За Свабоду!
Паазер'е
Главная arrow История arrow Личности arrow Князі Свірскія
Князі Свірскія Печать E-mail
18.03.2007 г.
Герб Ліс Свірскія - старадаўні княжацкі род на Беларусі і Літве. Мелі герб «Ліс VІ, альбо Свірскі»: у чырвоным полі двойчы перакрыжаваная сярэбраная страла наканечнікам уверх, над шлемам княжацкая карона.
Паводле свайго паходжання лічыліся адным з найдаўнейшых феадальных родаў не толькі Ашмянскага павета даўняга Віленскага ваяводства, але і ўсяго Вялікага княства Літоўскага. Былі нашчадкамі літоўскіх племянных, потым удзельных князёу ў гэтым раёне і знаходзіліся ў блізкім сваяцтве з князямі Гедройцамі (Гедройцкімі). Паводле легендарных звестак, паходзілі ад Даўмонта. Прозвішча сваё атрымалі ад замка і маёнтка Свір у Ашмянскім павеце (каля возера Свір). Род князёў Свірскіх валодаў у l5 і 16 стагоддзях шматлікімі і багатымі маёнткамі, у асноўным у раёне возера Нарач.
Першыя пісьмовыя звесткі аб князях Свірскіх адносяцца да 1-й паловы 15 стагоддзя, калі ў дагаворах Вялікага княства Літоўскага з Лівонскім ордэнам 1432 г. і паміж вялікім князем Жыгімонтам Кейстутавічам і каралём Ягайлам 1433 і 1434 гадоў упершыню з'явіліся подпісы князёў Аляксандра, Эрыка і Рамана Свірскіх. У сярэдзіне l5 стагоддзя ў дакументах згадваюцца князі Прыч, Івашка, Бутвід, Талімонт і Шокал (Сокал) Свірскія. Розныя лініі Свірскіх у 2-й палове 15 стагоддзя называлі сябе таксама Бутвідовічамі, Прычэвічамі, Сяніцкімі, Тальмонтамі і Турамі (усе аднаго герба «Ліс»). Але агульнае радавое прозвішча засталося за ўсімі князямі Свірскімі. Свірскія выходзілі на вайну ў земскае апалчэнне адным атрадам са сваімі баярамі (шляхтай) і ваенна-служылымі людзьмі пад кіраўніцтвам харунжага (харужага) Свірскага і Крэўскага. Гэта было апошняй прыкметай іх вылучэння з баярства (шляхты) навакольных зямель.
Род князёу Свіркіх падзяліўся на асноўныя лініі, якія паходзілі ад братоў Івашкі (упамінаецца ў 1452 г.) і Рамана (упамінаецца ў 1433-34 гг.). Ад нашчадкаў апошняга (Пецькавічаў і Пяткевічаў Свірскіх) пайшлі галіны роду Міхала і Mарціна; асобная галіна паходзіла ад Якуба (упамінаецца ў 1494-1510 гг.), сына Пецькі, унука Рамана. У 16 стагоддзі род разгалінаваўся яшчэ болей. Ад лініі Аляксандра ўтварылася асобна галіна Болька (Баляслава) Свірскага. Пецькавічы (Пяткевічы) і Болькавічы Свірскія згаслі, астатнія лініі роду Свірскіх паступова ў 17 і 18 стагоддзях раздрабняліся і трацілі сваё багацце і значэнне. Яшчэ на пачатку 19 стагоддзя некаторыя з Свірскіх называліся князямі, але не былі зацверджаны князямі ў Расійскай імперыі і страцілі княжацкі тытул. У пачатку 20 стагоддзя Свірскія мелі невялікія маёнткі ў Віленскай, Віцебскай, Ковенскай, Мінскай і Падольскай губернях. Жылі таксама ў Магілёўскай губерні.
Адбітак пячаткі князя Свірскага Звесткі 15 і 16 стагоддзяў заснаваны на дакументах Літоўскай метрыкі. Свірскія займалі дзяржаўна-адміністрацыйныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім у 15-16 стагоддзях. Абапіраліся яны на свае багатыя маёнткі і вайсковую сілу, якую выстаўлялі ў земскае (шляхецкае) апалчэнне ад гэтых маёнтакаў. Свірскім належалі маёнткі Свір, Мядзел, Кабыльнік, Сырмеж, Болькаўшчына, Свіраны, Варняны і Тракенікі з навакольнымі вёскамі, землямі, лясамі і азёрамі. У 1-й трэці 16 стагоддзя і пазней частка маёнткаў была прададзена іншым феадалам. Паступова значэнне князёў Свірскіх змяншаецца, і яны ператвараюцца ў звычайную шляхту, а маёнткі іх раздрабняюцца паміж шматлікімі нашчадкамі роду.
Частка маёнткаў была прададзена. Так, у 1528 годзе двор (маёнтак) Свір (Свіро) купіў Юрый Мікалаевіч Радзівіл, у 1535 г. двары Кабельнікі (Кабыльнік) і Мядзел – Альбрэхт Марцінавіч Гаштольд, Сырмеж – князь Міхаіл Іванавіч Мсціслаўскі. Яшчэ ў 1-й трэці 16 стагоддзя князям Свірскім па-ранейшаму належала права збіраць харугву (атрад) вайсковага апалчэння з усіх маёнткаў гэтага краю, у тым ліку з тых, што былі прададзены ў чужыя рукі. Па-ранейшаму ім належалі маёнткі (двары) Свіраны, Варняны, Страяна, Ясень, Тракенікі і Бяседы. Маёнткі Сырмеж і Споры ў 1503 г. былі вернуты Свірскім.
Найбольш вядомымі прадстаўнікамі роду князёў Свірскіх былі наступныя.
Аляксандр, які падпісаў мірны дагавор вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы з крыжакамі 15 мая 1432 г.; Эрык і Раман, якія падпісалі дагавор паміж вялікім князем Вялікага княства Літоўскага Жыгімонтам Кейстутавічам і каралём польскім Уладзіславам ІІ Ягайлам 20 студзеня 1433 г.
У 1452 г. побач з іншымі князямі Свірскімі ўпамінаецца Івашка Свірскі, які лічыцца братам Рамана. Ад Івашкі Свірскага пачалася асобная лінія князёў Свірскіх, што панавалі ў Свіры, дзе Івашка ў 1452 г. пабудаваў касцёл. У Івашкі быў сын Станко (або Станько), унук – князь Юхно (Юрый) Станковіч Івашкавіч Свірскі. У 15-16 стагоддзях у вяльможных паноў і князёў захоўваліся імёны не толькі па бацьку, але і па дзеду.
У 1527 г. Юхно Станковіч Свірскі прадаў кашталяну віленскаму Юрыю Мікалаевічу Радзівілу двор (маёнтак) Свіро (Свір) разам з горадам Свір і падданымі сялянамі з навакольных вёсак. Новаму ўладальніку былі пе¬рададзены правы апекі над касцёлам у Свіры і «уступ» да возера Свір (права рыбнай лоўлі). Двор Свір з дадаткамі быў прададзены за вялікую суму - 600 коп грошаў серабра (капа = 60 грошам). У 1528 г. Радзівіл атрымаў пацвярджэнне на гэты акт куплі-продажу.
У Юрыя (Юхна) Свірскага была жонка Соф'я. Юрый Станковіч Свірскі памёр, верагодна, у 1528 г. Ен меў трох сыноў (Юрыя, Войцеха, Андрэя) і дачку Барбару. Юрый Юхнавіч Свірскі самастойна вядзе справу ў судзе ўжо ў 1528 г. (мабьщь, пасля смерці бацькі). Князі Войцех і Андрэй Юхнавічы Свірскія сведчылі ў судзе ў 1522 г., што іх стрыечныя дзядзькі князі Свірскія былі старшымі канонікамі Віленскай капітулы. У 1533 г. князі Войцех і Андрэй Юхнавічы Свірскія за 400 коп грошай прадалі Мядзел (Стары Мядзел) Альбрыхту Гаштольду. У 1540 г. Войцех Юхнавіч Свірскі прадаў Роскаму зямлю Вайнілаўшчыну Пецкаву за 8 коп грошаў, а пані Ганне Зяновічавай пляц у Вільні за 20 коп грошай. Войцех Свірскі займаў пасаду харунжага крэўскага і свірскага да канца свайго жьщця. Апошні раз ён упамінаецца ў дакументах у 1547 г. (у гэтым жа годзе памёр). Пакінуў дачку Ганну, якая двойчы была замужам - за Бялевічам, а потым за Лаўчынам Іванавічам. Як бачым, каталіцкая шляхта на Беларусі ўступала ў сваяцкія сувязі з праваслаўнай шляхтай і, не зважаючы на розніцу ў веравызнанні, складала адно саслоўе.
Андрэй Юхнавіч Свірскі паводле попісу земскага 1528 г. (перапісу ўсяго войска) выстаўляў у войска 3 коней, г.зн. выходзіў у паход сам і браў яшчэ двух воінаў-коннікаў ад пэўнай колькасці населеных вёсак [ад 8 службаў сялянскіх, альбо ад 24 «дымоў» (двароў) сялянскіх, па аднаму каню, усяго ад 72 сялянскіх двароў 3 кані]. У 1523 г. Андрэй Свірскі прадаў Гаштольду Кабыльнік і свой двор Мядзел (недалёка ад яго маёнтка Жары) за 300 коп грошаў. Сястра Андрэя, Войцеха і Юрыя Свірскіх князёўна Барбара Юхнаўна выйшла замуж за Мікалая Пятровіча, уладальніка маёнтка Астравец.
Андрэй Юхнавіч Свірскі меў сыноў князёу Яна, Мікалая, Станіслава і Паўла, якія ўпамінаюцца ў дакуменце 1545 г., калі абмянялі ўчасткі зямлі з Роскім у Дубраўлянах. Павел Андрэевіч Свірскі быў уладальнікам двара Сырмеж, які раней быў прададзены князю Міхаілу Мсціслаўскаму. Князь Павел Свірскі яшчэ жыў у 1588 г., яго браты да таго часу памерлі. У Яна Андрэевіча Свірскага было 5 сыноў: Шчасны, Станіслаў, Мальхер, Кацпэр і Мікалай. Яны ўпамінаюцца ў дакуменце 1584 г., калі браты прадалі зямельныя ўчасткі ў Дубраўлянах Роскаму, а ў наступным годзе ў той жа мясцовасці абмяняліся з ім зямельнымі ўчасткамі. Пазней адзін з братоў, Мікалай Свірскі, быў дэпутатам ад Віленскага ваяводства на Берасцейскі царкоўны сабор 1596 г., на якім была прынята Берасцейская (Брэсцкая) царкоўная ўнія.
Другую лінію князёу Свірскіх складалі нашчадкі князя Рамана Свірскага, які падпісаўся пад дагаворам 1433-34 гг. У яго былі два сыны: Пецька і Ян, якіх не было ў жывых ужо ў 1503 г. Вядома, што Пецька Свірскі служыў у слуцкіх князёў. У Пецькі было 7 сыноў: Людвік, Міхал, Якуб, Андрэй, Марцін, Ян (Януш) і Аляксандр і 6 дачок: Ядвіга, Людміла, Аляксандра, Аўдоцця, Соф'я і Настасся.
Ян Раманавіч Свірскі не пакінуў нашчадкаў, а ў Пецькі Свірскага (так яго імя запісана ў дакументах) мелі нашчадкаў Mарцін і Міхал. Яны потым падзяляліся на 2 галіны князёў Пецькавічаў (Пяткевічаў) Свірскіх.
Сыны Пецькі Раманавіча Свірскага князі Mарцін і Яку6 у 1494 г. судзіліся з баярынам Кацпрам Германовічам (другі муж удавы іх дзядзькі князя Яна Раманавіча). Іх дзядзька запісаў у тастаменце сваёй жонцы маёнткі Сырмеж, Споры і Свір. Судовы працэс цягнуўся некалькі гадоў, пакуль на велікакняжацкім судзе вялікі князь Аляксандр Казіміравіч прызнаў, што муж за кошт радавых маёнткаў даў жонцы задужа, і прысудзіў уяе другому мужу вярнуць князям Свірскім Сырмеж і Споры.
У 1464 г. па прапанове свайго брата Андрэя Пецькавіча Свірскага, пробашча Варнянскага і прэлата і Kаноніка Віленскага (1503 г.) князі Людвік, Ян, Міхал і астатнія браты павялічылі фундуш (маёмасны ўклад) касцёла св. Андрэя ў сваім маёнтку Кабыльнік. Князь Андрэй Пецькавіч Свірскі (Віленскі коннік) і яго брат Mарцін упамінаюцца таксама ў дакуменце 1503 г. Іх брат князь Якуб Пецькавіч Свірскі ўпамінаецца ў дакументах пачатку 16 ст. як харунжы Свірскі (памёр да 1528 г.). Яго ўдава Ганна Міхайлаўна ў 1532 г. прадала князю Юрыю Слуцкаму за 30 коп грошаў маёнтак Чачкаўскі (Чачкава) у Менскім павеце.
Князь Аляксандр Пецькавіч Свірскі атрымаў у спадчыну ад бацькі выслужаны бацькам маёнтак у Слуцкім павеце. Яго сын Ждан Аляксандравіч Свірскі таксама служыў у слуцкага князя Юрыя Сямёнавіча Слуцкага, быў у 1527-28 гг. маршалкам і намеснікам слуцкім (у князя). У попісе войска беларуска-літоўскага князь Ждан Свірскі запісаны з атрадам у 5 коней, што сведчыць пра значную колькасць сялянскіх двароў у яго маёнтках(120 двароў). Дочкі князя Пецькі Свірскага былі замужам за прадстаўнікамі беларускіх і літоўскіх заможных баярскіх (шляхецкіх) сем'яў Валадковічаў, Салагубавічаў (Салагубаў), Осцікавічаў, Няміраў, Кежгайлаў і Матышковічаў.
Tакім чынам, ужо ў 15 стагоддзі стваралася адзінае згуртаванае шляхецкае саслоўе, нягледзячы на этнічнае паходжанне іх далёкіх продкаў. З'ядноўвалі гэтае саслоўе не толькі агульныя сацыяльныя інтарэсы і матывы патрыятычнага характару, але і адзіная дзяржаўная мова таго часу - беларуская, якой усе гэтыя феадальныя сем'і карысталіся ў побыце.
Галіна Марціна Пецькавіча Свірскага. У князя Mарціна Пецькавіча Свірскага засталося 6 сыноў (Міхал, Ян, Шчасны, Mікалай, Лукаш, Аляксандр) і дачка Соф'я, якая была замужам за Mарцінам Іздэбскім (з Драгічынскага павета на Падляшшы, цяпер на Беласточчыне). Князь Міхал Марцінавіч Свірскі (памёр да 1533 г.) займаў пасаду берасцейскага падстаросты (1526). У попісе войска 1528 г. у яго запісаны 4 кані (адпавядала пэўнай колькасці сялянскіх гаспадарак у яго маёнтках). Ад маці меў па спадчыне маёнткі на Мазоўшы. Паколькі не меў нашчадкаў, свае маёнткі пакінуў брату Яну.
Князь Ян Марцінавіч Свірскі ўпамінаецца ў дакуменце 1510 г. У 1518 г. ён разам з дваюрадным братам князем Пятром Міхайлавічам Свірскім прадаў маёнтак Жары (каля Кабыльніка) за 200 коп грошаў Васілю Рыгоавічу Кабыліну. У попісе земскім (войска) 1528 г. у яго запісаны 1 конь, гэта значыць, ён адзін выходзіў у паход ад 8 сялянскіх службаў (або 24 двароў). Ян меу сына Бартламея і дачку Сузану. Барталамей Янавіч Свірскі ўпамінаецца ў дакументах 1547, 1550, 1551 гг., Сузана - у 1550 г.
Князь Шчасны Марцінавіч Свірскі у попісе войска 1528 г. запісаны на 1 каня. У 1529 г. ён прадаў аднаго падданага селяніна ў Дубраўлянах пану Роскаму. Князь Мікалай Марцінавіч Свірскі ў 1527 г аддаў пану Роскаму сваё права рыбнай лоўлі ў возеры Свір, у 1532 г. - брату Лукашу зямлю ў Дубраўлянах. У 1535 г. ён падзяліўся з Лукашом маёнткам Сырмеж. Mікалай Свірскі меў сына Мацея і дачок Кацярыну і Ядвігу; яны выйшлі замуж за зямян гаспадарскіх (шляхціцаў велікакняжацкіх) Станіслава Іванавіча і Пятра Іванавіча.
Сын Мікалая Марцінавіча Свірскага князь Мацей Мікалаевіч Свірскі (памёр у 1558 г.) валодаў маёнткам Свіраны. У яго быў сын Марцін, які ўпамінаецца ў дакуменце 1559 г. Князь Лукаш Марцінавіч Свірскі ў 1529 Г. заключыў пагадненне ў справе аб дубраўлянскіх сялянах. Лукаш Свірскі меў сыноў Станіслава (упамінаецца ў дакуменце 1546 г.) і Жыгімонта (у 1554 г. прадаў луг у Дубраўлянах).
Станіслава Свірскага, верагодна, ужо не было ў жывых У 1552 г. Князь Жыгімонт Лукашавіч Свірскі ў 1555 г. прадаў Станіславу Мордасу свой маёнтак Сырмеж. Жыгімонт Свірскі яшчэ названы ў дакуменце 1575 г.
Князь Аляксандр Марцінавіч Свірскі ў 1528 г. выстаўляў з маёнтка 1 каня. Пасля смерці брата Міхала атрымаў у спадчыну маёнткі Мордасаўшчына і Чэцверць (апошні выкупіў у Радзівіла). У 1557 г. Аляксандр Свірскі прадаў дварэц (невялічкі двор, маёнтак) крайскі Бокшыцы Гурыну. У 1557 г. ён купіў за 200 коп грошаў у сваяка Станіслава Зяновіча маёнтак Свірскі. Меў таксама агарод (магчыма, і дом) у Вільні. Неўзабаве пасля гэтага Аляксандр Свірскі памёр. Ад другой Жонкі Ганны Пратасаўны меў сыноў Якуба і Станіслава і, магчыма, Аляксандра. Аляксандр Свірскі ў 1565 г. выставіў на попіс 12 коней вайсковай службы.
Князь Якуб Аляксандравіч Свірскі ўпамінаецца ў 1565 г. як намеснік ігуменскі біскупа віленскага Валяр'яна Пратасавіча, з якім па маці быў блізкім сваяком. Потым Якуб Свірскі быў маршалкам гаспадарскім, г.зн. адным з прыдворных выканаўцаў загадаў вялікага князя (гаспадара). Памёр Якуб Свірскі ў 1585 г.
Князь Станіслаў Аляксандравіч Свірскі ў 1601 г. быў прызначаны падсудкам ашмянскім (другая асоба ў павятовым судзе). На гэтай пасадзе быў яшчэ ў 1612-15 гг. Ёсць звесткі, што князь Станіслаў Свірскі ў 1601 г. за 1200 коп грошаў набыў у Крыштофа Слушкі маёнтак Цяпін у раёне Лепеля, у 1616 г. разам з жонкай Ганнай Лукомскай прадаў гэты маёнтак з дадаткова купленымі землямі свайму зяцю Крыштофу Свідлу.
Галіна Міхала Пецькавіча Свірскага. Міхал Пецькавіч Свірскі вядомы паводле дакументаў 1464-1503 г., меў шмат нашчадкаў. У яго было 8 сыноў: Космас (Кузьма), Багдан (Тур), Эразм, Пётр, Баляслаў (Болька), Андрэй, Юрый, Людвік, якія ўпамінаюцца ў дакументах 2-й паловы 15 - 1-й паловы 16 стагоддзя. У 1522 г. князі Пётр, Андрэй і Людвік Міхайлавічы Свірскія прадалі свае маёнткі Жары, Трухоўшчына і Якубоўшчына Васілю Рыгоравічу Кабыліну, у 1534 г. князь Пётр Міхайлавіч Свірскі прадаў сваю частку ў Дубраўлянах Мордасу.
Князь Космас (Кузьма) Міхайлавіч Свірскі перадаў двух сялян у Дубраўлянах свайму брату Андрэю.
Князь Эразм Міхайлавіч Свірскі разам з братам Юрыем прадаў Васілю Цімафеевічу Ключыне 2 часткі поля пад назвай Прудыма.
Князь Багдан Міхайлавіч Свірскі (па мянушцы Тур, відаць, з-за сваёй сілы) быў жанаты з Кацярынай Пятроўнай Крупскай (народжанай Давойка). Памёр да 1511 г.
Князь Пётр Міхайлавіч Свірскі ў час попісу 1528 г. выставіў 4 кані. У 1534 г. прадаў сваю частку зямель у Дубраўлянах баярыну (шляхціцу) Мордасу. Пётр Свірскі жыў яшчэ ў 1552 г. Князь Андрэй Міхайлавіч Свірскі ўпамінаецца ў дакументах у 1511-22 гг., пасля неўзабаве памёр. Яго маёнтак Струнойты з дваром (панскім) Бірвецкім перайшоў да братоў Юрыя і Людвіка і яго пляменнікаў.
Князь Юрый Міхайлавіч Свірскі свой двор Конаўніцкі ў маёнтку Сырмеж у 1525 г. прадаў за 200 коп грошаў Васілю Цімафеевічу Ключыне.
Князь Людвік Міхайлавіч Свірскі ў час правядзення попісу 1528 г. выставіў 1 каня. У 1558 г. прадаў маёнтак Свір князю Лукашу Свірскаму. Пасля 1565 г. памёр. У яго быў сын Геранім (Яраш) і некалькі дачок, сярод іх Барбара, што была замужам за Мацеем Паўловічам. Геранім (Яраш) упамінаецца ў дакументах 1564 і 1565 гг.
Князь Баляслаў (Болька) Міхайлавіч Свірскі ўпамінаецца ў 1529 г. У яго былі сыны Лукаш і Ян, упершыню ўпамінаюцца ў 1554 г.
Князь Лукаш Баляслававіч Свірскі ў 1554 г. самастойна набыў 2 двары ў Свіры, у 1555 г. баярына (ваеннаслужылага чалавека) і права на лоўлю рыбы ў возеры Свір у Роскага, а таксама двор Мікалаеўшчына ў Остыка за 200 коп грошаў, дварэц (невялічкі маёнтак) над ракой Стромай каля Бакштаў Свірскіх у Сяліцкай. У 1557 г. купіў людзей і зямлю ў Свіры ў Петрашкевіча, у 1558 г. Карказешкі і Свір у князя Людвіка Свірскага. У 1555 г. Лукаш разам з братам Янушам купіў у дзядзькоў Людвіка і Юрыя іх правы на слуцкія маёнткі Вызну (цяпер Чырвоная Слабада), Усава і Прусы, пасля чаго браты Свірскія пачалі судовы працэс за гэтыя маёнткі са слуцкімі князямі Алелькавічамі. У1555 г. браты набылі за 1000 коп грошаў маёнтак Ясень, які раней належаў князям Свірскім.
У 1560 г. князь Лукаш Свірскі ўдзельнічаў у Лівонскай вайне 1558-83 гг. У наступным годзе ажаніўся з Марынай Мікалаеўнай (дачкой шляхціца Мікалая Андрэевіча), за якой узяў пасаг 500 коп грошаў, але запісаў ёй на выпадак сваёй смерці ўдавіную долю - 1000 коп грошаў, забяспечаных маёнткам Ясень (так тады заключаліся шлюбныя ўмовы ў шляхты).
Лукаш Баляслававіч Свірскі займаў і службовыя пасады ў адміністрацыі Вялікага княства Літоўскага. У 1556 г. ён быў пісарам ваяводы віленскага, у 1565 г. дваранінам (прыдворным) вялікага князя, маршалкам гаспадарскім (штосьці накшталт ад'ютанта вялікага князя). На апошняй пасадзе заставаўся да канца жьщця. У1568 г. стаў старостам крэўскім, у 1569 г. прымаў удзел у рабоце Люблінскага сейма і падпісаў акт Люблінскай уніі, якая аб'яднала Польшчу і Вялікае княства Літоўскае ў федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую. У 1570 г. атрымаў каралеўскі прывілей на валоданне сёламі Скродні і Вільноўцы ў Вякшнянскай воласці на Жамойціі. З 1569 г. князь Лукаш Свірскі займаў пасаду дзяржаўца крэўскага, з 1571 г. цівун бяржанскі на Жмудзі. У 1578 г. Лукаш Баляслававіч Свірскі быў прызначаны на сейме зборшчыкам грошаў ад «паборцаў» (зборшчыкаў) падаткаў на месцах. Разам з жонкай ён пажыццёва валодаў маёнткам Свір. У 1584 г. разам з жонкай таксама пажьщцёва атрымаў маёнтак Грэйкуны ў Tрокскім павеце. У 1593 г. склаў тастамент, дзе запісаў жонцы малое мястэчка Mікалаеўшчына ў Mенскім павеце (паміж Магільнам і Новым Свержанем). Памёр Лукаш Баляслававіч Свірскі вясной 1593 г. Пасля яго смерці ўдава прадала мястэчка Мікалаеўшчына Мікалаю Крыштафу Радзівілу (Сіротцы). У Лукаша былі сыны Лукаш, Крыштоф, Станіслаў, Міхал і дачка Ядвіга. З сыноў Лукаша князь Крыштоф Свірскі быў каморнікам каралеўскім, загадваў размяшчэннем у палацах і дварах караля і наглядаў за захоўваннем яго хатніх рэчаў.
Князь Ян (Януш) Баляслававіч Свірскі ў 1557 г. набыў маёнтак Мелейкуны ў Літве. Удзельнік Лівонскай вайны 1558-83 гг. Загадваў пабудовай і рамонтам мастоў у Полацкім ваяводстве. У 1560 г. ажаніўся з Ганнай Сцяпанаўнай Рагазянкай (з роду Рагозаў), удавой князя Міхаіла Васілевіча Друцкага-Сакалінскага. У 1561 г. ён запісаў жонцы на выпадак яе ўдаўства свой радавы маёнтак Ясень і Мелейкуны. У 1566 г. стаў маршалкам гаспадарскім. Ад Жамойкай зямлі быў паслом (дэпутатам) на Люблінскі сейм 1569 г., на якім быў выбраны ў камісію па дапрацоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага. Як дэпутат і маршалак гасдарскі падпісаў акт Люблінскай уніі 1569 г. З 1569 г. дзяржаўца мейшагольскі (на Жамойціі). У 1577 г. князь Януш Баляслававіч Свірскі выступаў адным з актыўных прыхільнікаў кальвінізму ў Вялікім княстве Літоўскім. У гэты час амаль уся шляхта ў ваколіцах Свіра перайшла з каталіцтва ў кальвінізм (рэфармацтва). Ян (Януш) Свірскі быў фундатарам кальвінскага збору (малітвеннага дому) у Свіры. У 1580 г. кароль і вялікі князь Стафан Баторый паслаў Свірскага ў Оршу для сустрэчы пасольства маскоўскага на перагаворы аб міры. У 1581 г. князь Ян Свірскі і яго жонка атрымалі пажыццёва ва ўладанне (за нявыплачаны доўг) ад кашталяна менскага Яна Глябовіча маёнткі Заляды, Пяшкоўшчына і Лынтупы ў Ашмянскім павеце (Лынтупы на наступны год вярнуў Глябовічу, бо той выплаціў частку пазыкі). У студзені 1588 г. Ян Свірскі прызначаны таксама намеснікам Віленскім (г.зн. у Віленскім павеце). Памёр Ян Свірскі ў 1597 г. Жонка яго памерла ў студзені 1588 г. Дзяцей у іх не было.
Больш позніх звестак пра род Свірскіх у Літоўскай метрыцы амаль няма, зрэдку ўпамінаюцца асобныя прадстаўнікі роду Свірскіх, шrо азначала раздрабленне роду і зліццё яго прадстаўнікоў з агульнай масай беларуска-літоўскай шляхты.
Князь Аляксандр і Юрый Свірскія аднымі з першых прызналі Дзмітрыя Самазванца (Ілжэдзмітрыя I), які, калі прыехаў на Беларусь, наведаў іх маёнтак. Адзін з гэтых князёў ў 1605 г. разам з Ілжэдзмітрыем I пайшоў на Маскву і нават быў у яго войску ваяводам. Ілжэдзмітрый паслаў яго на Дон для перагавораў з данскімі казакамі і вярбоўкі іх у сваё войска. Леў-Ян Свірскі ў 1619 г, быў маршалкам Рэчыцкага павета Менскага ваяводства. Юрый Свірскі ў 1629 г. - дэпутат на фіскальны трыбунал ад Смаленскага ваяводства. На элекцыйным (выбарчым) сейме ў 1648 г. дэпутатамі былі ад Трокскага ваяводства Міхал Свірскі, ад Віленскага - Станіслаў Свірскі. Князь Ярош Свірскі ў 1663 г. быў суддзёй гродскім слонімскім, Самуэль Свірскі ў 1674 г. - суддзёй земскім менскім, Ян Свірскі - падчашым ашмянскім (ганаровы тытул) у 1731 г.
Даследчык Ю.Вольф адзначаў раздрабленне і збядненне роду князёў Свірскіх, што прывяло іх да эканамічнага і саслоўнага заняпаду. Так, ён пісаў, што ў 2-й палове 19 стагоддзя недалёка ад мястэчка Свір была шляхецкая ваколіца, якая была заселена Свірскімі. Уся гэтая вёска складалася з халуп і дробных участкаў ворнай зямлі, валадарамі якой яны былі. Гэтыя Свірскія разам з князямі Свірскімі мелі права апекі над плябаніяй Свірскай. Суседзі-сяляне называлі жыхароў ваколіцы князямі, але, жартуючы з іх беднасці, гаварылі пра іх: «Шуміць дуброва - едзе князь па дровы».
Анатоль ГРЫЦКЕВІЧ
Последнее обновление ( 13.10.2007 г. )
 
« Пред.   След. »
      Посещений: 6638750





Новое на портале
Advertisement


Бясплатны хостынг

Internet Map