За Свабоду!
Паазер'е
Home arrow History arrow Towns arrow Тры Мядзелы
Тры Мядзелы Print E-mail
Saturday, 28 April 2007
У крыніцах 15-16 стагоддзяў сустракаюцца некалькі маёнткаў з аднолькавай назвай – “Мядзел”. У канцы 15 стагоддзя яны належалі прадстаўнікам двух знатных родаў Вялікага княтства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага (ВКЛ) паноў Саковічаў і князёў Свірскіх. Лаканізм крыніц, у якіх упамінаюцца розныя Мядзелы, стварае пэўныя цяжкасці па іх ідэнтэфікацыі з існаваўшымі і існуючымі населенымі пунктамі, а тым самым і лакалізацыі. Іншы раз не зусім ясна, аб якім з іх ідзе размова. Таму адсутнасць спроб канкрэтнай лакалізацыі або нават пэўная блытаніна сустракаюцца і ў адпаведнай гістарычнай літаратуры.
Першае вядомае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах 15 стагоддзя мястэчка “Малы Мядзел” (“Minori Medalo”) датуецца 1434 г. і тычыцца сучаснай вёскі Нарач (да 1964 г. – Кабыльнік) – цэнтра сельсавета Мядзельскага раёна. У адпаведным акце гаворыцца аб дадатковым матэрыяльным забяспячэнні вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Кейстутавічам мясцовага касцёла Андрэя, што быў заснаваны яшчэ раней князямі Свірскімі. У далейшым гэты Мядзел (“Medalo”, “Minori Medalo”) – уласнасць Свірскіх упамінаецца таксам ў сувязі з іх дабрачыннасцю на карысць каталіцкай царквы. У канцы 15 стагоддзя частка мёнтка Мядзел-Кабыльнік апынулася ў пана Рыгора Станіслававіча Осцікавіча ў выніку яго шлюбу з дачкой князя Петкі Раманавіча Свірскага Аляксандрай. У 1535 г. трокскі ваявода пан Юрый Рыгоравіч Осцікавіч прадаў частку свайго маёнтка Кабыльнік віленскаму ваяводзе і далей пану Альбрэхту Марцінавічу Гаштолту (Гаштольду).
У выніку шлюбу князя Стафана Андрэевіча Збаражскага з удавой Рыгора Рыгоравіча Осціка(віча) княгіняй Настассяй Міхайлаўнай Мсціслаўскай (Заслаўскай) Кабыльнік часова апынуўся ў руках першага. Аднак законны наследнік Ян Юр’евіч Осцік завяшчаў маёнтак свайму сваяку Рыгору Львовічу Сангушкавічу-Кашырскаму. Апошні ў 1595 г. падараваў яго менскаму ваяводзе і далей пану Яну Абрамовічу на Варнянах.
Першыя вядомыя звесткі аб Мядзелі – паўночнай частцы сучаснага горада Мядзел – датуюцца 1457 г. і звязаны з дабрачыннай дзейнасцю на карысць мясцовага касцёла ўласніка маёнтка полацкага намесніка пана Андрэя Саковіча. У 1484 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Казімір пацвердзіў права ўласнацсці на Мядзел (“Miadelo”) трокскаму ваяводзе пану Багдану Андрэевічу Саковічу. Яго адзніа наследніца дачка Альжбэта ў 1510 г. выйшла замуж за пана Мікалая Мікалаевіча Радзівіла (“Радзивиловича”). У выніку гэтага маёнтак Мядзел стаў яго ўласнасцю.
У 1516 г. князь Ян Янавіч Свірскі з жонкай Ганнай “взяли за сына” віленскага ваяводу і далей пана М.М.Радзівіла і падаравалі яму сваю частку маёнтка Мядзел (“Мядело”), якая была далучана да папярэдняй. 25 лютага 1518 г. на Венскім кангрэсе гэты пан дамогся ад імператара Максіміліяна тытула князя Святой Рымскай імперыі на Ганязі і Мядзелі (“Medelach”). Гэта сведчыць аб тым, што Радзівілаўскім Мядзелі ўжо быў замак, бо названы тытул даваўся толькі пры наяўнасці такога ў прэтэндэнта.
Пасля смерці М.М.Радзівіла ў 1521 г. працяглы час (прыкладна да 1542 г.) у Мядзелі распараджалася яго ўдава. У выніку падзелу маёнткаў 14 лютага 1544 г. Мядзел дастаўся Альжбэце Мікалаеўне Радзівілаўне і яе мужу кіеўскаму ваяводзе князю Івану Юр’евічу Гальшанскаму.
У далейшым уласнікамі Мядзела былі дочкі жамойкага старосты Яна Мікалаевіча Радзівіла Ганна і Альжбэта і іх мужы – віцебскі ваявода Станіслаў Пятровіч Кішка і польскі шляхціц Еранім Сіняўскі – будучы рускі ваявода. У выніку дадатковага падзелу 17 студзеня 1552 г. Мядзел цалкам стаў уласнасцю А.Я.Радзівілаўны і яе мужа. Праз год аня падаравала трэцюю частку ўсіх сваіх шматлікіх маёнткаў, а астатнюю заклала за 10 000 коп грошаў свайму мужу. Аднак пасля смерці бяздзетнай А.Я.Радзівілаўны яе сястра Г.Я.Радзівілаўна ў лютым 1566 г. узбудзіла іск супраць Е.Сіняўскага, патрабуючы звароту ўсіх маёнткаў сваёй сястры. Кароль польскі і вялікі княз літоўскі Жыгімонт Аўгуст і рада, якія разглядалі гэты іск, прызналі акты А.Я.Радзівілаўны незаконнымі і прысудзілі маёнткі, у т.л. і Мядзел, ісціцы.
Праз некаторы час Мядзел апынуўся ў віленскага ваяводы і далей Мікалая Юр’евіча Радзівіла, князя на Біржах і Дубінках. У выніку падзелу яго маёнткаў 7 жніўня 1584 г. Мядзел (“Мядело”, “Мядзел Стары”) дастаўся яго сыну наўгародскаму ваяводзе і далей Мікалаю. Амаль адразу ён прадаў гэты маёнтак (“Стары Мядзел”) патомку выхадца з Польшчы, што натуралізаваўся ў ВКЛ, полацкаму падкамораму Міхаілу Фронцкавічу з Радзіміна.
Мяркуючы па данных гэтых крыніц, Радзівілаўскі маёнтак Мядзель – Стары Мядзел знаходзіўся ў паўночна-ўсходняй частцы сучаснай тэрыторыі Мядзельскага раёна. Згодна з інвентаром Старога Мядзела 1584 г. “волость Мядельского двора” складалася з сёл “Охабни” (Вохабні, Дзягільскі сельсавет) – 30 валок, “Кропивна” (Крапіўна) – 31 валока, “Кузьмийское” (верагодна, Кузьмічы, Слабадскі сельсавет) – 37 валок і “Старомейское” (верагодна, Стары Мядзел – паўночная частка сучаснага Мядзела) – 19 валок, усяго 117 валок, а таксам з некалькіх маёнткаў васальнай шляхты, усяго 107 валок. Маёнтку таксама належалі некалькі азёр (Мядзел, Мястра – палова, Нарач – частка і некалькі іншых), а таксама некалькі пушчаў. Усяго ў маёнтку было 356 валок (7604 га) зямлі. Варта адзначыць, што на востраве возера Мядзел знаходзілася адзіная ў маёнтку “руская”, г.зн. праваслаўная царква.
У адрозненні ад Мядзела-Кабыльніка і Мядзела-Старога Мядзела – адносна буйных феадальных вотчын, Мядзелю (пазней Новаму Мядзелу) – паўднёвай частцы сучаснага гарадскога пасёлка Мядзел – гістарычны лёс вызначыў больш значную роль ў грамадскім жыцці гэтага рэгіёна ВКЛ.
Першыя вядомыя звесткі, верагодна, менавіта пра гэты Мядзел датуюцца 1527 г., калі княз Аляксандр Міхнавіч (Марцінавіч) Свірскі з жонкай Зафіяй за 300 коп грошаў прадалі віленскаму ваяводзе пану Альбрэхту Марцінавічу Гаштолту свае часткі маёнткаў Мядзель і Кабыльнік. У 1535 г. ён жа за 400 коп грошаў купіў у князёў Войцеха і Андрэя Юхнавічаў Свірскіх іх часткі маёнтка Мядзель.
Пасля смерці ў 1542 г. апошняга прадстаўніка роду Гаштолтаў трокскага ваяводы пана Станіслава Альбрэхтавіча ўсе яго маёнткі, у т.л. і Мядзель, як вымарачныя сталі ўласнасцю караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта І Старога, які падараваў іх свайму сыну Жыгімонту ІІ Аўгусту. Згодна з інвентаром маёнтка Мядзель 1545 г. ён складаўся з двароў Мядзель, “Заворноцкого” ідэнтыфікаваць і лакалізаваць дакладна неўдалося, але, па звестках М.М.Чарняўскага, тэрыторыя на ўсход ад Мядзела за ракой Ворнач (цяпер Дзягільскі канал, што бярэ пачатак з возера Дзягілі) раней называлася “Заворнач”) і “Склениковского” (вёска Шкленікова, Сваткаўскі сельсавет), а таксама мястэчка Мядзел. Усяго ў маёнтку налічвалася 139 гаспадарак (“дымоў”). Больш поўныя і дакладныя данныя аб тэрытарыяльным складзе дзяржаўнай воласці Мядзельскага староства маюцца ў яго інвентарах канца 18 стагоддзя. Згодна з імі яму акрамя мястэчка Мядзел належалі вёскі: Азаркі (Мядзельскі сельсавет) – 9 валок, Бадзені – 18, Зані – 13 (Старагабскі сельсавет), Калінаўка (Сваткаўскі) – 12, Канчані – 17, Качаны – 17 (Старагабскі), Круці – 25, Лук’янавічы – 37 (Мядзельскі сельсавет), Мохавічы – 25, Мазалеўшчына -10 (Старагабскі), Навасёлкі – 27, Пудавінка – 13 (Мядзельскі сельсавет), Сцюдзяніца (Дзягільскі) – 29, Трыданы (Мядзельскі сельсавет) – 27, Шыкавічы – 10, Шкленікова – 12 (Сваткаўскі сельсавет) і іншыя меншыя. Такім чынам, Мядзельскае староства размяшчалася шырокай паласой на ўсход і паўднёвы ўсход ад свайго цэнтра. Маёнткам кіравалі дзяржаўцы, або старосты, маркаўскія і мядзельскія: Леў Іванавіч Роскі, Юрый Улошак, Мікалай Паўлавіч Нарушэвіч, Леў Сапега і іншыя, а таксама іх намеснікі.
У 2-й палове 1540 гг. замак ў Мядзелі, што раней належаў Радзівілам, на нейкай падставе стаў уласнасцю вялікага князя (“гаспадара”), а не быў пабудаваны ў 2-й палове 16 ст., як лічаць некаторыя археолагі. Гаспадарскі Мядзельскі замак стаў адміністрацыйным цэнтрам для шляхты дадзенага рэгіёну. Тут “господарский врад” у асобе дзяржаўцы, старосты або іх намеснікаў вёў кнігі розных заяў мясцовай шляхты, разбіраў яе некаторыя судовыя справы. У мястэчку акрамя замка былі “руская” царква Троіцы, касцёл Станіслава.
Важнай падзеяй з’явілася аграрная рэформа (“помера волочная”), якая была праведзена ў сярэдзіне 1550-ых гадоў. Галоўная мэта рэарганізацыі сістэмы землекарыстання сялянства і абкладання яго феадальнымі павіннасцямі – павелічэнне даходнасці – дасягалася вымярэннем зямлі на валокі (21,36 га) і ўвядзеннем яе ў якасці асноўнай адзінкі абкладання комплексам галоўных, асноўных і дадатковых павіннасцей. У ходзе валочнай памеры тут было нарэзана 164 валокі, з якіх 132 былі заселены, а 32 чакалі сваіх гаспадароў, пераважна сялян. Даходнасць маёнтка павялічылася ў некалькі разоў.
Значнай падзеяй ў развіцці Мядзела стала наданне яму ў ходзе адміністрацыйна-тэрытарыяльна-судова-ваеннай рэформы ВКЛ 1565-66 гадоў статуса аднаго з асноўных цэнтраў Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. Мядзел, які раней знаходзіўся ў Віленскім павеце – ваяводстве, быў уключаны ў рэарганізаваны Ашмянскі павет і стаў другім месцам дзейнасці арганізаванага ў ходзе рэформы новага шляхецкага Ашмянскага павятовага земскага суда, які павінен быў засядаць спачатку ў Ашмянах, а потым – у Мядзелі. Першы персанальны склад суда быў паступова зацверджаны Жыгімонтам ІІ Аўгустам, верагодна, да ліпеня 1566 г. У яго ўваходзілі: суддзя – Станіслаў Станіслававіч Стэцкавіч, падсудак – Станіслаў Юр’евіч Барада і пісар – Станіслаў Касінскі. Усе яны былі мясцовыя, як правіла, дробныя шляхціцы, якія выстаўлялі ў войска ад аднаго да некалькіх узброеных коннікаў (“коней”). Адной з важных палітычных акцый прадстаўнікоў шляхты Ашмянскага павета было падпісанне 1 ліпеня 1569 г. маршалкам гаспадарскім і ашмянскім, і ашмянскім харужым Паўлам Астравіцкім і ашмянскім земскім суддзёй Станіславам Стэцкавічам акта Люблінскай уніі аб аб’яднанні ВКЛ і каралеўства Польскага ў адзіную федэратыўную дзяржаву – Рэч Паспалітую, кі паслы ВКЛ перадалі прастаўнікам каралеўства Польскага.
Так Мядзел пертварыўся ў адзін з важных цэнтраў грамадскага жыцця ВКЛ. На карце ВКЛ канца 16 ст. ён абазначаны як “судовы горад, дзе разбіраюцца справы шляхты”.
М.Ф.Спірыдонаў
 
< Prev   Next >
      Visitors: 5890885





Adverts
Advertisement


Бясплатны хостынг

Internet Map