
На паўночным усходе летапіснай Літвы, якая ў пачатку 13 ст. складалася з 20 племянных княстваў, размяшчалася Нальшчанская зямля. Састаўной яе часткай быў і сучасны Мядзельскі раён, бо Нальшчаны займалі тэрыторыю з поўначы на поўдзень ад сучаснага г.Даўгапілса да г.Маладзечна і з захаду на ўсход ад г.Пабрадзе да г.Глыбокага. Карэнным насельніцтвам тут былі балцкія плямёны. Пачынаючы з 11 ст. сюды сталі пранікаць славяне-крывічы, пачалася асіміляцыя мясцовых балтаў, бо славянская каланізацыя ішла ўглыб па р.Віліі.
Нальшчаны ўпамінаюцца ў летапісе пад 1258 г., калі на іх тэрыторыю напалі татара-мангольскія войскі Бурундая і валынскага князя Васількі, у 1268 г. лівонцы і рыжане, якія называлі Нальшчаны правінцыяй Літвы.
Паводле паданняў, нальшчанскі князь Даўмонт заснаваў горад Свір, на высокім пагорку збудаваў драўляную абарончую фартэцыю. Летапісная легенда сведчыць, што калі ў 1262 г. ў літоўскага князя Міндоўга памерла жонка, то ён сілай ажаніўся з яе сястрой, жонкай Даўмонта, якая прыехала на пахаванне сястры і была маладзейшая і прыгажэйшая за нябожчыцу. Міндоўг сказаў ёй: «Сястра твая, паміраючы, загадала мне ўзяць цябе за сябе, маўляў, іншая дзяцей не выхавае». Ганарлівы Даўмонт не дараваў крыўды, ён увайшоў у арганізаваную жамойцкім князем Транятам змову супраць Міндоўга. Калі ў 1263 г. Міндоўг паслаў яго разам з іншымі васаламі ў паход на Бранскае княства, Даўмонт са сваёй дружынай вярнуўся назад, напаў і забіў Міндоўга і двух яго сыноў.
У 1265 г. пасля заваявання Нальшчанаў сынам Міндоўга навагрудскім князем Войшалкам Даўмонт разам з 300 дружыннікамі і іх сем'ямі ўцёк у Пскоў. Там у 1266 г. ён прыняў праваслаўе, хрысціянскае імя Цімафей і быў выбраны князем. Паколькі Войшалк аддаў Нальшчаны Полацку, Даўмонт тройчы ў 1266-67 гг. з пскоўскай дружынай хадзіў супраць полацкага князя Гердзеня. У час гэтых паходаў Даўмонт разрабаваў Полацкую зямлю, узяў у палон жонку Гердзеня (яна была цёткай Даўмонта) і двух яго сыноў, загінуў і сам полацкі князь.
З цягам часу Даўмонт адмовіўся ад жадання вярнуць Нальшчаны і прысвяціў сябе служэнню Пскову, дзе княжыў 30 гадоў, ён акружыў горад мураваным сценамі (крэмль і зараз называецца Даўмонтавым градам), ажаніўся з унучкай князя Аляксандра Неўскага княжной Марыяй Дзмітрыеўнай, ад якой меў сына Давыда, які пазней вярнуўся на Беларусь, стаў старостам гарадзенскім і пад імем Давыда Гарадзенскага праславіўся як таленавіты палкаводзец. У 1268, 1269, 1272, 1298 гадах Даўмонт вёў паспяховую барацьбуз крыжакамі, якія нападалі на Пскоўскую зямлю. Састарэлы князь у сакавіку 1299 г. зноў узяў нержавеючы меч і разбіў крыжакоў, што з'явіліся пад Псковам, а 20 мая гэтага ж года памёр.
«Быть же тогда жалость велика во Пскове», - запісалі летапісы. Пасля смерці пскавічы прылічылі князя да ліку святых. Пасля 13 ст. назва Нальшчаны ў пісьмовых дакументах знікла.
І.П.Драўніцкі