За Свабоду!
Паазер'е
Home arrow History arrow People arrow Максім Танк
Максім Танк Print E-mail
Saturday, 16 December 2006
Максім ТанкМаксім ТАНК (сапраўднае імя Скурко Яўген), нарадзіўся 17.09.1912 г. у вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў пачатковую польскую школу, вучыўся ў Вілейскай расейскай і ў Радашковіцкай беларускай гімназіях, з апошняй быў выключаны за ўдзел у школьнай забастоўцы. Потым вучыўся ў віленскіх беларускай, расейскай гімназіях. У 1927 г. уступіў у камсамол і пачаў актыўна ўдзельнічаць у падпольным руху. Працаваў інструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусі (1932-1933), вёў рэвалюцыйную дзейнасць на Віленшчыне і Наваградчыне. З траўня 1933 да траўня 1934 г. і з верасня да снежня 1934 г. сядзеў у віленскай турме «Лукішкі». Працаваў у легальным і падпольным камуністычным друку. Пасля далучэння Заходняй Беларусі быў супрацоўнікам абласной газеты «Вілейскай праўда» (1939-1940). У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у газеце «За Савецкую Беларусь» (Бранскі фронт), у агітплакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну». У 1945-1948 гг. - літаратурны рэдактар часопіса «Вожык», у 1948-1966 гг. - галоўны рэдактар часопіса «Полымя», з 1966 г. - першы сакратар, а ў 1971-1990 гг. - старшыня праўлення СП БССР. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР (1969-1989) і БССР (1947-1971), сакратар праўлення СП СССР (з 1966), сябра Савецкага камітэта абароны міру, старшыня Беларускага аддзялення савецка-польскай дружбы (з 1958 г.). Старшыня Вярхоўнага Савета БССР VI-VII скліканняў. Акадэмік АН БССР. Сябра СП СССР з 1940 г.
Герой Сацыялістычнай Працы (1974). Ганаровы грамадзянін г. Менска (1987). Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыйнай вайны II ступені, Дружбы народаў і медалямі, а таксама афіцэрскім крыжам Адраджэння Польшчы, ордэнамі Заслугі ПНР.
Народны паэт БССР (1968).
Памёр 07.08.1995 г.

Друкавацца пачаў у 1932 г. у часопісе «Пралом» (выдаваў з паэтам Я.Гарохам), «Часопісе для ўсіх», газетах-аднадзёнках «На пераломе» і «Беларускае жыццё» (апошняя выдадзена ў Львове, у ёй змешчаны першы, падпісаны псеўданімам Максім Танк, верш «Заштрайкавалі гіганты-коміны»). Першыя кніжкі паэзіі выдаў у Вільні: «На этапах» (1936, факсімільнае ў 1983, Менск), «Журавінавы цвет» (1937), «Пад мачтай» (1938), паэма «Нарач» (1937). У Менску выдадзены «Выбраныя вершы» (1940), рукапіс наступнага зборніка і сцэнарыя «Бура над Нараччу» загінулі ў час вайны, «Янук Сяліба» (паэма, 1943), «Вастрыце зброю» (вершы і паэмы, 1945), «Праз вогненны небасхіл» (1945), «Выбраныя вершы» (1947), «Вершы» (1947, 1948), «Каб ведалі» (1948), «На камні, жалезе і золаце» (1951), «Выбраныя творы» (1952, 1954), «У дарозе» (1954), «След бліскавіцы» (1957), «Мой хлеб надзённы» (1962), «Лірыка» (1963), «Глыток вады» (1964), «Селядцы з вершамі» (гумар, 1966), «Вершы» (1967), «Ключ жураўліны» (1972), «Хай будзе святло» (1972), «Дарога, закалыханая жытам» (1976), «Вершы» (1979), «Прайсці праз вернасць» (1979), «Лірыка» (1982), «За маім сталом» (1984), «Лірыка» (1987), «Дарога і хлеб» (1988), «Збор калосся: Вершы 1983-1988» (1989), «Паслухайце, вясна ідзе» (1990). Для дзяцей напісаў кніжкі вершаў «Галінка і верабей» (1946), «Кніжка пра мядзведзя» (1947), «Вершы» (1948), «Урачыстае абяцанне» (1949), «Сярод лясоў наднёманскіх» (1951, 1987), кніжкі казак «Ехаў казачнік Бай» (1955, 1984), «Конь і леў» (1955), «Казкі. Легенды» (1960), «Светлячок» (1970), «Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні» (1979). Аўтар кнігі-дзённіка «Лісткі календара» (1970). У 1958 г. выйшаў Збор твораў у 2-х, у 1966-1967 гг. - у 4-х, у 1978-1981 гг. - у 6 тамах.
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А.Пушкіна, У.Маякоўскага, П.Тычыны, М.Рыльскага, А.Венцлавы, Я.Судрабкална, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, Ю.Тувіма, У.Бранеўскага, Р.Дабравольскага, Т.Ружэвіча, А.Германава і інш.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1948) за зборнік паэзіі «Каб ведалі», Літаратурнай прэміі Янкі Купалы (1959) за зборнік «След бліскавіцы», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1966) за зборнік «Мой хлеб надзённы», Ленінскай прэміі (1978) за зборнік «Нарочанские сосны» (Масква, 1977), Літаратурнай прэміі імя А.Фадзеева (1980) за кнігу «Прайсці праз вернасць». Атрымаў у Польшчы прэмію аўтарскага аб'яднання «ЗАІКС» (1971) за пераклады твораў польскай літаратуры і ўмацаванне дружбы паміж народамі.

Тры сталіцы Максіма Танка

Міхась Скобла, радыё "Свабода"

17 верасьня 2007 г. споўнілася б 95 гадоў народнаму паэту Беларусі Максіму Танку. У школу ён пайшоў у Маскве, як паэт упершыню заявіў пра сябе ў Вільні, а памёр ганаровым грамадзянінам Менску. Чым былі ў жыцьці паэта гэтыя тры сталіцы?
У 1930-я гады мінулага стагодзьдзя Вільня ўяўляла з сябе літаратурны Бабілён – у горадзе адначасова выходзілі беларускія, польскія, літоўскія, расейскія, габрэйскія пэрыёдыкі. Удзельнікі віленскага літаратурнага працэсу, як і будаўнікі Бабілёнскай вежы, не заўсёды маглі паміж сабой паразумецца, але перакладалі адзін другога, ладзілі супольныя паэтычныя вечарыны. Максім Танк у той час шмат перакладаў з польскіх паэтаў, з многімі зь іх сябраваў (з Уладзіславам Бранеўскім, зь Ежы Путрамантам).
Праз польскую паэзію была магчымасьць рэтрансьляваць дасягненьні заходнеэўрапейскай паэзіі ў Беларусь, і Танк пасьпяхова справіўся з гэтай няпростай задачай. Многія яго вершы ўзьніклі з прыслухоўваньня да Захаду, хоць паэт часьцей быў вымушаны глядзець на Ўсход.
Чытаем у танкаўскіх дзёньніках: “У польскім часопісе “Вымяры” чытаў рэцэнзіі на творы італьянца Габрыэле д’Анунцыя й выдатнага гішпанскага лірыка Рубэна Дарыа. А я, барбар, нічога зь іх не чытаў!” Можна з пэўнасьцю сказаць, што ў тагачасным Менску гэтых паэтаў ня толькі не чыталі, але й ня чулі пра іх. (А як маглі чуць, калі, прыкладам, Габрыэле д’Анунцыя лічыўся афіцыйным песьняром рэжыму Мусаліні?)

"Паэтамі не становяцца, паэтамі нараджаюцца"

Празь лёс Максіма Танка прайшла й яшчэ адна сталіца. У 1914 годзе сям’я будучага паэта была змушаная выехаць у эвакуацыю й пэўны час жыла ў Маскве. Там Яўген Скурко пайшоў у школу, там прачытаў свае першыя кнігі. А родная Пількаўшчына ў 1921 годзе апынулася за мяжой – паводле ўмоваў Рыскага замірэньня адышла да Польшчы. Ці зьдзейсьніўся б паэт Максім Танк, застанься ён жыць у Расеі? Гаворыць крытык Анатоль Сідарэвіч:
“Уявім сабе, што, жывучы ў Маскве, ён сыходзіцца з гуртком беларускіх студэнтаў на чале з будучым акадэмікам Гаўрылам Гарэцкім, знаёміцца з супрацоўнікам Беларускага прадстаўніцтва ў Маскве Ўладзімерам Дубоўкам. Там тады працаваў і славуты бальшавік Алесь Адамовіч, жыў Алесь Бурбіс... Уявім сабе, што ён сыходзіцца з гэтымі людзьмі. Ну, можа, голас крыві адгукнуўся б у ім. Паэтамі не становяцца, паэтамі нараджаюцца. Талент даецца ад Бога, ад прыроды і пры пэўных сацыяльна-палітычных абставінах абуджаецца”.

"У Менску Максім Танк пражыў найдаўжэй – больш за паўстагодзьдзя"

У Менску Максім Танк пражыў найдаўжэй – больш за паўстагодзьдзя. Прычым працавітым і вечна натхнёным заставаўся да канца сваіх дзён. Нават у васьмідзесяцігадовым узросьце пісаў па тры вершы ў дзень. І так гадамі, прычым у любых умовах – ці то плывучы на адным караблі з М. Хрушчовым у ЗША, ці то седзячы ў шматлюдных прэзыдыюмах, ці то даглядаючы хворую жонку, якая апошнія гады правяла ў інвалідным вазку.
Працуючы адразу пасьля вайны галоўным рэдактарам часопісу “Полымя”, займаючы пазьней высокія пасады старшыні Праўленьня Саюзу пісьменьнікаў і Старшыні Вярхоўнага Савету, Максім Танк, тым ня менш, меў уплывовых незычліўцаў ва ўладзе. Працягвае Анатоль Сідарэвіч:
“Тут найперш трэба згадаць Івана Клімава – былога камісара Віленскага краю, які камісарыў там ад 17 верасьня 1939 году да таго часу, пакуль Вільню й Віленскі край не аддалі Літве. Памятаеце, Молатаў сказаў: “Мы знаем, что Вильно – не литовский город»... Клімаў у Вільні «папрацаваў» шчыра, арыштаваўшы пляяду віленскіх інтэлігентаў – Антона Луцкевіча, Францішка Грышкевіча... Зь ягонага блаславеньня была высланая ў Казахстан Натальля Арсеньнева, якая працавала ў «Вялейскай праўдзе» разам з Танкам. Але расправіцца з Танкам тады Клімаву не ўдалося.
А пасьля настала вайна. Пасьля вайны родзічы Танка ня вельмі ахвотна ішлі ў калгас і нават супраціўляліся калектывізацыі. Ня варта забываць, што Максім Танк быў з даволі заможнай сялянскай сям'і, у іх было недзе 60 гэктараў. А паводле бальшавіцкай сацыялёгіі, гэта ўжо «кулакі». Але й тады Іван Клімаў, хоць і быў на высокай пасадзе, ня мог дабрацца да Танка. Бо Танк, па-першае, прайшоў вайну, а па-другое, быў ужо ляўрэатам Сталінскай прэміі. А арышт «свайго» ляўрэата павінен быў дазволіць сам таварыш Сталін. І вось тады Клімаў гаварыў, ківаючы пальцам на Танка: «Эх, не дабраўся я да гэтага цыбатага!»
Last Updated ( Tuesday, 18 September 2007 )
 
< Prev   Next >
      Visitors: 6653971





Adverts
Advertisement


Бясплатны хостынг

Internet Map