|
Рагнед Малахоўскі. Нарачанскія чары |
|
|
|
Saturday, 11 August 2007 |
***
Жамчужына ў бурштынавай аправе –
Маё Нарочча, хто я
Без цябе,
Без захаду за салаўіным гаем
І успамінаў,
Як калісьці бег
Я хлапчуком
Па сцежцы верасовай
На бераг слухаць казкі чаратоў?
Плылі аблокі над старою хвояй...
І сёння да цябе прыйшоў ізноў.
Напевам паплыла душа па хвалях,
А мараў таямніца як у сне.
Натхненне і дабро на зорных шалях
З маленства ты ахвяравала мне.
Каханнем пад сузор’ем беражніцы
Мяне адорыць ранішні спакой.
Кідаюць зоры срэбра у крыніцы –
Лаўлю яго нясмелаю рукой.
...Шляхамі доўгімі на родны бераг
Яшчэ не раз вярнуся я ў журбе
З адданасцю, удзячнасцю і верай...
Маё Нарочча, хто я
Без цябе?
“Полымя” №4 2006г.
Янка Купала на Нарачы
Ружы хваляў, паэзіі водар...
Ноч купальская свет ахінала,
І гучала мінуўшчыны ода –
Крочыў берагам Янка Купала.
Перашэптваў чарот яго крокі,
Здані вогнішчаў смутна ўздыхалі.
А паэта натхнялі аблокі,
Што паданне пра Нарач шапталі.
Задуменная поўня-каханка
Рыбакам торны шлях асвятляла.
У прыроды свая калыханка –
Захапляўся Нароччам Купала.
Прытуліліся сонныя сосны
Да загадкавай бездані млявай.
Ткалі вершы нябёсныя кросны,
І паэзія сталася явай.
Песню даўнюю голасам горкім
Беражніца на выспе спявала.
Над пачуццямі ўспыхвалі зоркі,
І шчаслівы быў Янка Купала.
“Полымя” №7 2007г.
Мара-Нарач
Заплюшчу я вочы ад стомы
І ўбачу зімовую Нарач,
Як мару сваю на вяселлі.
Шчасліва-праменная дзева
У бела-празрыстым убранні
Ўсміхаецца хлопцу-паэту.
Натхненне чароўным напоем
Напоўніць душу. І заранка
Над Нараччу вершам успыхне.
Бясконца-зіхоткім абшарам
Цалуе прастора паэта –
Агонь ледзянога спакою.
Захоплены сілай свабоды,
Прызнаюся ў вечнай любові
Да мары сваёй – да Нарочча.
“Полымя” №12 2006г.
Вечар
Стынуць густаплынна барвы ў небе,
Морак ахінае любы гай,
Конікі стракочуць звонка недзе,
Горнецца да сну азёрны край.
У палон бярэ ля хваляў лёгкіх
Водар нарачанскіх кветак-сноў.
Сэрца вызваляецца ад крохкіх
Хваляванняў і нясмелых слоў.
Сінія глыбіні таямніцаў
Сёння для мяне, для аднаго.
Даплываюць спевы беражніцаў
Да туманных, сонных берагоў.
Вечар – цуда Матухны-прыроды, –
Крылы развінаючы свае,
Ап’яняе мяккай асалодай
І ў душы спагадліва пяе.
“Дзеяслоў” №3(22) 2006г.
***
Мая дваццаць першая восень
Кладзецца на волкія плечы
Вясёлкі над Нараччу роднай.
Грымотаў нябёсны аркестр
У далечы яснай і мудрай
Вітае барвовае сонца.
Па хвалях агніста-шыкоўных,
Пад ветразем лёгкай самоты
Мая адзінота вандруе.
На беразе дыхаць свабодна,
І больш не палохаюць цені
Грахоў і старога ядлоўцу.
У шатах шумлівага бору
Мой страх заблукае, растане
З цяплом навальнічнае хмары.
Шчаслівы, я сяду у човен
І рушу ў глыбіні прасторы
Шукаць дваццаць першую восень.
“Полымя” №4 2006г.
Чараўніца
Мінулі гады
з той хвіліны,
калі ўпершыню
я спаткаўся
пад шум
нарачанскага бору,
пад шэпт
заварожаных хваляў
з табою,
мая чараўніца.
Шукаючы
шлях пераможцы,
блукаючы
ў лесе спакусаў,
я гонар збярог
і з пакорай
не стаў на калені
адчаю,
каб вымаліць долі
найлепшай.
Я верыў
у шчасце зямное,
я марыў
жыццё быць з табою.
Мне зоры
прарочылі гора,
а з сэрца,
свабоднаю птушкай,
увысь
узнялася НАДЗЕЯ.
І час
паяднацца душою,
і час
мацаваць сваю веру,
пачуццям
даць крылы свабоды
і скінуць
кайданы сумненняў
з табою,
мая чараўніца.
“Полымя” №2 2004г.
Сцяжыны кахання
Усмешка валошкі на жытнім узмежку
мяне не пазнала,
А поўня князёўнай плыла
па начным харастве.
Няспелыя словы кахання
спакусніца ў ноч прашаптала,
Калі мы ішлі басанож
па іскрыстай жарстве.
Апошняя песня заранкі
тужліва плыла ў паднябессі,
Мой сонны настрой
паглынуў развітальную ціш.
І я не пачуў той,
юнацтвам прапетае песні.
Чаму ты, заранка,
цяпер у самоце маўчыш?
Далёкае рэха апошніх радкоў
замірала за мною.
На вузкай мяжы
пад сузор’ем Надзеі стаім.
Як хочацца зноў на сцяжыне
спаткацца з табою,
Ды мабыць не лёс,
бо па сцежцы ідзеш ты з другім.
Не раз яснавокую поўню
мы ў квецені зорак сачылі,
І Нарачы люстра, як дзень
зіхацела ў вачах.
Павольна сляды
на сцяжыне кахання астылі,
І толькі заранка
самотна пяе па начах.
Зборнік “Беражніца” 2005г.
Нарач
Калі бярэ ў палон душу спакой,
Так хочацца пагаманіць з табой.
Дрыготкім голасам цябе гукаю,
З надзеяй водгуку ў адказ чакаю.
Паветра полымем на захадзе гарыць.
Ніхто не ў сілах сонца загасіць,
Вада ж сабрала промні ўсе ў ражок.
Заранкі памяць – поўні паясок.
Блукаў па ім калісьці я адзін,
Шукаючы каханне між вятроў.
Аб гэтым будзіць вечны напамін
Мне шэпат прыбярэжных чаратоў.
Нібы з чароўнага гаршчочка-спарыша
Таемным духам поўніцца душа.
Самотнай хваляй вечар адхлынае,
Нячутна ноч край любы ахінае.
Падкову-бераг хвалі амываюць,
Пясочак мякка-залаты шліфуюць.
А з неба моўчкі зоры назіраюць
І люстра аксаміт святлом цалуюць.
Бурліцца з-пад гары ручай – крыніца,
Частуе любы край жывой вадою.
На бераг з хваляў выйшла беражніца,
Ківае галавой: “Хадзем са мною.”
Такіх дзівосаў свету ці бывае?
Аж пасвятлела уваччу Нарочча.
А прыгажуню хваля ахінае
І срэбрам амывае стан дзявочы.
Так казачна з табою ноч праходзіць
У марах, пацалунках, дрогкіх снах.
А заўтра вечар новых дум народзіць,
І будзем зноў шаптацца ў чаратах.
Істужкаю зляцела зорка ўранні,
Упала на высокі бераг твой.
Заплюшчыў вочы, загадаў жаданне –
Ніколі б не расстацца мне з табой!
“Полымя” №8 2003г.
Show comments (0) - Add comments to this article: |
|
Last Updated ( Saturday, 11 August 2007 )
|
comments
There are no comments yet - feel free to add one using the form below... |
|