|
Monday, 19 February 2007 |
 Віктосева крыніца знаходзіцца ў ста метрах ад шашы Мядзел - Кабыльнік (Нарач). Даўно былі вядомы лекавыя якасці той крыніцы мясцоваму люду, хоць вадзіца і прэсная, але як сталі ставіць цэмбровіну, знялі гліну, а глыбей - жарства з кавалачкаў крэмнія (ваданосны слой). Стала зразумела, што вадзіца з крыніцы натуральная, крэмніевая. Зрабілі бетонную накрыўку, уставілі жалезную трубку - цячэ вадзіца, і людзі карыстаюцца ёй, але мала хто ведае з гасцей. Крыніца была асвечана, над ёй была зроблена каменная альтанка, вакол пасаджаны кветкі, выкладзена брукаваная сцяжынка да крыніцы.
Вось верш пра Віктосеву крыніцу, які напісаў Леанід Півавар, прэзідэнт беларускай ветэрынарнай асацыяцыі:
Ля Віктосевай крыніцы,
Што на Мядзельшчыне ёсць,
Кожны можа прыпыніцца -
Тут заўжды ён будзе госць.
З глыбіні зямлі Крывіцкай
Праз пясок і камяні
Ручаёк з зямлі бруіцца
Надзвычайнай чысціні.
Як крышталь тая вадзіца
І гаюча, як раса,
Ад хваробаў абароніць,
Стане чыстаю душа.
Што нарзан той ці баржомі,
"Кока-Кола", "Фанта", квас?
Той, хто піў ваду з крыніцы,
Будзе піць яшчэ не раз.
Ля Віктосевай крыніцы,
Што на Мядзельшчыне ёсць,
Вы павінны прыпыніцца,
Вы нам брат, сястра і госць.
Нехта спытае: "А чаму Віктосева крыніца?" Кажуць, што пасля вайны першым паставіў у крынічную ваду дубовую бочку без дна Віктар Звяруга - такім чынам ён хацеў добраўпарадкаваць гэтае лекавае месца. Па-беларуску ён - Віктось, вось у яго гонар і назвалі крыніцу, тым больш што яна знаходзіцца на яго былым кавалачку зямлі. Войцэх Пачкоўскі
Аляксандр БыкаўВіктосева крыніца
Жыве яна, бруіцца,
Не вычарпаць да дна.
Віктосева крыніца
Пад Мядзелам здаўна.
Зусім непадалёку
Хай горада агні –
Глыбінныя вытокі,
Як нашы карані…
У час турботных думак
Ты міма не спяшы.
Яна як паратунак
Для стомленай душы!
|
|
Last Updated ( Thursday, 20 September 2007 )
|