За Свабоду!
Паазер'е
Home arrow History arrow People arrow Людвік Хамінскі
Людвік Хамінскі Print E-mail
Friday, 09 March 2007
Нарадзіўся ён 1 лютага 1890 года ў маёнтку Альшэва Свенцянскага павету. У доме Хамінскіх гучала французская, польская, руская і беларуская мовы, які Люцік з дзяцінства чуў і засвойваў. Пачатковую адукацыю атрымаў у Альшэўскай школе, заснаваная яго бацькам Аляксандрам-Станіславам-Лаўрэнцам. Старанны і здольны вучань Людвік у 1908 годзе закончыў з адзнакай за выдатныя веды Свенцянскую гімназію, а потым за 4 гады два факультэты (інжынерна-агранамічны і гуманітарных навук) Кракаўскага Ягелонскага універсітэта.
Вярнуўшыся ў Альшэва, вырашыў прымяніць на практыцы атрыманыя ва універсітэце веды. На закладзенай бацькам конегадоўчай ферме заняўся вывядзеннем племянной пароды коней з патрэбнымі для сельскай гаспадаркі якасцямі. Дзякуючы старанням і эрудыцыі, яму ўдалося вывесці ў Альшэве пароду, якая стала вядомай пад назвай “Альшэўская запражная”. Жарабцы гэтай пароды паказвалі максімальную цяглавую сілу, роўную вазе груза 10-13 тон. Калі ў 1840-1915 гадах альшэўскія коні карысталіся попытам толькі на мясцовых кірмашах, то пачынаючы з 1915 года слава альшэўскага запражнога выйшла на еўрапейскую арэну. Коней сталі пастаўляць у Германію, Францыю, Данію і іншыя краіны.
Спрабаваў Л.Хамінскі развесці і элітных галандскіх кароў, якія славіліся высокімі надоямі. Але тут яго напаткала няўдача. Каровы сталі хварэць на туберкулёз і даваць малко нізкай тлустасці. Прыйшлося вярнуцца да мясцовай чырвонай пароды кароў. На сваёй ферме ад такой рагулі ён атрымліваў больш як па 4 тысячы літраў малака высокай тлустасці.

Грамадска-палітычны дзеяч

У 1915 годзе Людвік Хамінскі пасяліўся ў Вільні, але не пераставаў бываць у Альшэве. У горадзе пачаў займацца палітычнай і грамадскай дзейнасцю. Уступіў у рады польскай народнай партыі “Вызваленне”, якая мела значны ўплыў на сялян. Ад імя гэтай партыі ў 1928 годзе быў выбраны паслом (дэпутатам) у Сойм Рэчы Паспалітай. Калі ў маі 1928 года ішоў працэс над грамадоўцамі, Людвік Аляксандравіч выступіў у абарону заснавальніка ТБШ, старшыні “Беларускай Сялянскай Грамады” Браніслава Тарашкевіча. Хамінскі вядомы сваімі дэмакратычнымі перакананнямі. На старонках газеты “Вызваленне народа” змяшчаў арыкулы ў абарону сялян, адстойваў іх інтарэсы на пасяджэннях Сойма Рэчы Паспалітай. Гэты Сойм Пілсудскі ў 1930 годзе разагнаў, Людвік Хамінскі быў пазбаўлены мандата дэпутата.

Выдавец

У 1918 годзе Людвік Хамінскі выкупіў у Вільні некалькі невялікіх габрэйскіх і рускіх друкарняў, прывёз з Варшвы польскі шрыфт і на гэтай аснове на працягу 20-х гадоў заснаваў сучаснае прадпрыемства – выдавецкую друкарню “Lux”. Выдаваў штотыднёвік “Унію” (1919 г.), краязнаўчы часопіс “Наш карй”, “Краёвую газеты”, акадэмічны альманах “Alma mater Vilensis”. На працягу 1922-1931 гадоў выдавецтвам і друкарняй “Lux” было выдадзена каля 80-ці назваў кніг, галоўным чынам мастацкай літаратуры.
Хамінскі клапаціўся пра высокую паліграфічную якасць сваіх выданняў і ўзровень графікі. Таму запрашаў да супрацоўніцтва знакамітых графікаў, мастакоў. Выдадзеныя кнігі на выставе “Мастацтва і майстэрства” ў 1924 годзе ў Варшаве былі ганараваны Вялікім залатым медалём. Высокую ацэнку атрымалі яны і на выставе ў Даніі.
У 30-ыя гады Людвік Аляксандравіч пайшоў на больш прыбытковую справу – стаў друкаваць акцызныя дакументы, расклады цягнікоў і т.п., але ўсё роўна ў 1935 годзе пацярпеў банкруцтва. Каб палепшыць справы, сумесна з друкаром-машыністам Людвікам Ракоўскім заснаваў фотахімаграфічную майстэрню, у якой сталі рабіць копіі дакументаў, карцін, фотаздымкаў ідэнтычных з арыгіналамі. Іх прадпрыемства стала эксперыментальным цэнтрам у сферы новай у той час тэхнікі рэпрадукцыі.

Сядзібны дом Людвіка Хамінскага – асяродак культурнага жыцця

У пачатку 30-х гадоў Людвік Хамінскі разам са сваёй жонкай Стрэфаніяй ператварыў альшэўскую сядзібу ў месца, дзе збіраліся творчая інтэлігенцыя тых часоў. Яна стал своеасаблівым цэнтрам культурнага і грамадскага жыцця другой чвэрці XX стагоддзя. Гасцямі Хамінскіх былі мастакі, пісьменнікі, прафесары...
Ведаючы негатыўная стаўленне Людвіка Хамінскага да існуючай улады, тая здзяйсняла за ім нелегальны нагляд. Пад маркай абароны чэлядзі ад дрэннага ўплыву падпольшчыкаў уалыд ў маёнтак накіроўвалі паліцыянтаў і сышчыкаў.
Сын панскага фурмана У.М.Цюкша расказваў, як Людвік Хамінскі кпіў з паліцыянтаў. Аднойчы ён узяў у сябра КПЗБ Б.О.Бакулі некалькі ўлётак і, прагульваючыся па сваім парку, непрыкметна параскідаў іх. Яму дастаўляла вялікае задавальненне назіраць, як паліцэйскія і сышчыкі насіліся па парку ў пошуках “большэвікув”.

Кнігалюб

Людвік Хамінскі надаваў важнае значэнне распаўсюджванню навуковых ведаў, культурна-асветніцкай дзейнасці. Ён у 1929-1939 гадах займаў пасаду прэзідэнта таварыства бібліяфілаў Вільні, быў сябрам Саюза бібліяфілаў Польшчы. Па яго ініцыятыве ў 1933 годзе была створана кальпатражная камісія (арганізацыя па распаўсюджванню кніг), адкрыта ў Вільні друкарня.
Пачынаючы з 1918 года, шмат высілкаў прыклаў Людвік Хамінскі для стварэння прыватнай бібліятэкі ў Альшэве. Альшэўскі кнігазбор меў інвертныя нумары і каталог, налічваў на канец 1938 года больш 12000 тамоў кніг. Меўся багаты збор аквафортаў (больш 600 адзінак). У яго кнігазборы былі некалькі старадрукаў XVII-XVIII ст., але галоўным чынам навейшыя кнігі, пераважна мастацкая літаратура на польскай, французскай і нямецкай мовах. Мелася шмат зборнікаў паэзіі, твораў гістарычнай тэматыкі і грамадска-палітычнага характару, гаспадарчых і прыродзнаўчых навук, а таксама энцыклапедыі, атласы, мемуары... Бібліятэка был для Людвіка Хамінскага справай гонару, а таксама крыніцай ведаў.
Карыстаючыся сабранымі матэрыяламі, ён напісаў гісторыка-краязнаўчыя кнігі-даследванні “Сярэдняй Літвы і Польшчы”, “Старой Літвы”, “Прысуды смерці паўстанцам 1863 года” і інш.

Віхура вайны адарвала ад Альшэва...

1939 год. Перад прыходам на Свіршчыну Чырвонай Арміі, баючыся рэпрэсій, Людвік Хамінскі выехаў у Вільню. Яго пакаёўка Апалёнія Антоўна Нескаромная (Кавалеўская) расказвала, што Хамінскія выехалі з Альшэва на брычцы “як стой”, з рэчаў нічога не бралі. Парабкі і навакольныя сяляне браць панскую маёмасць не сталі. Разбураць “панскае гняздо” прыехалі актывісты са Свіра. Яны павыкідвалі з палаца і паламалі партрэты і карціны, знішчылі бібліятэку, якую назвалі “шкодным носьбітам буржуазнай ідэалогіі”. Фаліянты гарэлі кепска, то дзеці частку кніг (асабліва з малюнкамі) паспелі забраць з кучы для сябе. Далейшы лёс іх невядомы.
У час нямецкай акупацыі Людвік Хамінскі працягваў жыць у Вільні, падпольна выпускаў “Віленскі бюлетэнь”, у якім змяшчаў матэрыялы антыфашысцкага накірунку. Пасля вызвалення Вільні ад немцаў органы НКУС напрыканцы 1944 года арыштавалі Людвіка Аляксандравіча і саслалі ў Данбас на шахты. Там ён прабыў да 1946 года, пакуль яго, як польскага падданага, не дэпартавалі ў Польшчу.
Высокаэрудзіраванаму чалавеку, які валодаў дзевяццю мовамі – французскай, рускай, польскай, украінскай, літоўскай, нямецкай, італьянскай, беларускай і англійскай – у Варшаве прадставілі прэстыжную работу: дырэктара Цэнтральнага інстытута культуры пры адпаведным Міністэрстве. Тут ён стаў сузаснавальнікам кааператыўнага выдавецтва інстытута “Мастацтва”, з’яўляўся адначасова старшынёй управы гэтага выдавецтва. За актыўную, плённую і патрыятычную дзейнасць урад Польшчы ганараваў яго афіцэрскім Крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы.
Памёр Людвік Хамінскі 28 студзеня 1953 года ў Варшаве.
Іван ДРАЎНІЦКІ
в.Камарова
 
< Prev   Next >
      Visitors: 5891341





Adverts
Advertisement


Бясплатны хостынг

Internet Map