|
Saturday, 16 December 2006 |

Георгій Станіслававіч нарадзіўся 17 ліпеня 1937 г. у вёсцы Слабада Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Закончыў Львоўскі політэхнічны інстытут (1959) і Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Працаваў начальнікам Беларускага картаграфічнага геадэзічнага прадпрыемства (1969), старшынёю Мінскага гарвыканкама (1980), першым сакратаром Мінскага гаркама КПБ (1983), старшынёю Камітэта па геадэзіі пры Савеце Міністраў РБ (1991), першым намеснікам міністра замежных спраў РБ (1993) і паслом у Польшчы (1994-1995). Быў старшынёю Вярхоўнага Савета БССР і намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета СССР.
Будучы дэпутатам ВС выказаўся за гістарычную сімволіку. Станіслаў Шушкевіч успамінае, што яго выступленне на беларускай мове з прапановай прыняць бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня станоўча паўплывала на партнаменклатуру, дзякуючы чаму магчымым стала прыняцце закона аб гістарычнай сімволіцы.
Георгій Таразевіч адмоўна паставіўся да рэферэндуму 1995 года. Тады выступіў у абарону нацыянальнай сімволікі і беларускай мовы, а ў знак пратэсту адмовіўся ад пасады пасла ў Варшаве і перайшоў у апазіцыю. З таго часу быў сябрам ЦК Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Народная грамада”. Апазіцыйная дзейнасць паўплывала на тое, што дзяржаўныя ўлады адмовіліся ад сарганізавання пахавання гэтага заслужанага для Беларусі чалавека. Развітацца з нябожчыкам у Дом літаратара прыйшлі сябры па дэмакратычным руху і былыя высокія чыноўнікі. Цяперашнія ўлады прадстаўлялі толькі прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Мясніковіч і старшыня Канстытуцыйнага суда Рыгор Васілевіч.
Памёр 21 сакавіка 2003 г. у Мінску. Георгія Таразевіча пахавалі на Усходніх могілках у Мінску.
Дадатковыя звесткі
Артыкул Алеся ГIБОК-ГIБКОЎСКАГА ў газеце "Народная воля" №№113-116 2007 г. "Недапісаная кніга Георгія Таразевіча" (.zip архіў, 98,5 кБ)
|
|
Last Updated ( Sunday, 30 September 2007 )
|