
Марыя Георгіеўна нарадзілася ў вёсцы Навасёлкі Мядзельскага раёна. У 1957 годзе закончыла вучобу ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (педагог К.Саннікаў) і адразу паступіла ў трупу Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, дзе працуе ўжо амаль 50 год.
За гэты час М.Г.Захарэвіч стварыла каля 60 разнастайных роляў - цэлую галерэю адметных жаночых вобразаў, якія сталі залатой скарбонкай ў гісторыі тэатра. Актрыса яркага і самабытнага таленту, М.Г.Захарэвіч з поспехам выконвае ролі і драматычыя, і камедыйныя, і трагічныя. Актрыса заўсёды надае сваім гераіням душэўную прыгажосць, шчодрасць, чысціню. На творчым рахунку актрысы такія цудоўныя вобразы, як Ганна (“Людзі на балоце” паводле І.Мележа), Зося Савіч (“Сэрца на далоні” паводле І.Шамякіна), Наталля Фадзееўна (“І змоўклі птушкі” І.Шамякіна), Ганна (“Плач перапёлкі” паводле І.Чыгрынава), Паліна Іванаўна (“Апошні шанц” В.Быкава), Галя Жураўка (“Пакуль вы маладыя” І.Мележа), Марыя (“Святая святых” І.Друцэ), Камісар (“Аптымістычная камедыя” У.Вішнеўскага), Маша (“Эшалон” М.Рошчына), Варвара (“Навальніца” А.Астроўскага), Ганна (“На дне” М.Горкага), Наталля Мікалаеўна (“Пагарэльцы” А.Макаёнка), жонка Яўхіма П’яных (“Характары” В.Шукшына), Алена (“Дзеці сонца” М.Горкага),Гануля Зношчыха (“Тутэйшыя” Я.Купалы), Гурмыжская (“Лес” А.Астроўскага) і шмат іншых.
На працягу шмат гадоў дзіўны лірычны голас Марыі Георгіеўны гучыць на радыё, і нездарма яе называюць “Каралевай Радыё”. За плённы ўдзел у радыёпастаноўках і літаратурных перадачах актрыса была ўзнагароджана ў 1984 годзе Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. М.Г.Захарэвіч знялася ў кінафільмах “Чужая бацькаўшчына”, Я.Францыск Скарына”, “Людзі на балоце”, “Руіны страляюць...” і іншых. Доўгі час з’яўляецца выкладчыкам сцэнічнай мовы ў Беларускім Універсітэце культуры. Прымае ўдзел у журы шматлікіх тэатральных фестываляў.
Апошнім часам Марыя Георгіеўна займаецца рэжысурай. Своеасаблівай перамогай у творчай біяграфіі артысткі з’явіўся спектакль “Я не пакіну цябе”, створаны на Купалаўскай сцэне па п’есе сучаснага англійскага драматурга Майё Саймана “Інструкцыя для выжывання Old Lady”, - рэжысёрскі эксперымент актрысы. М.Г.Захарэвіч з’яўляецца не толькі выканаўцаў адной з галоўных роляў, але і аўтарам сцэнічнай версіі. За невялікі тэрмін існавання сцэнічнага жыцця спектакль і выканаўцы (Народныя артысткі Беларусі М.Захарэвіч і Н.Гайда) атрымалі прызы і дыпломы на Міжнародных тэатральных фестывалях не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.
На сцэне Маладзечанскага драматычнага тэатра М.Г.Захарэвіч паставіла спектаклі “Апошняя ахвяра” А.Астроўскага, “Характары” В.Шукшына.
Сёння на сцэне тэатра імя Янкі Купалы можна бачыць бліскучую працу актрысы ў спектаклях “Тутэйшыя” і “Паўлінка” Янкі Купалы, якія з’яўляюцца аншлагавымі. У снежні пачнуцца рэпетыцыі спектакля “Вольга” па п’есе сучаснага фінскага драматурга Лауры Руохонен, дзе Марыя Георгіеўна будзе выконваць галоўную ролю.