За Свабоду!
Паазер'е
Home arrow News - archive arrow Яраслаў i Наталля Лукасікі: «Усё самае лепшае ў нашым жыццi звязана з Беларуссю»
Яраслаў i Наталля Лукасікі: «Усё самае лепшае ў нашым жыццi звязана з Беларуссю» Print E-mail
Friday, 08 June 2007
Лёс пратэстанцкага святара Яраслава Лукасiка i яго сям'i ўсхваляваў шырокую грамадскасць. Людзi тэлефанавалi са словамi падтрымкi, цiкавiлiся, куды дасылаць звароты з просьбай не разбiваць сям'ю святара i дазволiць яму жыць у Беларусi з жонкай i трыма дзеткамi, грамадзянамi нашай краiны. Але рашэнне ўжо прынята: нягледзячы на звароты простых людзей, на зварот больш як сарака святароў, Лукасiку ануляваны вiд на жыхарства, больш за тое — уезд у нашу краiну яму, грамадзянiну Польшчы, забаронены на пяць гадоў. Лiтаральна напярэдаднi дня, калi Яраслаў павiнен быў сесцi на цягнiк i з'ехаць з краiны, якая стала яму роднай, мы сустрэлiся з Яраславам i яго жонкай Наталляй. Дзень расстання наступаў, на руках ужо быў квiток на цягнiк, а наперадзе час, якi зменiць усё жыццё гэтай сям'i... Але можна не сумнявацца, што нязменнымi для гэтых людзей застануцца каханне, гарачая вера ў Бога i любоў да Беларусi.

— Вы прыехалi ў Беларусь 14 год таму. На той час у Польшчы, напэўна, былi значна большыя перспектывы для далейшага жыцця. Тым не менш Вы прынялi такое рашэнне. Чаму?

— Так, у бацькоўскай хаце заўсёды быў дабрабыт. Бацькi i зараз жывуць у вялiкiм прыгожым доме на Падляшшы, ва ўсходняй Польшчы. У мяне быў някепскi “эканамiчны старт”. Але я гэтым не скарыстаўся. 14 год я жыў тут, еў беларускую бульбу... I верыў, што выконваю сваё прызначэнне, якое заключаецца ў тым, каб дапамагчы людзям пазнаць Бога, пазнаць праўду.
Сэнс жыцця чалавека не ў тым, каб пакаштаваць усе гатункi каўбасы. Я веру, што сэнс жыцця ў тым, каб дапамагаць людзям i хоць трохi зрабiць лепшым гэты свет. Жыццё прыгожае тады, калi яно прысвечана шляхетным iдэалам. Мая вера, якую Бог даў мне з дзяцiнства, заўсёды вучыла мяне жыць для вялiкай i шляхетнай мэты.

— Што для Вас з'яўляецца гэтымi шляхетнымi iдэаламi?

— Самае першае i галоўнае — гэта пазнаць волю Бога i служыць Яму. А воля Бога заключаецца ў тым, каб жыццё людзей i жыццё народаў станавiлася лепшым, каб у свеце было больш праўды, справядлiвасцi, больш дабрабыту. Бог хоча, каб кожны чалавек i кожная нацыя былi такiмi, якiмi Ён прызначыў iм быць. Таму Госпад клiча сваiх людзей змагацца з несправядлiвасцю, з беззаконнем, з галечай. Людзi, якiя чуюць у сэрцы гэты голас, змяняюць свет, робяць яго лепшым. Гэта i ёсць шляхетныя iдэалы.
Увогуле, дзякуючы гэтаму цывiлiзацыя жыла i развiвалася. А калi людзi пачынаюць думаць спажывецкiмi катэгорыямi, калi яны засяроджваюцца на каўбасе, — гэта самае разбуральнае як для асобы, так i для нацыi. У любыя часы знаходзяцца людзi, якiя прагнуць не толькi спажываць, але таксама намагаюцца будаваць i ствараць. Я вельмi шчаслiвы, што ведаю такiх людзей, што маю iх падтрымку. Мы аднолькава глядзiм на сiтуацыю i працуем разам.

— Вы прыехалi ў Беларусь у сярэдзiне 1990-х. Што больш за ўсё ўразiла тады, i што ўражвае зараз?

— Я заўсёды глядзеў на Беларусь праз прызму ўласнага ўяўлення. Трэба адзначыць, што гэтае ўяўленне склалася яшчэ да таго, як я ўбачыў гэтую зямлю. Я глядзеў на Беларусь як на старажытную Лiтву, на краiну, па якой сумаваў А.Мiцкевiч, якую апiсвалі Ю.Славацкi i Марыя Радзевiч. Гэтыя вялiкiя людзi старой культуры Рэчы Паспалiтай заўсёды былi для мяне прыкладам. Чаму так? Я сам часта задаваў сабе гэтае пытанне...
Напэўна, усе гэтыя гады, нягледзячы на розныя нястачы i цяжкасцi, я заставаўся тут, бо бачыў Беларусь менавiта так. Я думаю, што i Бог хацеў бы, каб Беларусь была такой.
Першы раз я сюды прыехаў у студзенi 1990 года, яшчэ за савецкiм часам. Мы з бацькам прыехалi да ксяндза Казiмiра Свёнтэка з дапамогай беларускiм каталiцкiм парафiям — рэлiгiйнай лiтаратурай, лiтургiчнымi прыладамi i iншым. Тады мы правялi тыдзень у ксяндза Свёнтэка ў Пiнску. Атмасфера да 1995 года была iншая, чым зараз. Гэта была атмасфера, поўная надзеi i актыўнасцi. Гэта быў час, калi будавалася нацыя. А зараз — апатыя, пасiўнасць. Як быццам час спынiўся i пайшоў назад у савецкае мiнулае...

— Тое, што адбываецца з Вамi, з Вашай сям'ёй, гэта пацвярджае. Цi няма расчаравання — столькi год працы i такое заканчэнне?

— Па-першае, гэта не заканчэнне. А па-другое — я не чакаю падзякi з боку ўлад. Гэтыя ўлады стаяць на зусiм iншых пазiцыях, чым стаю я. Затое я адчуваю вялiкую падзяку ў сваёй душы. Я думаю, Богу падабаецца, што ўсе апошнія гады я правёў у гэтым, адным з самых складаных месцаў ва ўсёй Еўропе. Я адчуваю ўдзячнасць мноства маiх сяброў i маiх супрацоўнiкоў, пастаянна атрымлiваю падтрымку ад пастыраў i служыцеляў. Гэта мяне падбадзёрвае i абнадзейвае.

— Як Вы пазнаёмiлiся са сваёй будучай жонкай?

— Гэта вельмi цiкавая гiсторыя. З самага дзяцiнства я вельмi люблю прыроду. З 13 гадоў я шмат часу праводзiў у пушчах, лясах Польшчы. Я вучыўся на ляснiка ў Белавежы i ўсё сваё жыццё марыў жыць у нацыянальным парку. Летам 1994 года ў касцёле ў Нарачы мы арганiзоўвалi маладзёжны семiнар-летнiк. I на гэтай зямлi, самай прыгожай па маiх уяўленнях, на Вiленшчыне, я сустрэў дзяўчыну з азёрным колерам вачэй. Праз некалькi год мы пажанiлiся. Раптам аказалася, што я жыву ў нацыянальным парку — Нарачанскiм! Так у адначассе споўнiлiся мае мары...
Я вырас на iдэалах культуры, якая нарадзiлася на тэррыторыi старажытнай Лiтвы, Беларусi. У дзяцiнстве вельмi шмат чытаў А.Мiцкевiча i iншых рамантычных паэтаў. Гэта сфармiравала маю жыццёвую пазiцыю, мой светапогляд i характар.
У канцы 80-х гадоў я зразумеў адну заканамернасць. Большасць самых лепшых вялiкiх i выдатных дзеячаў польскай культуры i гiсторыi нарадзiлiся на гэтай зямлi, у iх жылах цякла беларуская кроў, яны былi беларусамi па паходжаннi. Гэта А.Мiцкевiч, Ст.Манюшка, М.Агiнскi, Ю.Пiлсудскi ды шмат iншых. Атрымалася так, што Беларусь нараджала сапраўдную польскую элiту. Iх праца будавала i фармiравала мяне.
Калi я гэта ўсвядомiў, я зразумеў, што прыйшоў час, каб аддаць тое, што палякi атрымалi, тое, што я атрымаў. Прыйшоў час, каб менавiта тут, выкарыстоўваючы гэтыя шляхетныя iдэалы i багатую культурную спадчыну, нараджаць новую элiту — маладую, хрысцiянскую, беларускую.

— У Вас былi i раней праблемы з органамi дзяржбяспекi. Цi не было iдэi з'ехаць?

— Не, такiх iдэй не было. Але цiск быў. Нядаўна мне давялося пабачыць дакумент з 1998 года, дзе было напiсана адносна мяне: “гражданин выдворяется принудительно, под конвоем за руководство молодежной... группировкой”. Чаму тады мяне не “выдворили”? Гэта ведае толькi Бог. Адзiнае рацыянальнае тлумачэнне — за два днi да даты “выдворения” я ажанiўся з Наталляй...
Перад тым як я атрымаў вiд на жыхарства, спецслужбы спрабавалi мяне запалохаць. У 2001 годзе я пайшоў у пашпартны стол, а там сядзеў супрацоўнiк КДБ. Тады ён мне сказаў такiя словы: “Смотри, самоубийц в церкви не хоронят...”

— У адкрытым лiсце, якi напiсала Ваша жонка ў Дэпартамент па грамадзянстве i мiграцыi, яна адзначыла, што ў Вас трое дзяцей, якiя выхоўваюцца на беларускай спадчыне. Следам за Вамi, зразумела, пакiнуць Беларусь вымушана будзе i сям'я. Гадаваць беларусаў будзе больш складана...

— Мы будзем старацца, каб яны не забылi беларускую мову i далей выхоўвалiся на той жа гiстарычнай спадчыне. Нашы дзецi вельмi здольныя да моў. Старэйшы сын паралельна можа размаўляць на трох мовах, i таксама зараз вывучае чацвёртую — англiйскую. У дзецях вельмi моцна закладзена свядомасць, што яны беларусы. Яны гэта кажуць з гонарам, усведамляючы сваю прыналежнасць да Беларусi. Я думаю, што гэтага нельга перакрэслiць. Гэта тое, што ў iх у крывi.

— Наталля, зараз Вы мусiце з'ехаць i пакiнуць радзiму. Якiя пачуццi выклiкае ў Вас гэтая сiтуацыя?

— Перадусiм варта сказаць, што мы будзем змагацца. Мы разам з дзецьмi пакуль не з'язджаем. Мы застаемся i будзем з надзеяй чакаць суда. Мы спадзяемся, што незаконна прынятае рашэнне аб ануляваннi вiда на жыхарства i рашэнне аб дэпартацыi будуць адменены. Калi суд Цэнтральнага раёна i Мядзельскi суд, дзе разглядаецца гэтая справа, не адменяць гэтыя пастановы, нам прыйдзецца з'ехаць.
Якiя пачуццi? Абурэнне — сярод белага дня адбываецца беззаконне. Улада адчувае, што ёй усё дазволена, што яна ўсемагутная i што можа вырашаць лёсы людзей. Гэта мяне вельмi абурае. I адначасова ў маiм сэрдцы ёсць смутак, жаль i горыч, таму, што мне вельмi сумна будзе пакiнуць радзiму. Тут усё маё жыццё: сябры, сваякi, мая мама. Усё лепшае, што было ў нашым жыццi, звязана з Беларуссю.
Таксама ў мяне ёсць пачуццё надзеi, бо я веру, што ўсё адбываецца пад пакровам Бога. Бог дае нам надзею, i мы верым, што беззаконне спынiцца i мы зможам вярнуцца.

Show comments (0) - Add comments to this article:

Last Updated ( Friday, 08 June 2007 )
 
< Prev   Next >

comments

There are no comments yet - feel free to add one using the form below...
Яраслаў i Наталля Лукасікі: «Усё са... ...

Enter your comment below.

Name (required)

E-Mail (required)
Your email will not be displayed on the site - only to our administrator
Comment (supported) [BBcode]

      Visitors: 5890144





Adverts
Advertisement


Бясплатны хостынг

Internet Map