
Існаваў у 15 – пачатку 18 стагоддзя. Размяшчаўся на востраве Замак возера Мястра, займаў пляцоўку гарадзішча. Яго рэшткі знаходзяцца каля заходняй ускраіны горада Мядзел (яго паўднёвай часткі, што называлася раней Новым Мядзелам) на паўвостраве Замак, пры ўпадзенні рэчкі Дробня, што звязвае азёры Баторына і Мястра.
Пляцоўка замчышча была ўмацавана традыцыйным для сярэдневяковай Беларусі мурам з валуноў на вапнавым растворы. Ніжняя частка падмурка складзена на гліне, самы ніжні рад валуноў – на дубовых плахах. З усходняга неабароненага боку таўшчыня замкавых муроў дасягала 2 м, з іншых бакоў, прыкрытых возерам, - 1,5 – 1,7 м. Па перыметры пляцоўкі было 5 паўкруглых мураваных бастэй, таўшчыня сцен якіх раўнялася 2,5 м. У іх павінны былі размяшчацца гарматы для стральбы ўздоўж сцен. Бастэі замка лічацца самымі раннімі на Беларусі і папярэднічаюць бастыёнам.

Замак складаўся з мураваных вежы і палаца. Круглая ў плане вежа-данжон мела знешні дыяметр 17,5 м, унутраны – 10 м, таўшчыню сцен каля 3,5 м. Падмурак вежы, які адначасова выконваў ролю цокальнага паверха, заглыблены ў зямлю на 3,5 м, складзены ў тэхніцы паласатай муроўкі з радоў валуноў і буйнапамернай цэглы на вапнавым растворы. Забутоўка сцен зроблена з бітай цэглы. Ва ўсходняй частцы вежы размешчаны праём светлавого люка памерам 1,23 х 1,75, перакрыты аркай. У заходняй частцы знаходзіўся праход (1,5 х 2 м) з 5 сходамі ў падвальнае памяшканне. Ад дзвярэй уцалелі толькі крукі, на якія на завесах навешвалася дзвярное палотнішча. Падвал вежы, відаць, меў перакрыццё на бэльках. Асноўны масіў вежавай сцяны, ад якой захаваліся фрагменты вышынёй каля 1,5 м, быў узведзены на вапне ў тэхніцы лусковай муроўкі з буйнапамернай цэглы.
Паводле малюнка з карты Вялікага княства Літоўскага (1613) Т.Макоўскага, вежа мела некалькі ярусаў. Верагодна, іх было 5, а вышыня сягала 30 м, па сваіх параметрах яна была блізкая да Камянецкай вежы. Паводле Т.Макоўскага, у Мядзельскім замку былі 3 вежы.
У 1-й палове 16 стагоддзя з заходняга боку да вежы быў прыбудаваны прамавугольны ў плане мураваны палац, руіны якога ўскрыты часткова. Ён меў сцены таўшчынёў каля 2 м і шырынёў 10 м, падвалы глыбінёй 3 м, перакрытыя скляпеннем. Даўжыня палаца канчаткова не вызначана. На замкавым дзядзінцы стаялі гаспадарчыя пабудовы, жылыя дамы служак з кафлянымі печамі.
У 17 стагоддзі замак быў дадаткова ўмацаваны ніжнім поясам абароны – земляным валам з бастыёнам і ровам, які запаўняўся вадоў з возера. Бастыёны і вал адсутнічалі толькі з усходняга боку, дзе да замка блізка падступала возера Мястра. Сувязь з берагам ажыццяўлялася па драўляным мосце на палях даўжынёй каля 400 м.
Паводле гістарычных крыніц, у 1564 г. ў арсенале замка, акрамя ручноў агнястрэльнай зброі, былі 2 сярэднія фальканеты і 2 серпянціны. Мядзельскі замак з’яўляецца прыкладам спалучэння асаблівасцей заходнееўрапейскай фартыфікацыі з мясцовымі абарончымі элементамі. У час ваеннай небяспекі ён служыў надзейным сховішчам для жыхароў Мядзела і ваколіц. Разбураны ў час Паўночнай вайны 1700-21 гг.

У час археалагічных даследванняў пры расчыстцы падвала знойдзена кераміка 15-17 стагоддзя, у тым ліку белагліняная прывазная, паліхромная кафля з разнастайнымі малюнкамі, грош 1535 г., трохшыповыя салдацкія падкоўкі пад абцасы, фрагмент жалезнай аканіцы, цвікі, шылы, дзвярныя ручкі і інш. На поўдзень ад вежы выяўлены матэрыялы часоў Кіеўскай Русі 11 – 13 стагоддзяў (ганчарная кераміка, нажы, косці дзікай і свойскай жывёлы і інш.) і перыяду Вялікага княства Літоўскага 14 – 17 стагоддзяў (кераміка, у тым ліку белагліняная паліваная і паліхромная кафля з расліннымі, геаметрычнымі і сюжэтнымі малюнкамі, жалезныя вырабы, манеты 16 – 17 стагоддзяў і інш.).
Міхась ТКАЧОЎ