Гэта было да 17 верасня 1939 года. Польскія ўлады пастаянна наладжвалі ў Мядзеле ўрачыстасці ў гонар дзяржаўных свят. Адбываліся мітынгі, малебны ў касцёле і царкве, ускладанні вянкоў да помніка загінуўшым польскім салдатам, праходзілі спаборніцтвы кавалерыстаў-рэзервістаў. Заканчваліся ўрачыстасці тым, што каля гміны ў вялікіх катлах варылася “салдацкая ежа” – суп, каша, кава. Усё гэта раздавалася бясплатна. Першымі сядалі за драўлянымі сталы войт са сваімі памочнікамі, павятовыя начальнікі, іншыя чыноўнікі. Тым самым паказвалі прыклад местачкоўцам і жыхарам навакольных вёсак. Жадаючых пачаставацца знаходзілася. А вось некаторыя вучні сямігадовай школы не падыходзілі да кухні.
- Не будзем есці панскую ежу, - гаварылі паміж сабой хлопцы. – Польскія ўлады прыгнятаюць нас, беларусаў. У школе нельга размаўляць на роднай мове, не вучым сваю гісторыю…
Адкуль жа падлеткі набраліся такога? У той час у вёсках падпольшчыкі распаўсюджвалі газеты, у якіх выкрываліся эксплуатацыя народа і вынішчэнне беларускай мовы, культуры.
Але настаўнікі настойвалі, каб вучні сядалі за стол. Як жа адмовіцца? Таму чулася:
- Мяне мама так накарміла, што больш не магу есці.
- Баліць жывот, трэба бегчы дамоў.
М.Чарняўскі, к.п.Нарач