За Свабоду!
Паазер'е
Home arrow History arrow People arrow Аляксандр Ходзька
Аляксандр Ходзька Print E-mail
Saturday, 03 March 2007
Аляксандр ХодзькаАляксандр Ходзька (Барэйка) нарадзіўся 30 жніўня 1804 года ў Крывічах, маёнтку свайго бацькі Яна Ходзькі, вядомага пад псеўданімам Пан Ян са Свіслачы. Маёнтак гэты быў размешчаны над берагамі рэчкі Сэрвеч, ля аднайменнага мястэчка ў тагачаснай Віленскай губерні (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці).
Даўні шляхецкі род Ходзькаў быў вядомы сваімі культурнымі і патрыятычнымі традыцыямі. Бацька Аляксандра Ян Ходзька (1777–1851) даволі папулярны ў Беларусі і Літве польскі пісьменнік, асветнік. Улады заключалі яго ў Петрапаўлаўскую крэпасць, высылалі з Беларусі за актыўны ўдзел у барацьбе супраць царызму.
Аляксандр атрымаў добрую хатнюю адукацыю, вывучыў некалькі замежных моў. Дзякуючы багатай бібліятэцы бацькі, пазнаёміўся з творамі еўрапейскіх класікаў. Але “прага ведаў неспаталяльная” прывяла юнака ў Вільню, дзе ён скончыў гімназію, а пасля, у 1820 годзе, паступіў на філалагічны факультэт мясцовага універсітэта, які прывабліваў моладзь сваімі прафесарамі, што падзялялі прагрэсіўныя навуковыя ідэі. Неўзабаве А.Ходзька, дзякуючы старэйшым сябрам Тамашу Зану і Яну Чачоту, уваходзіць у студэнцкае таварыства філаматаў, становіцца сакратаром Блакітнага (філалагічнага) саюза філарэтаў.
У 1823 годзе тайныя арганізацыі, якія аб’ядноўвалі студэнтаў з усёй Літвы і Беларусі, былі выкрыты і разгромлены царскімі ўладамі. А.Ходзька, як і іншыя патрыёты, у тым ліку яго сябры Міцкевіч, Чачот, Зан і Дамейка, з восені 1823 года да вясны 1824 года знаходзіўся ў зняволенні, аднак быў апраўданы. Працягваў вучобу і ў 1825 годзе скончыў універсітэт са ступенню кандыдата філасофіі.
Яшчэ ў Вільні ў Ходзькі з’явілася цікавасць да культуры народаў Усходу, арабскай графікі. У той жа час ён стаў вядомы як паэт, прапагандаваў сярод літаратурнай моладзі ідэалы рамантызму і цікавасць да ўсходніх матываў. Каб лепш вывучыць усходнія мовы, юнак рашыў пераехаць у Пецярбург, дзе былі засяроджаны лепшыя сілы ўсходазнаўцаў Расіі. У студзені 1827 года ён паступіў на вучэбнае аддзяленне жывых моў пры Азіяцкім дэпартаменце Міністэрства замежных спраў, якое рыхтавала супрацоўнікаў рускіх місій у Турцыі і Персіі, там вывучаў турэцкую, персідскую і арабскую мовы.
Вынікі цікавасці А.Ходзькі да культуры народаў Усходу выявіліся пазней. А пакуль ён, як і іншыя рамантыкі, звярнуўся да ідэалаў простага народа, дзе бачыў чысціню і праўду жыцця. Па матывах беларускіх народных песень пісаў польскія вершы і балады. Міцкевіч усяляк падтрымліваў памкненні Ходзькі, высока цаніў яго паэтычныя здольнасці, прысвяціў яму наступныя радкі:

Сокал! Ты між небасхілаў
З арлом сустрэўся: вось дзе птах!
На дол спадаў цень смутны крылаў,
Ды ззяла полымя ў вачах!

Па беларускіх матывах Ходзькам былі напісаны пяць песень, змешчаных у яго зборніку “Паэзія”, які выйшаў у Пецярбургу ў 1829 годзе. У зборнік, прысвечаны Міцкевічу, былі ўключаны некалькі элегій, балад па “літоўскіх” (беларускіх) народных матывах: “Васілёк”, “Алеся”, “Маліны”, “Вясенняя ноч у Літве”, “Паніч і дзяўчына”, балада “Незнаёмец”, у якой адбіліся ўспаміны аб турэмным зняволенні. У кнігу таксама ўвайшлі балады па матывах азербайджанскіх, туркменскіх, башкірскіх, новагрэчаскіх, харвацкіх песень і паэма на арабскі матыў “Дэрар”, якую ў 1839 годзе пераклалі на рускую мову і надрукавалі асобным выданнем. Некалькі твораў А.Ходзькі, перакладзеныя на беларускую мову Кастусём Цвіркам, увайшлі ў зборнік “Філаматы і філарэты” (Мн., 1998).
У сталіцы, не без дапамогі Міцкевіча, Ходзька пазнаёміўся з элітай рускай інтэлігенцыі — Аляксандрам Пушкіным, Васілём Жукоўскім, Пятром Вяземскім. Яны ведалі і цанілі яго паэзію. “Литературная газета”, якую выдаваў А.Дэльвіг пры актыўным удзеле А.Пушкіна, адгукнулася на “Паэзію” прыхільнай рэцэнзіяй. Міцкевіч жа адказаў сябру ў лістападзе 1830 года з Жэневы: “Тваю “Паэзію” мы чыталі тут з вялікай асалодай (...) Ты выбраў добра: усе вершы каштоўныя, а многія цудоўныя, асабліва песенькі і балады”.
Гэты ліст ужо не застаў Ходзьку ў сталіцы: 1 студзеня 1830 года ён быў прызначаны перакладчыкам расійскай місіі ў Персіі. Ехаў туды па свежых слядах А.Грыбаедава. У Персіі займаў пасаду перакладчыка пры рускім консульстве ў Тэбрызе (з сакавіка 1832 года), сакратара генеральнага консула (з лістапада 1833 года), консула ў Рэшце — адміністрацыйным цэнтры правінцыі Гілян (са жніўня 1834 года). Пасылаў адсюль нататкі ў пецярбургскія выданні.
Са знаходжаннем у Персіі звязаны самы супярэчлівы і складаны перыяд у біяграфіі нашага суайчынніка. Працягваючы фалькларыстычныя і этнаграфічныя традыцыі віленскіх таварыстваў, ён вывучаў незнаёмую краіну, яе гісторыю, побыт, культуру, цікавіўся іншымі народамі, падпарадкаванымі Персіі. Але служба царскаму ўраду скоўвала паэта. Ён перастаў пісаць вершы, заняўся перакладамі.
Трагедыю свайго тагачаснага жыцця А.Ходзька пераказвае ў адным з пасланняў А.Міцкевічу: “Праз адзінаццаць гадоў побыту на Усходзе думка гэта (пра службу царызму. — Я.Ф.) паўставала перад вачыма, пазбаўляла сну, грызла сумленне. Мне былі рады, бо служыў я сумленна. Узнагароды і пахвалы мяне не цешылі, сярод калег я быў чужы, іншы ад іх думкамі, пакутаваў. Пакуль быў з Вамі ў Вільні, унутранае жыццё маё было гэткім ясным і рухомым, ды пачало ўжо канаць яшчэ ў Пецярбургу, памеркла ў Персіі і, бадай, ці не назаўсёды згасла. Адчуваючы сябе на службе не ў сваёй стыхіі, звярнуўся да ўсходняй паэзіі (...). Неабходнасць маральнага адраджэння, што ўзрастала ўва мне, заставалася непераадольнай...”
У красавіку 1841 года А.Ходзька выехаў у адпачынак, каб падлячыцца ў паўднёвай Еўропе, і правёў яго ў Грэцыі і Італіі. Ён звольніўся з дыпламатычнай службы і пасяліўся спачатку ў Лондане, потым ў Парыжы. Тут аднавіў сяброўства з Міцкевічам. Дарэчы, працытаваны ліст быў напісаны на пачатку 1842 года — раней, будучы ў Персіі, Ходзька пісаць Міцкевічу не мог, бо карэспандэнцыя правяралася.
На доўгія гады, аж да шлюбу Ходзькі з зямлячкай Геленай Юндзіл, Міцкевіч быў малодшаму сябру за старэйшага брата, якому той адкрываў усё, не тоячы ні добрага, ні дрэннага. Разгублены, бясконца адзінокі, Ходзька пісаў сябру з Лондана: “З ліста майго можаш бачыць, Адаме, як пуста ў маёй душы. Апатыя, вынесеная з Персіі, дагэтуль ува мне. Малюся, і ласка не прыходзіць, чытаю, заўважаю і забываю, заўважанае хутка выветрываецца з памяці. Жахлівая пустэча, ні веры, ні надзеі”.
А вось што адказаў, падбадзёрваючы, Міцкевіч: “Аднойчы, калі мы з Адынцом (паэт родам з Ашмяншчыны. — Я.Ф.) вандравалі каля Везувія, перад намі паўстала дзіўная карціна: сарваўшыся, бык трапіў у пясчаны схіл гары. Ён упарта імкнуўся ўгару, пясок жа, асыпаючыся, цягнуў яго долу. Праз дзве гадзіны бык перамог і вылез з пяску. Адынец убачыў у гэтым спектакль, я — веліч духа, што выяўляецца ў барацьбе (...) Зразумей, што ўсё нізкае: апатыя, лянота, нежаданне жыць з’яўляецца нашай спакусай ад злога. Не шкадуй сіл, каб узняцца над ім...”
Вось у такіх умовах, у змаганні з самім сабою нарадзілася самая вядомая кніга А.Ходзькі “Specimens of the popular poetry of Persia... (“Узоры народнай паэзіі Персіі... Лондан, 1842), куды ўвайшлі песні прыкаспійскіх народаў, а таксама славуты ўсходні эпас “Кёр-Аглы”. Потым з Ходзькавага англійскага перакладу гэты эпас быў перакладзены на нямецкую, французскую і рускую мовы (дарэчы, па-французску яго пераўвасобіла Жорж Санд).
Наступныя кнігі нашага суайчынніка — “Граматыка персідскай мовы”, падручнік турэцкай мовы, зборнік драматургіі “Персідскі тэатр”, артыкулы і гісторыка-этнаграфічныя нататкі, фальклорныя публікацыі, у якіх асвятлялася невядомая свету самабытная культура сённяшняга Ірана і прылеглых да яго краін.
Адным з першых сярод даследчыкаў А.Ходзька звярнуў увагу на персідскія прадстаўленні “Тэазіе” і апублікаваў пяць тэкстаў гэтых п’ес.
“Усходазнаўчыя працы Ходзькі, — пісаў адзін з першых беларускіх аўтараў, хто звярнуўся да яго спадчыны, Валянцін Грыцкевіч, — атрымалі прызнанне яго сучаснікаў і наступных даследчыкаў, што апісвалі вывучэнне Ірана і яго культуры. Яны адзначалі велізарную работу першапраходца па зборы фальклору прыкаспійскіх народаў” (“Полымя”. 1990. № 5).
У 1857 годзе А.Ходзька дарэмна імкнуўся заняць вакантнае месца выкладчыка персідскай мовы ў парыжскай Школе ўсходніх моў — не дазволілі інтрыгі. Праўда, сын мядзельскай зямлі некалькі гадоў працаваў у Міністэрстве замежных спраў Францыі як спецыяліст-усходазнавец. Але пасля Крымскай вайны цікавасць да Усходу ў Францыі зменшылася. І тут зноў сутыкнуліся лёсы Ходзькі і Міцкевіча. Калісьці аўтар “Пана Тадэвуша” прарочыў у працытаваным вершы, што сябар з-над Сэрвечы зойме яго “трон”, маючы на ўвазе паэзію. “Трон” аднак аказаўся крыху іншы — асветніцкі.
У 1855 годзе вялікі паэт памірае, Ходзька, нібы з яго благаславення, займае асірацелую кафедру прафесара славянскіх моў і літаратур у парыжскай вышэйшай школе Калеж дэ Франс і кіруе ёю 26 гадоў (1858–1883). Болем адгукнулася смерць Адама ў сэрцы Аляксандра. Нібы пра іх былі напісаны радкі ранейшай паэмы Ходзькі “Старац”:

Песні памяць нам вяртаюць,
Даўніну ўсю ўваскрашаюць.
Помніш, гэту — на вяселлі
На маім ты пеў вясёла (...)
Зніклі ўсе ужо назаўсёды,
Толькі мы ўцалелі двое.
Бы ад пушчы два старыя
Вязы-берасты сівыя,
Што стаяць адны ў самоце (...).
(Пераклад Кастуся Цвіркі).

У наступныя гады жыцця вучоны ўдзяляе больш увагі славянскім культурам. Перакладае і выдае ў Парыжы зборнікі фальклору, у тым ліку ўкраінскага і латышскага, выдае “Стараславянскую граматыку”, перапісваецца са сваімі землякамі А.Кіркорам, братамі Тышкевічамі. Аднак не перапыняюцца і сувязі з Персіяй. У 1857 годзе ўрад Персіі па рэкамендацыі палітычнага дзеяча Фарух-хана Амін ад-Даула (пры ім Ходзька быў кансультантам у час наведвання Францыі ў 1857–1858 гадах) даручыў яму апекавацца над 42 іранскімі юнакамі, якія вучыліся ў Парыжы. Усходазнавец назіраў за імі да 1868 года.
Памёр А.Ходзька 19 снежня 1891 года ў Нуазі-дэ-Сен, непадалёку ад Парыжа, і быў пахаваны на могілках у Манмарансі.
Праца нашага суайчынніка на ніве ўсходазнаўства дапамагала і дапамагае разбіваць сцены непаразумення, а часта і пыхі ў адносінах Захаду да Усходу. Ён выяўляў духоўныя абліччы прыкаспійцаў у іх чысціні і натуральнасці, даказваў, што нягледзячы на рэлігійныя, дзяржаўныя, меркантыльныя перашкоды ўсе мы людзі, усе народжаны, каб быць братамі і сёстрамі на Зямлі. І праз уважлівае вывучэнне мы зразумеем адзін аднаго.
Пры пэўных стараннях некалькіх краін (Беларусі, Вялікабрытаніі, Ірана, Літвы, Польшчы, Расіі, Турцыі, Францыі) сёлетні юбілей А.Ходзькі мог бы быць адзначаны ва ўсім свеце на ўзроўні ЮНЕСКА, як ранейшыя юбілеі яго сяброў па Віленскаму універсітэту і далейшаму лёсу Адама Міцкевіча і Ігната Дамейкі. Але не адзначаецца. Чаму? Як мне здаецца, таму што над грамадскім дзеячам, змагаром за “мільёны”, урэшце асветнікам у ім браў верх адзінокі рамантык, замкнуты ў сабе летуценнік, сціплы працаўнік.Але гэта не змяншае значнасці зробленага ім для ўзаемаразумення Усходу і Захаду.
Яўген ФУРС
Last Updated ( Saturday, 03 March 2007 )
 
< Prev   Next >
      Visitors: 5890941





Adverts
Advertisement


Бясплатны хостынг

Internet Map