За Свабоду!
Паазер'е
Home arrow History arrow People arrow Тамаш Аўгусціновіч
Тамаш Аўгусціновіч Print E-mail
Saturday, 16 December 2006
Тамаш Матвеевич Августинович
Тамаш Мацвеевіч Аўгусціновіч нарадзіўся ў 1809 г. у мястэчку Крывічы на Мядзельшчыне ў беднай сялянскай сям'і. З вялікімі цяжкасцямі скончыў Свіслацкую гімназію. У 1830 г. паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага універсітэта, які ў 1832 г. быў закрыты за ўдзел студэнтаў у паўстанні 1830-31 гг. Медыцынскі факультэт перайменавалі ў Віленскую медыка хірургічную акадэмію, якую Аўгусціновіч скончыў у 1835 г. з залатым медалём. У час вучобы Тамаш Мацвеевіч напісаў вучэбны дапаможнік для студэнтаў «Хірургічныя інструменты», у якім змешчана 50 табліц-ілюстрацый. Пасля заканчэння акадэміі ўлады, баючыся рэвалюцыйнага духу выпускнікоў, не давалі яму магчымасці займацца навукай і накіравалі на ваенную службу ў якасці лекара бранскага палка стралкоў 7-й брыгады, дзе ён прабыў да 1842 г. Выйшаўшы ў адстаўку, Аўгусціновіч некаторы час працаваў на Палтаўшчыне, дзе вывучаў лекавыя расліны, апублікаваўшы трактат «Аб дзікарослых лекавых раслінах Палтаўскай губерні» (Кіеў, 1853), потым у Курскай і Пермскай губ. У студзені 1871 г. быў пераведзены ў Пецярбург. У 1871-72 гг. Аўгусціновічу было даручана вывучаць побыт пасяленцаў Сахаліна. Спусціўшыся па рацэ Амур у порт Дуэ, даследчык на працягу 9 месяцаў збіраў розныя расліны, вёў дзённік, на аснове якога потым напісаў артыкул «Жыццё рускіх і іншанародцаў на востраве Сахалін» (1874). У іх шмат месца адведзена апісанню карэнных жыхароў вострава – ніўхаў, орачаў і айнаў, прыведзены падрабязныя звесткі пра іх жыццё і побыт. У 1874 г. Тамаш Аўгусціновіч быў накіраваны ў Якуцію змагацца з заразнымі хваробамі. Ён аб'ездзіў Вілюйскую і Калымскую акругі, лячыў людзей, апісваў побыт абарыгенаў, збіраў лекавыя расліны. Аўгусціновіч быў першым вучоным-батанікам, які пранік у Сібір. Вынікам яго навуковай працы стаў гербарый з 40 тысяч відаў сібірскіх раслін. Слава пра нашага земляка хутка разнеслася па гэтым суровым краі. Да яго прывозілі хворых за сотні кіламетраў, верачы ў цудадзейнае лекарскае ўменне. У нарысе «Тры гады ў Паўночна-Усходняй Сібіры за Палярным кругам» (1880) Аўгусціновіч апісаў суровае жыццё золаташукальнікаў на Лене і Віціме. Ён звярнуў увагу на працавітасць юкагіраў, сумленнасць чуванцаў, рахманы нораў амокаў, стараннасць эвенкаў. Апошніх ён называў лепшымі стралкамі тых мясцін. З запісак Аўгусціновіча вынікае, што юкагір Астракоў яшчэ ў пачатку 20 ст. уводзіў грамату сярод супляменнікаў, а ў жытлах эвенкаў бездакорная чысціня і парадак. Шмат месца ў апісанні адведзена кірмашу ў Анюйскай крэпасці, куды збіраліся жыхары з навакольнай тундры. У час кірмашу чукчы наладжвалі спаборніцтвы па бегу, барацьбе, скачках на нацягнутых шкурах.
Апошнюю сваю паездку наш зямляк ажыццявіў у 1880 г., праплыўшы параходам з Адэсы праз Індыйскі і Ціхі акіян зноў на Сахалін. У час падарожжа ён сабраў шмат узораў раслін, рыб, паўзуноў, насякомых. Гэту калекцыю Тамаш Аўгусціновіч перадаў у Пецярбург – у Галоўны батанічны сад і Батанічны сад Акадэміі навук.
Пяру Тамаша Мацвеевіча належаць таксама артыкулы «Вытрымкі з пуцявых запісак знаходжання на востраве Сахалін» (1879) і «Нататкі аб востраве Сахаліне: (З пуцявога журнала...)» (1880). Даследванням Аўгусціновіча характэрны канкрэтнасць і лаканічнасць. Усе звесткі дакладна датаваны, пазначаны месца збору. Калекцыі нашага земляка склалі аснову для вывучэння расліннага свету Паўночна-Усходняй Азіі. Яны не страцілі навуковай каштоўнасці і ў наш час. На працы Тамаша Аўгусціновіча спасылаўся рускі пісьменнік Антон Чэхаў у сваёй кнізе «Востраў Сахалін» (1893-94). Памёр Т.М.Аўгусціновіч у 1891 г. У яго гонар названы адзін з відаў асакі – Cavex Augustynowiczii Meinsh.
І.П.Драўніцкі
Last Updated ( Saturday, 16 June 2007 )
 
< Prev   Next >
      Visitors: 6654511





Adverts
Advertisement


Бясплатны хостынг

Internet Map