За Свабоду!
Паазер'е
Главная arrow История arrow Краеведческие статьи arrow Малы Мядзел - Кабыльнік - Нарач
Малы Мядзел - Кабыльнік - Нарач Печать E-mail
11.03.2007 г.
Першае ўпамінанне Кабыльніка ў пісьмовых крыніцах датуецца 1434 годам, называўся ён у той час Малым Мядзелем. Існуюць іншыя запісы, дзе ідзе аб ім размова ў сувязі з іменем вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча: ён дапамагаў мясцовам касцёлу святога апостала Андрэя, што яшчэ раней пабудавалі тут князі Свірскія.
У XVI-XVII стагоддзях Кабыльнік упамінаецца ўсё яшчэ як чыйсьці маёнтак, прычым у звязцы з Мядзелам. Росквіт мястэчка прыпаў на XIX стагоддзе: тут былі карчма, вінакурня, працаваў кірмаш, а крыху пазней з’явілася нават паштовае аддзяленне і прыёмны пакой. У гэты час назіраецца масавае засяленне тэрыторыі яўрэямі: гэтаму садзейнічаў указ Аляксандра I, па якому ім забаранялася весці сельскую гаспадарку. Людзі былі вымушаны пакідаць свае вёскі, перабірацца ў іншыя мястэчкі. У Нарачы яўрэі-перасяленцы займаліся рамёствамі: былі краўцамі, шаўцамі, сталярамі, кавалямі; працавалі на мясцовых памешчыкаў, трымалі крамы, гандлявалі пушнінай, селгаспрадуктамі. Кабыльнікі быў сапраўдным цэнтрам рыбнага гандлю. Яўрэі забяспечвалі рыбакоў рыбалоўнымі снасцямі, набывалі ў іх рыбу і перасылалі ў Вільню, Варшаву, Лодзь. Гандляры і рыбакі сябравалі паміж сабой. Нарачанская сінагога не захавалася, але ўражвае старое сховішча: калі меркаваць па надмагільніках, яўрэі тут жылі з XVII стагоддзя.
А ўвогуле Нарач, як і многія іншыя вёсачкі на Беларусі, была мястэчкам шматканфесійным: акрамя католікаў, праваслаўных і іўдзеяў жылі тут і татары. Яны займаліся пераважна рамёствамі: медніцтвам, гарбарніцтвам. А маліліся і хаваліся ў Мядзелі: мячэці і татарскіх магілак у Кабыльніку не было.
Адзін з помнікаў гэтага перыяду гісторыі, што захаваліся, - царква святога Іллі. Яна пабудава на народныя ахвяраванні ў 1850-ыя гады, згодна з аднымі крыніцамі, ці ў першай чвэрці XIX ст. Сваёй брамай з фігурнымі праёмамі і шатровым дахам, увенчаным васьмігранным барабанам і купалам, храм нагадвае старыя рускія цэрквы. Што цікава: сцены храма пабудаваныя з шліфаванага буйнапамернага каменя (мясцовы матэрыял), асобныя дэталі – пілястры, лапаткі, карнізы – з цаглянай муроўкі. Спалучэнне ў адным збудаванні розных па пмеры, колеры і фактуры будаўнічых матэрыялаў – адметная асаблівасць праваслаўных храмаў Мядзельшчыны.
Гісторыя мястэчка ў XX стагоддзі напісана на чорных старонках – спачатку выпрабаванне Першай сусветнай, а потым і Другой сусветнай войнамі. У канцы лета 1915 года пачалося будаўніцтва абарончых збудаванняў у наваколлі Нарачы. Наспех узведзеныя, яны не маглі стаць сур’ёзнай перашкодай для нямецкай арміі. З кастрычніка 1915 года на тры гады тэрыторыя апыналася пад нямецкай акупацыяй. Мірнае насельніцтва прыфрантавой паласы сагналі ў канцэнтрацыйныя лагеры ў ваколіцах Сувалак і Падброддзя. Для жыхароў, што засталіся, дзейнічала строгая сістэма пропускаў і пасведчанняў асобы, нават для малых дзяцей (з указаннем прыкмет дзіцяці). Нарачан абкладвалі вялікімі харчовымі падаткамі. На патрэбу нямецкай арміі рэгулярна праводзіліся рэквізіцыі хлеба, мяса, фуражу.
Непадалёку ад вёскі знаходзіцца стары нямецкі могільнік, самы вялікі сярод пяці існуючых на Мядзельшчыне. Потым на ім пачалі хаваць і жыхароў вёскі. Тут жа знаходзіцца высокі помнік нямецкім жаўнерам з арлом без галавы. Невядома, час яго разбурыў ці хтосьці спецыяльна: у распасцёртых крылах арла бачны след ад кулі.
А непадалёку – помнік ужо другой вайны, сведка аднаго з самых жахлівых бакоў акупацыйнага рэжыму – генацыду ў адносінах да асоб яўрэйскай нацыянальнасці. 21 верасня 1942-га, у бабіна лета, фашысты расстралялі 120 яўрэяў Кабыльніка. Вялікіх баявых аперацый у час Вялікай Айчыннай вайны тут не было, тым не менш Нарач знакамітая сваім партызанскім рухам. Яшчэ адна славутасць Нарачы – неагатычны цагляны касцёл святога апостала Андрэя, будаўніцтву якога ў 1901 годзе папярэднічала, як сведчыць надпіс на адной са сцен храма, “цяжкія будаўнічыя работы” і “жорсткія ганенні з боку царскіх улад”. Ён з’явіўся на месцы згарэлага ў 1897 годзе драўлянага касцёла. Перад касцёлам размешчана старая драўляная брама XIX стагоддзя.
Цікавы інтэр’ер: 6 круглых у сячэнні калон падзяляюць прастору на 3 нефы. Кампазіцыйны цэнтр інтэр’ера – драўляны разьбяны трох’ярусны алтар, зроблены ў Вільні ў стылі неаготыкі. У цэнтры першага яруса – дарахавальніца, у цэнтры другога – абраз Маці Божай у металічным чаканеным абкладзе.
Згодна з тым жа надпісам, вернікі шчыра і аддана працавалі над будаўніцтвам касцёла: на конях вазілі з Пастаў цэглу, з Шэметава – лес, дубовыя лаўкі прывезлі з Германіі. Касцёл перажыў дзве сусветныя вайны, акупацыю і часы сталінізму. Найбольш складаным перыядам былі 50-ыя гады мінулага стагоддзя: улады. Імкнучыся знішчыць веру, пасадзіл ксяндза ў турму, але вернікі ўсё роўна прыходзілі ў храм і адпраўлялі набажэнствы. Калі ж улады забралі ключы ад касцёла, вернікі абыходзілі Крыжовую Дарогу вакол будынка, прычым збіралася столькі народу, што іх спеў было чуваць нават за некалькі кіламетраў. Ноччы яны таксама не спалі: сцераглі касцёл ад падпалу.
Напэўна, зыходзячы з таго, што пажары заўсёды пагражалі Мядзельшчыне, у Кабыльніку ў 1930-ыя гады ўзнікла пажарная ахова, прычым на добраахвотнай аснове: тутэйшыя хлопцы і нават дзяўчаты працавалі без аніякага прымусу. Першых на адпаведных курсах вучылі тушыць пажары, другіх – аказваць пацярпеўшым медыцынскую дапамогу. З абсталявання ў тагачаснай пажарнай ахове меліся мотапомпа, рукавы, бочкі, лесвіцы, багры. Але не толькі ратаваннем ад пажараў займалася каманда: увесну, калі здаралася паводка, яны шчыравалі на беразе мясцовай рэчкі, каб тая не знесла драўляны масток. А яшчэ быў пры пажарнай ахове духавы аркестр, які сустракаў цягнікі і радаваў людзей на святы.
Юлія ХАДКЕВІЧ
Последнее обновление ( 11.03.2007 г. )
 
« Пред.   След. »
      Посещений: 6640543





Новое на портале
Advertisement


Бясплатны хостынг

Internet Map