“Хай сняцца сны аб Беларусі”Такія словы пажадаў, каб яны былі напісаныя на магільным помніку 64-гадовы ўраджэнец вёскі Кузьмічы, што на Мядзельшчыне, Алесь Дзікі. Жыць і жыць бы гэтаму чалавеку, але невылечная хвароба звяла ў магілу. На пахаванне з многіх куткоў Беларусі з’ехаліся родныя, сябры-аднадумцы – людзі нялёгкага, складанага лёсу. Калі труну з Алесем Дзікім апускалі ў магільны дол, было выканана і яшчэ адно завяшчанне: аркестр сыграў паланез Агінскага “Развітанне з Радзімай”.
Алесь Дзікі пасля выгнання фашыстаў з Беларусі пачаў вучыцца ў Пастаўскім педвучылішчы. Лёс звёў яго з такімі хлопцамі і дзяўчатамі, якім неабыякавы быў лёс роднай мовы. На вечарынах, сходах юнакі і дзяўчаты гаварылі, што дзе б ні працавалі, будуць карыстацца роднай мовай, пашыраць асвету, культуру.
Алесю Дзікаму і яго сябрам выпаў цяжкі лёс. Арышт, суд, а затым высылка каго на 10, каго на 25 год на вугальныя шахты Сібіры. Яго сябра па зняволенні потым пісаў: “Мне асабліва прыйшоўся па душы Алесь Дзікі. Паглядны з сябе, рослы, статны, з мяккім, пранікнёным позіркам блакітных вачэй. Пасля лёс звёў нас з ім блізка, і я меў магчымасць пераканацца, які гэта быў багаты душой, цудоўны характарам, тыповым беларускім характарам у яго лепшых якасцях чалавека”.
Удалечыні ад радзімы Алесь Дзікі пазнаёміўся з рускай маладой жанчынай (засталася з дзіцем пасля гібелі мужа-лётчыка) Міляй. Міля прыехала з Волагды працаваць на шахту, стала ліфцёршай. Тут і адбылася сустрэча з хлопцам-вязнем, потым, пасля рэабілітацыі, стала яго жонкай. Не пабаялася, што Алесь быў асуджаны як удзельнік Саюза Беларускіх Патрыётаў.
Алесь і Міля пераехалі на пастаяннае жыхарства ў 1983 годзе ў Полацк, выхоўвалі дваіх дзяцей.
Алесь і Міля прыязджалі на Мядзельшчыну. Брат гасціў у сястры Любы ў Слабадзе, у Вольгі – у Гулях.
Міхась ЧАРНЯЎСКІ