Польшчы стараверы жылі бедна, як чужынцы, як меншавартыя. Лавілі рыбу й прадавалі, а зямлі сваёй ня мелі. Пасьля пачалася вайна. Паліэт тройчы ўцякаў ад вывазу ў Нямеччыну. Пасьля ваяваў, дайшоў да Эльбы. Пасьля прыйшлі саветы. «У калгасе году не парабіў», - сьмяецца Паліэт. Андрэевы завэрбаваліcя спачатку ў Карэлію, а пасьля на Паўночны ўрал на заводы.
На стараверскай вуліцы стаіць беленая хатка, размаляваная самадзейнымі іконамі: херувімы, Багародзіца зь вялізнымі страшнымі вачыма, сьвятыя. Ля весьнічак каржакаваты дзядзька ў адных шортах фарбуе тонкім пэндзлікам паштовую скрынку. «Ваша работа» - ківаем на хату. «Ды не, - шчарбатая ўсьмешка ў адказ. - Я сам ізь Мінска, дом гэты купіў». Новы гаспадар ня менш расьпіcны за жытло: на ўсю сьпіну вытатуяваны шлях на Галгофу, аж сінія рукі й плечы. У хаце шалман: разабраныя пасьцелі на падлозе, антысанітарыя ў кухні. На ўсё гэта з дакорам пазіраюць лікі, якімі колішнія гаспадары ўпрыгожылі дом і ўсярэдзіне. «Хачу тут зрабіць більярдную, кавярню, - марыць былы зэк. - Сам крыху мастацтвам займаюся». Дзядзька малюе іконы з турэмным Хрыстом, выразае з дрэва галовы аленяў і прыраб¬ляе да іх сапраўдныя рогі - народныя промыслы.

«Памятнік» і Скірмунт

Вяртаючыся 3 ліпеня са Cьвіры на менскую трасу ўзбоч возера Нарач, робімся сьведкамі галоўнай афіцыйнай урачыстасьці гэтага краю. Проста на беразе, пры вялізным помніку партызанам, ладзіцца сьвята, так і званае ў народзе - «памятнік». За паўтара-два кілямэтры пачынаюць трапляцца сьвяткавальнікі, якія кіруюцца да эпіцэнтру – у асноўным гэта загарэлыя мужчыны сярэдняга веку ў белых кашулях і моладзь у шортах і пляжных тапцях. Тут жа піянэраў дрэсіруе жалезным голасам важатая. Тут жа рыхтуецца спаборніцтва хароў.
А проста насупраць «памятніка», калі б ты быў здольны бачьщь цераз Нарач, ляжыць Шэметава. Закінутая сядзіба графаў Cкірмунтаў з маляўнічымі руінамі, рыбнымі сажалкамі, усыпальніцай пад акуратным касьцёлам. У бажніцы віcіць расклад, за каго калі маліцца зь пералікам канкрэтных жыхароў у канкрэтныя дні. За дзьвярамі - скрынка для ахвяраў за цьвярозасьць. Пасьля імшы зьбіраюць грошы на шыльду па Казіміру Сваяку, што служыў ў Засьвіры ў 1920-1926 гадах; там коліcь стаяў вялікі кляштар, а цяпер яна належыць да Шэметаўскай парафіі. Каля храму малады ксёндз, айцец Пётра Шарко паставіў камень з падзякай Cкірмунтам. Соладка пахнуць пэтуніі. Бегаюць ксяндзовы псы - айцец Пётра зарэгіcтраваў гадавальнік чорных тэр'ераў і лабрадораў, жуюць сена ягоныя трусы. Касьцёл і халодную крыпту паказвае нам дзяўчынка са сталіцы, што прыехала сюды на пару дзён. Айцец Пётра, кіраўнік Мядзельскага дзеканату, мусіць, наймалодшы дзекан у сьвеце, хоча зрабіць з Cкірмунтовага касьцёлу цэнтар рэкалекцый для моладзі. Сьвятыня сярод пушчы. Моладзь да яго сапраўды горнецца. Канец сьвету ўжо мінуўся.
З кнігі "Беларусь за 10 падарожжаў", 2006 г.
Андрэй Дынько і Андрэй Скурко

Show comments (1) - Add comments to this article:

Last Updated ( Tuesday, 20 February 2007 )
 
Next >

comments

хораша!

Posted by беларуска, on 04/30/2007 at 14:22
Андрэй Скурко і Андрэй Дынько "Свят... ...

Enter your comment below.

Name (required)

E-Mail (required)
Your email will not be displayed on the site - only to our administrator
Comment (supported) [BBcode]

      Visitors: 6625488





Adverts
Advertisement


Бясплатны хостынг

Internet Map