За Свабоду!
Паазер'е
Галоўная
Калядныя прыгоды на хутары памiж двума азёрамi i Вiктосевай крынiчкай Версія для друку Адправіць на E-mail
11.01.2008 г.
У самую мiстычную пару, на мяжы двух гадоў, кожны з нас прагне накiравацца ў край сваiх дзiцячых мараў, дзе казачнае i будзённае жывуць у арганiчным адзiнстве. Усе пачынаюць усур’ёз верыць у цуды, а, як вядома, калi нечага вельмi захацець, яно абавязкова збудзецца. Адчуў уплыў гэтай магiчнай "формулы" на сабе, накiраваўшыся ў падарожжа ў дзiўны час, калi самы маленькi дзень i самая доўгая ноч. Імкнуўся адшукаць той самы запаветны куток, дзе шалёны рытм сучаснасцi, здаецца, запавольвае хаду, час амаль спыняецца i ты сапраўды пачынаеш жыць — раптам заўважаеш хараство наваколля, узiраешся ў зорнае неба i адчуваеш сябе абсалютна шчаслiвым.

Усё толькi пачынаецца

У Нарачанскiм краi шмат маляўнiчых мясцiн, нездарма ж гэтая тэрыторыя лiчыцца сярод турыстаў адной з найбольш прывабных для адпачынку. Тут размешчаны шматлiкiя санаторыi i базы, якiя наведваюць не толькi беларусы, але i замежныя госцi (якiх, дарэчы, апошнiм часам становiцца ўсё больш). Бадай, самая вядомая тутэйшая "фiшка" — возера Нарач. Але не толькi гэтая адметнасць прыцягвае вялiкую ўвагу, акрамя беларускага "мора" тут ёсць чаму здзiўляцца. Прычым самыя нечаканыя адкрыццi здараюцца ў звычайных на першы погляд месцах.
Лiтаральна ў ваколiцах Мядзела размясцiўся хутар Сабалеўшчына. Нават у даваенныя часы тут было сем хат, а цяпер дык i ўвогуле тры засталося, у якiх некалькi жыхароў. Пры выездзе з райцэнтра паварочваеш направа i адразу апынаешся ў тыповым вясковым асяроддзi — вулачка, уздоўж якой некалькi дамоў. Аднак патрэбны падворак так адразу i не знойдзеш, толькi з вопытным "гiдам" яго магчыма адшукаць. Але гасцей ужо чакаюць, i па стромкай сцяжынцы спускаемся да сядзiбы. Абапал — сосны i бярозы, а пры падыходзе — вялiзны камень, якi парос iзумрудным мохам. Ну чым не пачатак падарожжа ў госцi да казкi?
Зверху, з галоўнай вясковай "стрыт" падворак амаль не прыметны, аднак адпаведны маршрут паспелi ўжо вывучыць многiя. Справа ў тым, што пэўны час таму тут з’явiлася аграсядзiба "Крынiчка". Месца вельмi прыдатнае для арганiзацыi адпачынку. Напэўна, менавiта так разважала i Станiслава Астроўская, калi пачала збiраць дакументы для рэгiстрацыi сваёй справы. У яе нарэшце з’явiлася магчымасць паказаць усiм ахвотнiкам родныя мясцiны — як лiчыць гаспадыня сядзiбы, гэта проста ўнiкальны куток некранутай, шыкоўнай прыроды. Станiслава Станiславаўна нарадзiлася тут i да заканчэння школы жыла разам з бацькамi ў мiлай яе сэрцу Сабалеўшчыне. Пасля яна паступiла на бiяфак Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта i далейшы свой лёс звязала са сталiцай. Выкладала хiмiю i бiялогiю ў фiнансава-эканамiчным, а таксама ў гандлёвым каледжы. Як выйшла на пенсiю, то без усялякiх ваганняў i разважанняў адразу паiмчала на свой хутар. З верасня 2001 года Астроўская пастаянна жыве менавiта ў Сабалеўшчыне.
— Мая душа тут увесь час знаходзiлася, — кажа Станiслава Станiславаўна. — Калi прыязджала сюды (а iмкнулася пабываць ледзь не кожныя выхадныя), то выходзiла з аўтобуса i лiтаральна бегла да бацькоўскай хаты. Таму што хацела хутчэй патрапiць дадому, а ў Мiнск вярталася ўжо з зусiм iншымi пачуццямi. Сваё жыццё ў сталiцы ўспрымала як абавязак, такую своеасаблiвую доўгую камандзiроўку. Таму менавiта цяпер для мяне ўсё пачынаецца, я вярнулася туды, дзе заўсёды хацела знаходзiцца.
Калi слухаеш гаспадыню "Крынiчкi", то цябе ахоплiваюць прыкладна такiя ж пачуццi i пачынаеш па-асаблiваму ўзiрацца ў наваколле. Нетаропкае хутарское жыццё ўсё больш прываблiвае стомленага цывiлiзацыяй гараджанiна. Тут сапраўды дыхаецца лягчэй i, не паверыце, таксама здаецца, што ўсё толькi пачынаецца.

На елку — па... грушы

Калi шэсць з лiшкам гадоў таму Астроўская вярнулася ў бацькоўскую хату, то ў яе адразу ўзнiкла вялiкае жаданне заняцца абуладкаваннем сядзiбы. I не сказаць, што нешта тут Станiславу Станiславаўну не задавальняла, аднак хацелася яшчэ больш падкрэслiць асаблiвасць гэтых мясцiн. Так пенсiянерка Астроўская стала прыватнiкам, пазычыла значную суму ў родных (па-першае, такi крэдыт беспрацэнтны, а, па-другое, якi банк з ёй супрацоўнiчаў бы i пачала ўсё даводзiць да ладу.
— Спачатку былi нейкiя iдэi наконт сваёй справы ў сферы турыстычнага сэрвiсу, а як пачула пра агратурызм, то цвёрда вырашыла: трэба менавiта гэтым i займацца, — узгадвае Станiслава Станiславаўна. — Пенсii ж у былых настаўнiкаў самi ведаеце якiя, трэба падзарабляць на жыццё. А тут вельмi ўжо накiрунак перспектыўны, я на працы была першай, таму i цяпер да новага iмкнуся, тым больш што такiя сядзiбы для гасцей нашага краю заўсёды вельмi дарэчы. Галоўнае — стварыць добрыя ўмовы для адпачынку i людзi гэта ацэняць. Упэўнена, што ў такiх маленькiх "баз адпачынку" вялiкая будучыня.
Спатканне з хутарам Сабалеўшчына i яго руплiвай гаспадыняй — сапраўдная прыгода, паколькi ў наш рацыянальны, меркантыльны час усё тут здзiўляе. Недаверлiва пазiрае на гасцей галоўны ахоўнiк сядзiбы — сабака Кузя. Ён хоць i "чыстапародны" дварняк, але ж службу сваю добра ведае: нi за якiя шашлыкi да дому гаспадароў турыстаў не падпусцiць. Кузя заўсёды адсочвае iнтанацыю, з якой Станiслава Станiславаўна з наведвальнiкам размаўляе, i ў залежнасцi ад сiтуацыi дзейнiчае. Калi забрыдуць на падворак няпрошаныя госцi, то доўга яны тут не затрымаюцца — звычайна лагодны Кузя ў такiх выпадках вельмi злосным становiцца.
Вакол сядзiбы разросся вялiкi сад — каля сямi дзесяткаў толькi яблынь i груш, таксама адных толькi слiў восем гатункаў i шмат чаго яшчэ. Бацька Станiславы Станiславаўны быў апантаным селекцыянерам-аматарам, усёй акрузе дапамагаў. Ён стварыў проста ўнiкальныя гатункi, вартыя ўвагi i захаплення. Напрыклад, у старым садзе зараз можна ўбачыць незвычайнае дрэва — вельмi высокае, як елка, а на галiнках самыя сапраўдныя грушы растуць. Смачныя плады маюць адценне хваёвага "водару", а калi пакаштаваць iх яшчэ несаспелымi, то скiвiцы не раздымеш ад смалы. Некалi бацька цяперашняй гаспадынi сядзiбы паспрабаваў прышчапiць грушавую галiнку на елку i, як бачым, смелы вопыт аказаўся ўдалым!
У свой час у старым садзе развялося шмат шкоднiкаў. Каб ад iх пазбавiцца, Астроўская паставiла тут 45 шпакоўняў. Цяпер у цёплы час усе птушыныя домiкi "заселеныя" крылатымi жыхарамi. У садзе пасялiлася цэлая зграя: 90 шпакоў, 6 салаўёў, зязюля i сава. Начную птушку да сваёй сядзiбы Станiслава Станiславаўна наўмысна прывабiла — развешвала для яе пачастункi (кавалачкi мяса) на алешыне. Цяпер сава прывыкла да людзей i стала зусiм ручная, выдае свае "ку-гу" амаль як на "заказ" — сапраўдная экзотыка. А яшчэ з вясны да восенi на падворку бегае сямейка сiмпатычных вожыкаў, яны рэгулярна частуюцца малаком са сподачка i радуюць малых (калi часам хто з гасцей разам з дзецьмi на сядзiбу завiтае), ды i дарослыя такi "нумар" не кожны дзень убачаць.

Пра "сярэбраную" ваду i метэарыт

Сядзiбу Станiславы Станiславаўны з усiх бакоў акружае вада — два возеры i Вiктосева крынiчка (у гонар яе, мабыць, i назва "аб’екта агратурызму"). Яны быццам i ўтвараюць той самы своеасаблiвы Сабалеўшчынскi "трохкутнiк". За лясочкам — возера Рудакова. Вельмi адметны вадаём, мiж iншым, метэарытнага паходжання. Як кажа Астроўская, у правым пярэднiм вугле ў добрае, спакойнае надвор’е добра бачная характэрная варонка, гэтае паглыбленне, напэўна, утварылася ў далёкiя часы ад сутыкнення з даволi вялiкiм "нябесным каменем". Возера чысцюткае (з дна б’юць крынiцы), а вада ў iм сапраўды гаючая. Самая вялiкая глыбiня — 90 метраў, а ў сярэднiм — каля 40. Гаспадыня "Крынiчкi" разам з суседзямi неаднойчы на некалькiх лодках выплывалi i рабiлi замеры.
Станiслава Станiславаўна ж хiмiк-бiёлаг па адукацыi, таму яшчэ ў студэнцкiя гады яна брала пробы вады з Рудакова, прычым з рознай глыбiнi. Жанчына адвозiла iх на аналiз у аналiтычную лабараторыю БДУ, а калi пачала працаваць, то правярала ў каледжы. Такiя намаганнi аказалiся не дарэмнымi — у рудакоўскай вадзiчцы знайшлi злучэнне серабра! Атрымлiваецца, што гэта навукова ўстаноўлены факт. I вада сапраўды валодае гаючымi ўласцiвасцямi: лечыць ранкi, гнайнiчкi, якiя доўга не загойваюцца.
Нездарма ж, мабыць, яшчэ з даўнiх часоў здалёк прыязджалi да Рудакова людзi, каб набраць вады, — паiлi хатнiх жывёл, калi тыя хварэлi, i яны хутка папраўлялiся. Кажуць, што калi пакупацца ў возеры, то адразу ўсю стомленасць як рукой здымае, атрымлiваеш вялiкi зарад бадзёрасцi, толькi станоўчыя эмоцыi. Непадалёк ёсць крынiчка, вада з якой таксама здольная шмат у чым дапамагаць. Яна ўтрымлiвае солi калiю (карысная пры сардэчна-сасудзiстых захворваннях), а таксама натрыю (спраўляецца з захворваннямi вачэй). Таму выпiць шклянку сцюдзёнай крынiчнай вады i ўмыцца ёю нiкому, напэўна, не пашкодзiць, а толькi здароўя прыбавiць. Для гасцей сядзiбы штодзённыя паходы да метэарытнага возера i крынiчкi заўсёды ў радасць, многiя заўважаюць, што пасля такiх карысных "водных працэдур" на самай справе адчуваецца вялiкi прылiў сiл.

Як вугры ракаў з’елi

Возера Мястра зусiм побач з хутарам, пабачыць водную далячынь можна, напрыклад, з другога паверха гасцявога домiка (тут два пакоi з рознымi "карцiнкамi" для агляду). Станiслава Станiславаўна казала, што вельмi рамантычна сядзець каля акна ў шторм, калi вялiкiя хвалi падымаюцца ледзь не з гарызонту, i пiць шампанскае. Увогуле гасцявы домiк падзелены на дзве часткi — "летнюю" i "зiмовую". У апошняй можна з камфортам адпачыць i ў халады, тут зроблена грубка з ляжанкаю. Сцены драўляныя, таму дыхаецца ва ўтульным пакоi вельмi добра. Сёлета пабудавалi цудоўную лазню, будынак гэты з "сакрэтам". Справа ў тым, што ўнутры яна абабiтая рознымi пародамi дрэва (дубам, сасной, бярозай, клёнам, лiпай, рабiнай, нават ядлоўцам), спачатку дошчачкi ўсмоктваюць пару, а пасля пачынаюць выдзяляць характэрны для кожнай пах. Кажуць, што "букет" атрымлiваецца проста ўнiкальны.
Камфорт гасцям гарантаваны, паколькi ў наяўнасцi ўсе "гарадскiя выгоды". На падворку абсталяваны альтанкi, столiкi, ёсць мангалы, прыстасаванне для барбекю, дзве печкi для прыгатавання не толькi юшкi, але i самых розных далiкатэсаў, вяндлярня i нават... вялiкi акварыум. Гэта для таго, каб рыба, якую зловiце, магла "пачакаць" да прыгатавання. На Мястры адзiн з самых "рыбных" куткоў у Нарачанскiм краi — вам кожны тутэйшы жыхар аб гэтым скажа. Толькi вось цi пакажуць месцiчы прыезджым добрае месца — яшчэ пытанне. А вось Станiслава Станiславаўна дакладна пакажа i аб усiм падрабязна раскажа. Паводле яе слоў, у кожнай рыбы ў возеры ёсць свой дом: там, дзе бераг багнiсты, жыве шмат вялiкiх тлустых лiнёў, карасёў i сазанаў. Дзе трыснягi i пясочак абавязкова падчэпiш на кручок шчупака, акуня альбо плотку. У Рудакове таксама многа рыбы, сярод якой вялiзная салака (амаль як акiянiчны селядзец), яна якраз у снежнi нерастуе. Тут жыве японскi омуль, а таксама ўсiм вядомы вугор. Дарэчы, гэтая рыба, якую можна смела лiчыць сапраўдным сiмвалам усяго азёрнага краю, тут крыху iншай формы, чым, да прыкладу, у Нарачы. Раней у Рудакове было шмат ракаў, аднак iх падчас лiнькi (калi панцыр у ракаў становiцца надта мяккiм) з’елi... вугры. Гаспадыня аграсядзiбы правамерна лiчыць, што па рыбалцы яна вялiкi спецыялiст. Бацька яе ледзь не з пялёнак браў з сабой на азёры.
Каля сядзiбы растуць цэлыя плантацыi розных грыбоў, пакуль закiпае вада, то можна iх колькi трэба назбiраць i адразу прыгатаваць. Летась гаспадыня пяць вёдзер адных рыжыкаў лiтаральна на падворку нарэзала, iх Станiслава Станiславаўна некалькi гадоў таму сама высаджвала. Расказвала, што ў лес заўсёды хадзiла з двума кашамi: у адзiн збiрала добрыя грыбы, а ў другi — чарвiвыя (прыносiла iх у якасцi насення). Шмат тут i рознай ягады — сунiц, малiны, калiны, шыпшыны. Ёсць i сапраўдныя "рарытэты", кшталту дзiкiх клубнiц. Гэтыя ягады па форме нагадваюць вiшню, як кажа гаспадыня, вельмi ўжо салодкiя, нават калi яшчэ не выспелi. З розных лясных зёлак заварвае Станiслава Станiславаўна цудоўную гарбату, якой заўсёды частуе гасцей. Можа прыгатаваць самыя розныя прысмакi — бабку, "паляўнiчыя" катлеты, дранiкi па арыгiнальным рэцэпце i шмат чаго iншага. А яшчэ пячэ духмяны хлеб. У спадчыну ад мацi (якая сваiмi смачнымi боханамi частавала таксама Машэрава i Церашкову) засталася дзежка i нават закваска, якую Астроўская ўвесь час падтрымлiвае. Пячэ па ўсiх народных "канонах" — на аеры альбо кляновых лiстах, "прысаджвае" ў печку на спецыяльнай лапатцы. Якраз на Каляды ў хаце Станiславы Станiславаўны лунае неперадавальны водар свежага хлеба...
— Самай кепскай рысай ў беларусаў з’яўляецца тое, што яны не могуць як след адпачыць, прысвяцiць час сабе, свайму здароўю, — кажа гаспадыня з маленькага хутара. — Будуць сядзець у сваiх кватэрах, не, каб шух — i выбрацца куды-небудзь, адысцi ад процьмы будзённых спраў, проста пасядзець каля возера, птушак паслухаць.
I сапраўды, чаму б не падараваць сабе, напрыклад, неперадавальныя калядныя прыгоды ў чароўным "трохкутнiку"? Нiчога тут не трэба прыдумляць, усё проста: шух — i паехалi...
Мiкалай ЛIТВIНАЎ,
фота Марыi ЖЫЛIНСКАЙ,
"Звязда"

Меркаванняў (1) - Дадаць меркаванне

 
« Папярэд.   Наст. »

цікава было пачытаць меркаванне заежжых людзей.

Напісаў(-ла) патрыёт, 01/17/2008 10:13
Калядныя прыгоды на хутары памiж дв...

Ваш каментарый

Імя (абавязкова)

e-mail (абавязкова)
Ваш e-mail будзе даступны для прагляду толькі адміністратару сайта
Тэкст каментарыя (падтрымка тэгаў) [BBcode]

      Наведванняў: 4884278





Новае на партале
Advertisement
Надвор'е Мядзельшчыны
   30 жніўня 2008
   ноч, 3:00:

   Тэмпература: 9..11°C
   Ціск: 737..739 мм.р.с.
   Вецер: паўн 5..9 м/с
   Вільготнасць: 88..93%
   паxмурна, дождж

   30 жніўня 2008
   раніца, 9:00:

   Тэмпература: 9..11°C
   Ціск: 740..742 мм.р.с.
   Вецер: паўн-зах 3..6 м/с
   Вільготнасць: 80..85%
   паxмурна, дождж

   30 жніўня 2008
   дзень, 15:00:

   Тэмпература: 13..15°C
   Ціск: 741..743 мм.р.с.
   Вецер: паўн-зах 3..6 м/с
   Вільготнасць: 48..53%
   воблачна, без ападкаў

   30 жніўня 2008
   вечар, 21:00:

   Тэмпература: 11..13°C
   Ціск: 743..745 мм.р.с.
   Вецер: паўн-зах 3..6 м/с
   Вільготнасць: 57..62%
   малавоблачна, без ападкаў

   паводле Gismeteo.ru


Бясплатны хостынг

Internet Map