Дзесьці да вайны ў Канстанцінавe на Свіршчыне адкрыў яўрэй Генух пякарню. Пад яе прыстасаваў даволі прасторны новы дом, які за 25 злотых арандаваў у іллі Грынкевіча. Для гэтага выбраў з-пад падлогі насып, заглыбіўся на паўметра ў зямлю і вымураваў паўсклеп. Рэканструкцыю тлумачыў тым, што цеста любіць "роўную" тэмпературу і не любіць рэзкіх ваганняў: тады, яно не выходжваецца. Збудаваў Генух адмысловую цагляную печ, вусце якой для захоўвання гарачыні закрывалася металічнай заслонкай. Выпечку хлеба рабілі на дрывах. Цеста ў печ садзілі і даставалі хлебнай лапатай. Перад гэтым яе пакрывалі хрэнавым, кляновым, дубовым лісцем альбо аерам і пасыпалі мукой. Булкі, булачкі пяклі ў металічных формах, круглыя пірагі - у місках.
Генух выпякаў просты чорны жытні хлеб, разовы, шатраваны (з мукі, ачышчанай ад абалонак) і сітны - з прасеянай праз сіта мукі.
Для заквашвання меў спецыяльную хлебную дзежку. Вырабленая з дубовых клёпак, яна звужалася ўверсе і накрывалася вейкам. Дубовая драўніна спрыяла паскарэнню працэсу квашэння, надавала цесту спецыфічны прыемны водар. Новую хлебную дзяжу "прыручаў" - ставіў на суткі поруч са старой на настольніку пад адной накрыўкай, а потым уторы новай дзежкі намазваў сырым цестам - паскробышам. Гэтак "заводзіў кіслю".
Акрамя хлеба і булак, варыў Генух баранкі, пёк мацу (рытуалъную яўрэйскую ежу). Меў лядоўню, дзе рабілі "лёды" (марожанае).
У другой палавіне хаты трымаў пекар краму, у якой прадаваў свае вырабы. Санітарных праверак прадукцыі не існавала, але Генух вырабляў якасныя тавары, імкнуўся "трымаць марку". Ад гэтага залежыў попыт на яго вырабы і, адпаведна, заробак.
Перад вайной польскія ўлады праз пальцы глядзелі на антысеміцкія праявы. Гэта вырашылі выкарыстаць мясцовыя вымагальнікі. Тры нарэйшаўскія хлопцы купілі булку, у яе ўвялі валасіну з конскага хваста і паднялі крык... Гаспадар крамы замяніў тавар, даў ім бутэльку віна, каб маўчалі, а гаспадыні ўчыніў разнос.
Дрyгі раз паўтарылі падобнае, толькі ў булку заткнулі кавалак мешкавіны. Генух "замяў" гэту справу зноў бутэлькай, але западозрыў падман. Калі яшчэ раз зайшлі гэтыя хлопцы за пакупкамі, ён з парога звярнуўся да іх: "Вазьміце бутэльку віна і пакіньце мяне ў спакоі..."
Генух быў прадпрымальным чалавекам, разлічваў, калі і якія тавары лепш "пойдуць". Падчас рэлігійных святаў, фэстаў, калі ў мястэчка сцякалася шмат народу, ён у дварышчы рабіў з бярозак адмысловыя шалашы, дзе ставіў столікі, табурэткі. Там можна было перакусіць, папіць сітро, піва і нават гарэлкі. Для закускі дарма даваў абаранак.
Пасля вайны ў Канстанцінаве таксама працавала пякарня ў "орсаўскай" краме.
Іван ДРАЎНІЦКІ, в.Камарова