За Свабоду!
Паазер'е
Home arrow History arrow People arrow Іван і Станіслаў Канаржэўскія
Іван і Станіслаў Канаржэўскія Print E-mail
Tuesday, 12 December 2006
Вольналюбівая і гераічная нарачанская зямля нарадзіла расійскаму ваенна-марскому флоту двух адміралаў: Івана і Станіслава Канаржэўскіх. Іх бацькі адзін час жылі ў старым “Мядзіолі” – сучасным Мядзеле. І зусім не дзіўна, што любоў да мора іх дзяцей, несумненна, нарадзіла беларускае “мора” Нарач.
Лёс сваіх сыноў дапамог вырашыць бацька. Гісторыі вядома, што быў ён вельмі адукаваны, настойлівы, у якасці сакратара суда працаваў у Вілейцы і добра ведаў самога цара Мікалая I. Усё гэта і дапамагло яму ўладкаваць сваіх нашчадкаў у Санкт-Пецярбургскі марскі кадэцкі корпус. Ішоў 1843 год, і кіраваў навучальнай установай у той перыяд сам адмірал Іван Крузенштэрн – славуты вучоны, даследчык і мараплаўца. Усе кадэты вельмі любілі свайго настаўніка і, вядома ж, ва ўсім хацелі быць падобнымі на яго.
Як добры і цікавы сон адной ночы праляцелі гады вучобы. І вайсковая служба родных братоў Канаржэўскіх пачала працягвацца не толькі на розных караблях, але і на розных... флатах. Малодшы (Іван) быў накіраваны на Балтыку, Станіслаў – на хвалі Чорнага мора.
Пра мужную і сумленную службу адміралаў-беларусаў расказалі архіўныя фонды Санкт-Пецярбурга. Вядомы ў Маладзечне заслужаны работнік культуры Беларусі Вячаслаў Ляшковіч не адзін раз наведваў Цэнтральны Ваенна- марскі архіў, даследваў і вывучаў шматлікія дакументы. Добра захаваліся вахтавыя запісы з караблёў, дзе праходзілі службу Канаржэўскія, лісты ўзнагарод і многае іншае.У выніку паездак і працы ў архіве ў В.Ляшковіча з’явіўся цікавы нарыс пра братоў-адміралаў. Але, на жаль у 1997 годзе В.Ляшковіч назаўсёды пакінуў гэты свет, і захаваўся ў ЦБ (цэнтральнай бібліятэцы) Маладзечна яго рукапіс. Быў бы іншы час і не такая бедная была б дзяржава – нарыс патрэбна было б выдаць кнігай. Яна была б вельмі карысная для сённяшняй моладзі, бо яна – пра мужнасць, патрыятызм, любоў да роднага краю, чалавечую душу і духоўнасць, што цяпер у нашай грамадскасці ў вялікім дэфіцыце.
Пра высокія патрыятычныя пачуцці і вялікую любоў Івана Канаржэўскага да роднага краю расказвае такі цікавы гістарычны факт. Калі на беларускай зямлі запалала паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, будучы адмірал звольніўся з карабля і са сваёй зброяй прыбыў у яго атрад.
Мужны і храбры быў Станіслаў Канаржэўскі. Ён праходзіў службу пад камандаваннем героя абароны Севастопаля (1854 – 1895гг.) адмірала Нахімава, і праслаўлены военаначальнік неаднойчы даваў самую высокую адзнаку караблю, якім камандаваў беларус.
Вобраз жыцця Канаржэўскіх, іх адносіны да сяброў і старэйшых, да славы вельмі павучальныя і з’яўляюцца добрым прыкладам нашым сучаснікам.
Мечыслаў СТАНКЕВІЧ,
архівіст занальнага дзяржархіва, Маладзечна,
"Рэгіянальная газета"
Last Updated ( Wednesday, 30 April 2008 )
 
< Prev   Next >
      Visitors: 5891472





Adverts
Advertisement


Бясплатны хостынг

Internet Map