руск. Ромуальд Зенкевич,
польск. Romuald Zienkiewicz
Беларускі фалькларыст, этнограф, археолаг, краязнавец і педагог Рамуальд Сымонавіч Зянькевіч нарадзіўся 1 лютага 1811 г. ў Завілейскім павеце Віленскай губерніі. Магчыма, гэта быў фальварак, што арандаваў яго бацька, у раёне Свянцянаў і Свіры, бо першую адукацыю ён атрымаў у Свірскай парафіяльнай школе ў 1818-20 гг. Пасля заканчэння Віленскай гімназіі (1826) і літаратурнага аддзялення Віленскага універсітэта (1830) працаваў настаўнікам і выхавацелем у прыватных школах. У 1844 г. атрымаў сталае месца настаўніка Росенскай павятовай школы Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерніі, але неўзабаве пакінуў працу з-за прагрэсіруючай слепаты. У пошуках работы Р.С.Зянькевіч апынуўся на Палессі, асталяваўся ў Луніне Пінскага павета, рэзідэнцыі князёў Друцкіх-Любецкіх. Гаспадар маёнтка Эдвін Друцкі-Любецкі даў прытулак вандроўнаму настаўніку і дазволіў карыстацца сваёй вялікай бібліятэкай, уласнымі архівамі і кабінетам-музеем.
Р.С.Зянькевіч запісваў песні, казкі, паданні, легенды, абрады і звычаі. У 1847 г. ў часопісе “Athenaeum” (“Атэнэум”) надрукаваў нарыс “Народныя песні, сабраныя на Піншчыне і перакладзеныя Р.Зянькевічам”. Поруч з беларускім арыгіналам змяшчаў пераклад на польскую мову, што значна пашырала кола даследчыкаў беларускага фальклору і павышала вартасць яго працы. У зборніку “Народныя песні Піншчыны” (Коўна, 1851) змясціў 219 беларускіх песень, запісаных над Пінай, Прыпяццю і Цной, якія ў 1868 г. былі перадрукаваны О.Кольбергам у 52-м томе “Поўнага збору прац”.
Важнейшай у навуковай спадчыне Р.С.Зянькевіча з’яўляецца праца “Пра ўрочышчы і звычаі жыхароў Піншчыны, а таксама пра характар іх песень” (“Бібліятэка Варшаўская”), у якой ён даў апісанне працоўных працэсаў, каляндарных і сямейных абрадаў, вераванняў і забабонаў. Упершыню расказаў пра старажытны веснавы абрад “куста”, які суправаджаўся багатым і пышным рытуалам, пахавальныя абрады, памінальны абрад “дзяды”.
Р.С.Зянькевіч цікавіўся археалогіяй. З-за дрэннага зроку раскопак не праводзіў, аднак у 1843 г., будучы на Ашмяншчыне, рабыў абмеры курганоў і гарадзішчаў, абарончых валоў, замчышчаў. Упершыню стварыў археалагічную карту Ашмянскага павета. У 1848 г. ў часопісе “Атэнэум” апублікаваў працу “Пра курганы і гарадзішчы Ашмянскага павета”.
Р.С.Зянькевіч вывучаў Крэўскі замак, запісаў легенды пра яго так званыя “падземныя хады”, даў звесткі пра гарадзшча і старажытны вал каля Турава, зафіксаваў месца даўняга пабоішча каля Сташанаў над Ясельдай. Звяртаючыся да гісторыі засялення Палесся, абвяргаў сцверджанне пра тое, што ў 6 ст. Н.э. на Палессі жылі будзіны, а славяне там з’явіліся значна пазней. Спасылаючыся на запісаныя ім назвы ўрочышчаў, абрады, звычаі і вераванні, сцвярджаў, што Піншчына заселена славянамі са старажытных часоў. Часткова матэрыяль Р.С.Зянькевіча выкарыстаў польскі гісторык М.Балінскі пры напісанні працы “Старажытная Польшча”.
У Вільні Р.С.Зянькевіч выдаў зборнікі “Рыфмаваныя спробы”, “Вяселле, рыфмаваны перадшлюбны падарунак”. У рукапісе засталіся “Гісторыя польскай літаратуры”, якая заканчвалася раздзелам пра творчасць А.Міцкевіча, а таксама педагагічнай працы пра выхаванне моладзі з пералікам абавязкаў бацькоў і настаўнікаў. Ён з’яўляецца аўтарам працы “Сістэматычны агляд усіх навук”. Памёр Р.С.Зянькевіч 11 верасня 1868 г.
І.П.Драўніцкі