За Свабоду!
Паазер'е
Home arrow History arrow People arrow Адам Гурыновіч
Адам Гурыновіч Print E-mail
Saturday, 16 December 2006
Адам ГурыновічНарадзіўся 25.01.1869, памёр 04.02.1894. Беларускі паэт-дэмакрат, фалькларыст, рэвалюцыянер. Паходзіў са шляхецкага роду татарскага паходжання (герб «Праўдзіц»), вядомага з 15 – 16 ст. Бацькі, Калікст Іасафатавіч і Элеанора з Сяняўскіх (з гетманскага роду), мелі некалькі дробных фальваркаў. Спачатку сям’я жыла ў Кавалях (Кавалькі, цяпер Мядзельскага раёна), пасажным фальварку маці, дзе нарадзіліся Адам і яго старэйшы брат Юзаф. Потым пераехалі ў Крыстынопаль, які быў супольнай уласнасцю Калікста Іасафатавіча і яго брата Абдона. Тут нарадзіліся браты і сёстры Адама. Бацька памёр рана, пакінуўшы маладую 28-гадовую ўдаву з шасцю дзецьмі. Вырашана было даць Юзафу вайсковую адукацыю, а Адаму і Яну – практычную (рэальнае вучылішча). Сям’я купіла ў Вільні невялікі дом, з якім і звязана пара духоўнага станаўлення Гурыновіча. Афіцыйныя поспехі яго ў час вучобы ў Віленскім рэальным вучылішчы (1879 – 87, уключаючы гадавую спецыялізацыю на механіка-тэхнічным аддзяленні дадатковага класа) былі сярэднія, але ўступныя экзамены ў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут ён здаў амаль на адны пяцёркі.
Ужо ў час вучобы ў Віленскім рэальным вучылішчы Гурыновіч пачаў цікавіцца беларускім фальклорам, пытаннямі грамадскага жыцця, рабіць літаратурныя спробы. У 1887 ён паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут і, як і іншыя калегі-разначынцы, упарта пераадольваў матэрыяльныя цяжкасці, але захварэў на тыф і ў студзені 1888 быў вымушаны часова звольніцца з інстытута і вярнуцца на радзіму. Увосень 1888 зноў паступіў на 1-ы курс. У студэнцкія гады шмат займаўся літаратурай, напісаў свае лепшыя творы, захапляўся і тэхнічнымі навукамі. Паводле ўспамінаў блізкіх, спецыяльна займаўся паляпшэннем паравозаў і ў гэтым пытанні меў быць, як кажуць, на дарозе да важных і цікавых вынаходак. Адначасова штудзіраваў працы беларускіх фалькларыстаў І.Насовіча, П.Шэйна, на канікулах папаўняў у ваколіцах Крыстынопаля свае фальклорна-этнаграфічныя зборы. У 1890 ён даслаў узоры сваіх запісаў у Варшаву Я.Карловічу, які быў амаль суседам па Вішневе, і прасіў у яго парады па фальклорна-этнаграфічнай працы. Карловіч у сваю чаргу адаслаў матэрыялы Гурыновіча ў Кракаўскую акадэмію навук, дзе яны былі надрукаваны ў 1893 у часопісе “Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі” і выдадзены асобна пад назвай “Зборнік беларускіх твораў” (165 песень і 37 загадак).
У той жа час Гурыновіч напружана працаваў над пытаннямі грамадскага жыцця, вывучаў перадавую філасофскую літаратуру, у т.л. марксісцкую. Ён прымаў актыўны ўдзел у рэвалюцыйным руху, у студэнцкім «Гуртку моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай», які ўтварыўся ў 1889 і хутка эвалюцыяніраваў ад зямляцкай арганізацыі культурна-асветнага характару ў бок падпольнай антыўрадавай арганізацыі, цесна звязанай з іншымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі Пецярбурга, сярод якіх былі і групы першых расійскіх марксістаў (у іх складзе блізкія сваякі Ф.Багушэвіча муж і жонка Радзевічы). Блізкімі таварышамі Гурыновіча па падпольнай рабоце былі Ю.Бурачэўскі, К.Акуліч і І.Непакайчыцкі. Як адзін з кіраўнікоў гуртка ён у лісце да сяброўкі Станіславы Пяткевіч у Цюрых (1892) прасіў арганізаваць дастаўку для гуртка вялікай партыі рэвалюцыйнай літаратуры на беларускай, польскай, рускай і ўкраінскай мовах, прац Маркса, Энгельса, Пляханава, Ласаля, Лібкнехта. Пісьмо было перахоплена паліцыяй, якая пачала сачыць за членамі гуртка. У 1893 Г. арыштаваны ў сваім доме ў Вільні, дзе пры вобыску знайшлі нямала забароненай літаратуры. Яго даставілі спачатку ў Віленскую цытадэль, потым неадкладна адправілі пад вартай у Пецярбург, дзе трымалі ў доме папярэдняга зняволення, а па некаторых звестках у Петрапаўлаўскай крэпасці. У тым жа годзе ён выпушчаны з-за хваробы і высланы пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль, дзе неўзабаве памёр ад чорнай воспы.

Творчасць Адама Гурыновіча

Як беларускі дзеяч і паэт Гурыновіч сфарміраваўся пад уплывам народніцкага “Гомана” і творчасці Ф.Багушэвіча. Пэўны ўплыў на яго мелі таксама традыцыі паўстання 1863, ідэі К.Каліноўскага (сярод забраных паліцыяй папер былі нататкі, звязаныя з паўстаннем 1863). АГ пісаў на трох мовах – беларускай, рускай і ўкраінскай. Беларускія вершы былі ўпершыню надрукаваны ў 1921 годзе. Значная частка твораў (восем сшыткаў) згубіліся ў паліцэйскіх архівах, іншыя знішчыў брат пасля арышту паэта.
Пад уздзеяннем марксісцкай тэорыі ў поглядах Г. знайшлі далейшае развіццё рэвалюцыйна-дэмакратычныя, народніцкія ідэі. У гісторыю роднай літаратуры Г. увайшоў як паэт-рэвалюцыянер, адзін з пачынальнікаў грамадзянскай лірыкі, пясняр народнай нядолі, які заклікаў да рашучай барацьбы самаўладствам, першы з беларускіх літаратараў звярнуўся да рабочай тэмы. Напрыклад, у няскончаным вершаваным апавяданні “На фабрыцы” ўпершыню паказваюцца будні рабочых і праводзіцца думка, што іх жыццё нічым не адрозніваецца ад цяжкага сялянскага і нават горшае. Асноўныя вобразы і матывы паўтараюцца ў вершах Гурыновіча на розных мовах. Паэт стварыў вобраз рэвалюцыянера, які ўсе сілы аддае барацьбе за вызваленне працоўнага люду (“Как мало тех”, “Не той моцны” (п/м). Вобраз беларускага народа ствараецца ў вершы на б/м, у якіх гаворыцца пра цяжкае і бяспраўнае жыццё беларускага селяніна (“Перш душылі панны...”, “Што за звук ды так громка раздаўся”, які пераклікаецца з някрасаўскім “Размышлением у параднага подъезда”).
У творах А.Гурыновіча спалучаюцца адкрытая грамадзянскасць, публіцыстычнасць і лірызм. Тэматычны і жанрава-стылявы дыяпазон яго паэзіі даволі шырокі: трыбунна-публіцыстычныя (“Што ты спіш, мужычок...”, “Перш душылі паны...”), сатырычныя (“Звярынец” – перайманне ананімнага верша “Тэатр”), пейзажныя (“Вясна”), фальклорна-песенныя (“Да жніва”, “Бор”), дыдактычныя творы (“Раз у Зольках, у дзярэўні...), вершы-медытацыі (“Сцямнела на дворы і ціха кругом...”), сюжэтныя апавяданні, блізкія да балад (“Месца нячыстае”). Плённай была таксама спроба пісьменніка ў перакладах польскіх, рускіх, украінскіх аўтараў. Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А.Пушкіна, І.Крылова, М.Някрасава, А.Талстога, А.Міцкевіча, Э.Ажэшкі, Я.Каспровіча, І.Франко.
А.Лойка называе А.Гурыновіча “больш прадвесцем, чым з’явай” беларускай літаратуры. Тым не менш значэнне яго вялікае: ён адкрыў новыя тэмы нацыянальнай паэзіі (тэму рабочых); народна-песеннымі стылізацыямі паказваў неабходнасць асваення фальклору для плённага развіцця беларускай паэзіі, у чым папярэджваў працу М.Багдановіча; сваімі перакладамі пашыраў ідэйна-тэматычныя і жанрава-стылявыя абсягі беларускай паэзіі, імкнуўся ўзняць яе да ўзроўню развітых суседніх літаратур. Акрамая таго Адам Гурыновіч з’яўляецца адзным з пачынальнікаў беларускай дзіцячай паэзіі (“Каток”, “Рыбак”).
Літ:. Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Вільня, 1920. С. 101; Шутовіч Я. Адам Гурыновіч: Паводле старых і новых архіўных матэрыялаў // Полымя. 1966. № 11; Гілевіч Н. 3 клопатам пра песні народа. Мн., 1970. С. 88 – 89; Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурн-аграмадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX – пачатак XX ст.). Мн., 1971; Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989. С. 293 – 306.

Адам Гурыновіч - вядомае і невядомае

Канец ХІХ стагоддзя адзначыўся ажыўленнем у развіцці беларускай культуры, у тым ліку і літаратуры. Пасля паражэння нацыянальна-вызваленчага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага было забаронена нават ужываць тэрмін "беларус", не гаворачы ўжо аб выданні чаго-небудзь на беларускай мове. Але час браў сваё. З'явіліся новыя патрыёты, якім быў неабыякавы яе лёс. Ствараліся розныя падпольныя рэвалюцыйна-дэмакратычныя гурткі, якія імкнуліся абудзіць у простых людзей свядомасць і годнасць. Сярод іх былі і вядомыя беларускія пісьменнікі Францішак Багушэвіч, Янка Лучына і іншыя. Разам з імі распраўляў свае паэтычныя крылы яшчэ вельмі малады Адам Гурыновіч, жыццё і дзейнасць якога цесна звязаны з Мядзельшчынай...
Нарадзіўся будучы паэт 25 (13 па старым стылі) студзеня 1869 года ў пасажным фальварку Кавалькі Вілейскага павета (цяпер Мядзельскі раён). Продкі яго бацькі былі выхадцамі з Аравіі, мелі татара-мусульманскае паходжанне, па прозвішчу Гурын. Засталіся тут, відаць, пасля паражэння, татараў у бітве з войскам Вялікага княства Літоўскага пад Клецкам у 1506 годзе. Радавы герб Гурыновічаў быў "Праўдзівец", які доўгічас захоўваўсяў сямейным архіве. Маці паэта, Элеанора, паходзіла са слаўнага гетманаўскага роду Сіняўскіх. Першым у маладой сям'і з'явіўся на свет Юзік, другім быў Адам, які меў яшчэ адно імя - Гіляры. Хрысцілі яго- 3 лютага 1869 года ў Ваўкалацкім касцёле.
Неўзабаве сям'я, здаўшы фальваркі Элеаноры ў арэнду, перабралася ў спадчынны фальварак Крыстынопаль Свянцянскага павета, а гэта ўжо тэрыторыя сучаснага Вілейскага раёна. Па данных 1867 года ў Крыстынопалі было 7 жыхароў, 352 дзесяціны (прыкладна 385 гектараў) зямлі. Крыстынопаль размяшчаўся непадалёку ад вёскі Золькі, дзе цяпер знаходзіцца ферма калгаса імя Кірава. Дарэчы было б перайменаваць гэты калгас у імя Адама Гурыновіча. Бацькі Адама мелі яшчэ некалькі дробных фальваркаў, у тым ліку і на Вілейшчыне - Курнікі і Маліноўшчына. Першы знаходзіўся непадалёку ад сучаснай вёскі Курнікі: усяго за 2 км ад Крыстынопаля. Месцазнаходжанне другога пакуль устанавіць не ўдалося.
Дзяцей у сям'і прыбаўлялася. З'явіліся яшчэ два сыны Ян і Станіслаўі іх сястрычкі Канстанцыя і Гелена (Гэлька). Але неўзабаве ў 1876 на 42-м годзе жыцця памірае бацька, пакінуўшы іх на рукі 28-гадовай удавы. Есць звесткі, што бацька Адама Калікст Іасафат удзельнічаў у паўстанні 1863 года на баку паплечнікаў Каліноўскага. Непадалёку ад гэтых мясцін дзейнічаў паўстанцкі атрад Свянцянскага павета на чале з былым царскім афіцэрам Густавам Чаховічам. Гурыновіч аказваў ім пасільную матэрыяльную дапамогу.
Крыстынопаль, як і іншыя спадчынныя фальваркі, належаў таксама брату Калікста Абдону, які служыў камісарам у маёнтку Канстанцінава генерала Хамінскага. У фальварку бываў рэдка, тут жылі яго жонка і яе брат Юхневіч. Ён хаваў дома зброю, якую пасля паўстання загадана было ўсім здаць. Дастаўлялі ў атрад прадукты харчавання, сабраныя ў людзей.
Калікста Гурыновіча прыцягвалі потым да следства па справе паўстанцаў, але яму неяк удалося апраўдацца. Напэўна, не выпадкова пазней у сынавых нататках паліцыя знайшла запісы пра Кастуся Каліноўскага. Разам з бацькам Адама быў арыштаваны аканом і лоўчы ўладальніцы Чурлёнскага маёнтка Бачкоўскай Андрэй Палачанскі. Па меркаванні некаторых гісторыкаў, быў той сваяком паэта Івана Шэмет-Палачанскага, вядомага як аўтара паэм "Даўгінаўскі пагром", "Вяселле ў Беляка", "Барысаў камень" і іншых. Ён нарадзіўся ці то ў вёсцы Вуткі, ці то ў Грэліках, якія цяпер зліліся з вёскай Засценкі. Прозвішча Палачанскіх яшчэ нядаўна сустракалася на Іжаншчыне. 24 мая 1863 года атрад паўстанцаў быў разбіты ў чыстым полі паміж Bуткамі і Любкамі. Андрэю Палачанскаму выратавацца не ўдалося, і ён быў сасланы ў Сібір.
Бацькі дбалі аб набыцці дзяцьмі добрай адукацыі. Спачатку іх вучылі ў Крыстынопалі нанятыя дамашнія настаўнікі, а затым адпраўлялі ў Вільню. Старэйшы Юзік вучыўся ў юнкерскай школе, а Адам і Ян трапілі ў рэальнае вучылішча.
Сям'я Гурыновічаў, каб забяспечыць дзяцей кватэрай, прыдбала ў Вільні невялічкі дом. Бацькі пры жыцці пасадзілі раскошны сад, у квецені ценю якога пазней хавалася і сама будыніна. Не адно дрэўца вырасла там і з дзіцячых рук.
Застаўшыся адна, маці з цяжкасцю зводзіла канцы з канцамі з невялікіх даходаў сваіх фальваркаў, але старалася, каб дзеці вучыліся далей.
14 чэрвеня 1886 года Адам пасля сямі год навучання атрымаў атэстат аб заканчэнні поўнага курса Віленскага рэальнага вучылішча, а праз год- пасведчанне аб заканчэнні механіка-тэхнічнага аддзялення дадатковага класа гэтага ж вучылішча. Тады жадным першых здае ўступныя экзамены ў Пецярбургскі тэхналагічны інстыту амаль з аднымі пяцёркамі, аб чым ён з гонарам пісаў сваёй маці. Прага да навукі, матэрыяльныя цяжкасці вымушалі яго хадзіць на заняткі паўгалодным у дзіравых гамашах, якія часта рваліся, і ён самастойна зашываў іх. У адным з пісьмаў дадому Адам прасіў прыслаць, калі гэта магчыма, грошы на боты. Халодны клімат і пастаянна мокрыя ногі прывялі яго да хваробы, і Гурыновіч вымушаны пасля лячэння ў бальніцы ўзяць акадэмічны водпуск. Аднавіўся ён у тым жа інстытуце на наступны год.
Пішучы пра навуковую дзейнасць Адама ў інстытуце, першы даследчык яго творчасці Браніслаў Тарашкевіч адзначаў, што тут ён спецыяльна займаўся ўлепшаннем паравоза і ў гэтым пытанні меў быць на дарозе да важных і цікавых вымыслаў.
З 1889 года Гурыновіч уключаецца ў студэнцкі рэвалюцыйны рух, чытае забароненыя кнігі, становіцца актыўным членам падпольнага таварыства, якое мела назву."Гурток моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай", некаторы час нават узначальваў яго. Гурток супрацоўнічаў з групай Бруснева, якая ў свой час злілася з марксісцкай арганізацыяй "Г.М. і Ю.І.Радзевіч". Габрыель Радзевіч - пляменнік жонкі Францішка Багушэвіча. Магчыма, таму і адбылося знаёмства Адама Гурыновіча і Францішка Багушэвіча. Ёсць факт і працягу гэтага знаёмства. З 1890 года Гурыновіч вядзе перапіску з вядомым польскім мовазнаўцам, фалькларыстам, этнографам Янам Карловічам, рэдактарам часопіса “Вісла”, дасылае яму народныя песні, этнаграфічныя і іншыя матэрыялы, запісаныя ў наваколлі Крыстынопаля. У прыватнасці, ад пакаёўкі Кацярыны Смаленскай з Золек і Аляксандры Шляпы з вёскі Дзям'янавічы (у нядаўнім часе сселена як хутары). У 1893 годзе праца А.Гурыновіча “Зборнік: беларускіх твораў (з Вішнеўскай воласці Жодзішскай парафіі Свянцянскага павета)”, усяго 165 песень і 37 загадак, была надрукавана ў часопісе "Збор ведамасцей" Кракаўскай акадэміі навук.
Вішнева - радавы маёнтак Гарловічавай жонкі Ірэны, размешчаны на беразе аднайменнага возера. У ім Ян з сям'ёй жыў у 1873-1882 гадах, а потым аддаў яго ў арэнду. Некаторы час апекуном маёнтка быў Ф.Багушэвіч, а гэта ўсяго каля 10 кіламетраў ад Крыстынопаля. У лісце да Гарловіча Багушэвіч пісаў, што з яго сынам Эдмундам быў на паляванні ў леснічоўцы Бондзе (Вілейскі раён), плаваў па возеры. Зразумела, што з Янам Гарловічам Гурыновіча пазнаёміў сам Ф.Багушэвіч, магчыма і завочна.
Не выпадкова, бо ведаў Багушэвіча асабіста і знаёмы з яго творамі, Адам Гурыновіч прысвячае свайму духоўнаму настаўніку паэтычныя радкі:
Дзякуй табе, браце,
	Бурачок Мацею,
За тое, што ў сэрцы
	збудзіў ты надзею,
Што між братоў нашых
	знаходзяцца людзі
З кахаючым сэрцам
	і баляшчай груддзяй.
Дзякуй табе, браце,
	і за тыя словы,
Што ўспомнілі звукі
	нашай роднай мовы,
Бяры, браце, дудку,
	Наладзь і жалейку,
Няхай песнь смутная	.
	ідзе ўкалейку
І будзіць у сэрцах , мысль
	аб лепшай долі,
Якой ,мы не зналі
	дагэтуль ніколі.

Рэвалюцыйныя сувязі студэнцкага гуртка расшыраліся, дасягнулі Пляханава ў Лондане, Івана Франко ў Львове... У пісьме ад 12 лістапада 1892 года ў Цюрых да сваёй сяброўкі Станіславы Пяткевіч, якая там вучылася, Адам прасіў прыслаць цэлы стос нелегальнай літаратуры. Сярод кніг ён заказваў найбольш каштоўныя для маладзёжнага гуртка, у тым ліку 20 найменняў на польскай мове, 22 на рускай, 6 на ўкраінскай (маларускай) і 2 на беларускай: "Пра багацтва ды беднасць" і "Дудка Беларуская". Усяго 900 экземпляраў.
Са Станіславай (поўнае імя Станіслава-Марыя-Агата) Уладзіславаўнай Пяткевіч, дачкой калежскага асесара, Адама спачатку звязвала толькі дружба, пазней пачуццё рабілася больш цёплым і сардэчным. Але дзяўчына была вельмі захоплена запалам рэвалюцыйнай барацьбы, гатовая ахвяраваць дзеля гэтага і сваім каханнем. Таму згадзілася дзеля супольных мэт уступіць у фіктыўны шлюб. Станіслава намёкамі жадала свайму нарачонаму напаткаць сваё сапраўднае шчасце.
У жыцці паэта была яшчэ адна дзяўчына Роза Швайніцкая, якая была заручана з Яго родным братам Янам-Казімірам, хоць і не кахала яго. Яе больш прывабліваў Адам, часта пісала яму пяшчотныя, даверлівыя, а часам і павучальныя пісьмы, якія падпісвала словам "Чужая Роза". Адаму Гурыновічу ўдалося закончыць чатыры курсы інстытута. Дакументаў, сведчых аб атрыманні ім дыплома, пакуль не знайшлося , але застаўся аўтограф, які пацвярджае гэту надзею:
Вот, наконец-то, слава Богу,
Я аттестат держу в руках,
Держу, а сердце
		бьет тревогу,
И неотвязный шум в ушах.

Тым часам з 9 мая 1893 года ў некаторых студэнтаў Пецярбурга, якія былі звязаны з дзейнасцю маладзёжных гурткоў, пачаліся вобыскі. Ва ўсіх западазроных асобаў былі знойдзены рэвалюцыйныя выданні, пераважна на польскай мове. Пачаліся арышты і допыты.
12 чэрвеня Дэпартамент паліцыі ў данясенні начальніку Віленскага губернскага жандарскага ўпраўлення просіць устанавіць па прыбыцці ў Вільню Адама Гурыновіча і Станіславы Пяткевіч пільны за імі нагляд. Вышэйзгаданае пісьмо было перахоплена паліцыяй. Але сувязь гурткоўцаўз падпольным рухам была надзвычай шырокая, і яны змаглі атрымаць неабходную літаратуру ў падпольных арганізацыях Вільні і Панявежыса. Канчаткова дапамагла ім у гэтым Р.Швайніцкая. Праз два дні ўжо шыфраванай тэлеграмай на той жа адрас паступае паведамленне, што 10-га дня Гурыновіч выехаў у Вільню і яго неабходна абыскаць, арыштаваць і адправіць у сталіцу. 16 чэрвеня пры вобыску на яго кватэры была знойдзена значная колькасць, як гаварылася ў пастанаўленні аб арышце, злачынных выданняў.
А.гурыновіч быў спачатку змешчаны ў дом папярэдняга зняволення, а пасля перапраўлены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Там жа аказаліся яга сябры і Р.Швайніцкая. Допыты пачаліся толькі ў кастрычніку.
У канцы лістапада ў сувязі з абвастрэннем хваробы Адам быў вызвалены з муроў і адпраўлены пад нагляд паліцыі ў Крыстынопаль. Была адпушчана на свабоду і Роза.
Дома Гурыновіч акрамя паэзіі займаўся гаспадарчымі справамі, любіў сталярнічаць, марыў да апошніх хвілін свайго жыцця аб хутчэйшым выздараўленні і вяртанні да жаданай справы, будаваў планы на будучыню. Але невылечная ў той час "чорная воспа" перамагла. І ён памёр 14(26) студзеня у свае толькі 25 гадоў. Праз некалькі дзён пасля гэтага на адрас паэта прыйшло пісьмо ад Розы, у якім яна, хаця і ведала пра цяжкую хваробу Адама, прызнаецца яму ў сваім высакародным, вялікім пачуцці і гатова прыбыць да яго па першым клічы, не баючыся асуджэння родзічаў каханага. Але ўжо было позна.
Паэтычны талент Гурыновіча толькі пачынаў загарацца і раптам патух, як тая зорка, што скацілася па небасхіле. Пры яго жыцці не было надрукавана ніводнага верша. І усё ж спадчына А.Гурыновіча, як прадстаўніка беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя, захавалася найбольш поўна, хаця і мела страты. Вядома, што пры вобыску паліцыяй у 1896 годзе ў яго былі забраны 8 сшыткаў з рукапісамі на беларускай мове, якія праз паўгода нарэшце трапілі ў Дэпартамент паліцыі ў Пецярбурзе. Прадстаўнікі Дэпартамента адразу звярнуліся ў Віленскае губернскае жандарскае ўпраўленне з просьбай перакласці іх на рускую мову, на што атрымалі фармальны адказ аб адсутнасці на месцы асоб, якія ведалі б беларускую гаворку. Далей сшыткі перасылаюцца ў Мінск. 3 лютага 1894 года, калі А.Гурыновіча ўжо не было ў жывых, начальнік Mінскага губернскага жандарскага ўпраўлення, які падышоў да даручанай справы больш адказна, пісаў у Пецярбург: "...з 8 сшыткаў на беларускай гаворцы, адабраных у Гурыновіча, уважліва разгледжаны толькі чатыры, якія пры гэтым і прадстаўляюцца. У адным з іх, пазначаным мною №1, змешчаны артыкулы яўна рэвалюцыйнага зместу ў сэнсе польскага паўстання. Адносяцца яны да часу паўстання 1862 г. (1862 г. запісаны, відаць, памылкова. патрэбна чытаць 1863г. - А.Р.). Сшытак гэты перакладзены падрадкова. Пра змест астатніх 3 сшыткаў, паколькі ў ім няма нічога заганнага, выкладзена коратка. 4 сшыткі, што засталіся ў мяне, прагледжаны толькі павярхоўна і, відаць, нічога палітычнага не змяшчаюць. Пасля больш уважлівага іх разгляду будуць прадстаўлены мною дадаткова тыдні праз два".
Далейшы лёс гэтых сшыкаў застаўся невядомы. Частка архіваў была знішчана і сваякамі, у першую чаргу родным братам паэта - Янам Гурыновічам, і канфіскавана падчас вобыску і арышту Адама жандармамі. "Усё, што было лепшае, рэвалюцыйнае сваім зместам, найбольш спелае ў мастацкіх і ідэйных адносінах, нажаль, не захавалася..." - сцвярджаў вядомы дзеяч заходнебеларускага руху Янка Шутовіч. Яшчэ ў сярэдзіне 30-х гадоў XX стагоддзя ён наведаў месцы, звязаныя з жьщцём А.Гурыновіча, у тым ліку Кавалькі і Крыстынопаль, але нічога каштоўнага са спадчыны паэта ўжо знайсці не ўдалося. У Крыстынопалі, па яго сведчанні, сямейныя могілкі былі знішчаны ў гады першай сусветнай вайны. Непадалёку адсюль доўгі час праходзіла лінія фронту.
Патрэбна адзначыць, што ў 1997 годзе група краязнаўцаў Вілейшчыны, сярод якіх быў і аўтар гэтага артыкула, падрабязна абследавала могільнік вёскі Золькі, на якім хаваліся Гурыновічы. Адна са старажылаў бліжэйшай вёскі Муляры, якая добра была знаёма з гісторыяй і лёсам сям'і паэта, сцвярджала, што магіла Адама знаходзілася побач з магілай яго бабулі па бацькавай лініі і паказала на рэшткі помніка на ёй- груду камянёў.
Творчая спадчына А.Гурыновіча збераглася, дзякуючыяго родзічам, у асноўным сястры Канстанцыі (па мужу Странкоўскай), якая пазней жыла ў Кавалях (памерла ў1935 годзе), і іх пляменніцы Яніны Гурыновіч.
Яна нарадзілася ў год смерці свайго дзядзькі-паэта ў Крыстынопалі і стала сусветна вядомай вучонай у галіне неўралогіі і фізіялогіі. Яшчэ калі вучылася ў Віленскім Марыінскім інстытуце, з ёй пазнаёміўся выдатны беларускі вучоны і грамадскі дзеяч Браніслаў Тарашкевіч, а праз яе з сястрой А.Гурыновіча Канстанцыяй і братам Янам. Тарашкевічу ўдалося на аснове вывучэння часткі рукапісу паэта ў 1921 годзе апублікаваць у газеце "Беларускі звон" артыкул "Адам Гурыновіч". Там былі такія словы: "Шчаслівым здарэннем захавалася і цяпер можа паказацца на свет у друкаванай вопратцы невядомая дагэтуль літаратурная спадчына Адама Гурыновіча, беларускага паэта канца 80-х і пачатку 90-х гадоў... Тое, што знаходзіцца цяпер у нашых руках, гэта толькі невялікая часціна творчасці Гурыновіча, і, магчыма, знойдуцца йшчэ яго творы". Далей прыводзіўся спіс 24-х вершаў - сваіх і перакладаў, частка якіх была надрукавана, спасылка на багаты этнаграфічны матэрыял, сабраны Гурыновічам у Свянцянскім павеце.
На пачатку 30-х гадоў Я.Гурыновіч, становіцца дацэнтам Віленскага універсітэта, доктарам медыцыны. Выкарыстаную Тарашкевічам частку рукапісаў яна перадае ў віленскі Беларускі музей, а адтуль - у Віленскую акадэмічную бібліятэку. Сустракалася з Янкам Купалам, знаёміла яго з творчасцю брата.
Я.Шутовіч, пазнаёміўшыся з пляменніцай паэта, так характарызаваў яе: "Яніна Гурыновіч з усіх родзічаў Адама, якія асталіся па ягонай заўчаснай смерці, найбольш рупна і добрасумленна збірала яго літаратурную спадчыну, як найдаражэйшы скарб, клапатліва яе перахоўвала, у пошуках гэтай спадчыны яна ездзіла з Вільні ў фальварак Кавалі і ў іншыя месцы, шукала яе ў будынках, на застрэшках, збірала яе ад родзічаў, сясцер і братоў паэта, ад сваіх цётак і дзядзькоў".
Пасля вайны Я.Гурыновіч выехала ў Польшчу, дзе працавала прафесарам Торуньскага ўніверсітэта імя Каперніка. Частку яшчэ нявыкарыстанага архіва А.Гурыновіча забрала з сабой. Перад сваёй смерцю (1967 г.), зразумеўшы каштоўнасць застаўшыхся ў яе дакументаў для беларускага народа, завяшчала іх Акадэміі навук БССР. У 1971 годзе Яны сталі набыткам беларускага народа. А.Мальдзіс, які першы азнаёміўся з гэтымі матэрыяламі, характарызаваў іх як адіны пісьменніцкі архіў, які дайшоў да нас з таго часу.
Аднак у 1980 годзе высветлілася, што яшчэ адна частка архіва Яніны Гурыновіч пасля яе смерці трапіла ў бібліятэку Торуньскага універсітэта. Сярод яго дакументаў знаходзяцца здымкі А.Гурыновіча і дзве фотакарткі сядзібы ў Крыстынопалі. Драўляны дом уяўляў сабой пабудову на два канцы, крыты дранкай і ўпрыгожаны ганкам з калонамі - звычайны дом тагачаснага фальварка.
Паэт напісаў на трох – найбольш на беларускай, а затым на польскай і рускай, рабіў пераклады класікаў А.Пушкіна, М.Някрасава, А.Талстога, І.Крылова, І.Франко, Э.Ажэшкі, А.Міцкевіча і іншых, чым вучыўся ў вялікіх майстоў прафесіяналізму, пашыраў тэматычныя і жанравыя рамкі нацыянальнай літаратуры, узбагачаў родную мову. Гэта з-пад яго пяра ўзніклі пранікнёныя радкі з паэмы апошняга "Конрад Валянрод".
Вялля! Ты нашых ручаёу
		матуля,
Дно залаціста,
	сама як красуля,
Страйна ліцвячка,
	што з ёй бярэ воду.
Страйнае маіць
		сэрца і ўроду...

Найбольш значныя творы раскрываюць рэакцьпо паэта на сацыяьную несправядлівасць. Заклікаюць да помсты эксплуататарам, навеяны верай у сілу народнага гневу, ва ўстаноўленне годнасці, самасвядомасці беларускага мужыка. Гэта найперш такія вершы, як "Перш душылі паны...", "Што ты спіш, мужычок", "Што за звук ды так громка раздаўся...", "Дружа мой, пачакай" і іншыя. Сярод твораў на польскай мове асаблівую цікавасць выклікае вершаванае апавяданне "На фабрыцы". Акунуўшыся ў рэвалюцыйную барацьбу, пачынаючы паэт зразумеў, што рашаючую ролю тут будзе вырашаць рабочы клас, і першым з беларускіх пісьменнікаў звярнуўся да тэмы пралетарыяту, хаця і не на роднай мове.
Тэма рэвацюцыі становіцца асноўнай у яго вершах. Гурыновіч канчаткова парывае з тым класам, да якога адносіўся сам, і выносіць яму вершаваны прысуд:
Перш душылі паны,
Што шляхтай зваліся,
Цяпер сукіны сыны
За нас узяліся.

А далей вынікае расплата, якая павінна наступіць:
Няхай хлопцы ўсе
Збіраюцца кучай,
У такім хаўрусе
Станімся мы тучай.

А з тэй тучы, як гром
Сярод летняй ночы,
загручыць усім паном
Загуба ў вочы.

Некаторыя свае творы ён падпісваў псеўданімам "Юрка", за што дамашнія часта яго так і звалі. Гэта выклікала законныя пытанні аб аўтарстве вядомага верша "Панскае ігрышча", падпісанае "Юркам", не высветленае да канца і сёння.
Адам Гурыновіч пражыў- кароткае, але яркае жыццё, заўсёды быў жыццялюбам. Пра сябе ён пісаў так:
Я немножко литератор.
А при случаях (!) фатор.
А в счастливое мгновенье,
Коль случится вдохновенье,
Я могу быть и поэтом,
Хоть непризнан я злым
светом.
Что увижу, опишу
И таким любить прошу.
Представляться не ўмею,
Лицемерить, лгать не смею,
Уж простите, коль смешу,
Но таким любить прошу.

Добрая памяць пра паэта да гэтага часу жыве на радзіме. Яго імем названы вуліцы ў Вілейцы і Мядзеле. Рыхтуецца да выпуску ў Беларускім кнігазборы найбольш поўны зборнік твораў А.Гурыновіча.
Пісьмо Я.Карловічу.
"Пецярбург 20 верасня 1890г.
Шаноўны пан рэдактар!
Перапрашаю, што адважыўся дакучаць сваё просьбай. Але даруйце мне, бо ў гэтым выпадку не ведаю, да каго звярнуцца: таму вымушаны зноў прасіць Вас.
Справа у тым, што на адасланыя на імя, пана каля дваццаці беларускіх песень, даслаў ліст, у якім Вы мне паведамілі, што "Wisіа" друкаваць іх не можа і што калі я захачу, дык пан будзе ласкавы пераслаць іх у Краўскую акдэмію. Што з імі сталася - не ведаю, паколькі ад таго часу ніякай весткі пра іх не меў. Аднак, не зважаючы на гэта, працу ў тым накірунку, дужа для мяне прывабным, не кідаў і ў часе вакацый рабіў, што мог. Я сабраў яшчэ каля 200 розных песен, якія хацеў, калі тое яшчэ мажліва, надрукаваць разам з раней надасланымі. Дзе, як і на якіх умовах - усё роўна, бо мне як неафіту, першая апублікаваная праца дадала б болей энергіі і ахвоты да наступнай працы, якая, можа, вялікай карысці нікому не прынясе, але і шкоды, з пэўнасцю, не зробіць. За найлепшыя лічу амаль усе песенькі, запісаныя ад пакаёўкі Кацярыны Смаленскай з вёскі Золькі, прыпеўкі ад Аляксандра Шляпы з Дзям'янавіч. Паколькі, мяркуючы з Вашага ліста, "Wіsіа" друкаваць гэтыя песенькі не зможа, дык прасіў бы шаноўнага пана пераслаць іх у Кракаўскую акадэмію, бо сам не ведаю, якім чынам гэта зрабіць. На перасылку далучаю пры гэтым лісце 1 р. срэбрам. На выпадак, калі і Кракаўская акадэмія не захоча друкаваць песенек, прасіў бы адаслаць іх назад. У кожным разе буду чакаць адказу шаноўнага пана з нецярплівасцю, бо праз яго даведаюся пра лёс мае працы. Застаюся з шчырай павагаю А.Гурыновіч...".
Анатоль РОГАЧ
Last Updated ( Saturday, 17 March 2007 )
 
< Prev   Next >
      Visitors: 6654637





Adverts
Advertisement


Бясплатны хостынг

Internet Map