За Свабоду!
Паазер'е
Галоўная arrow Навіны рэгіёну - архіў arrow З Кабыльніка ў Будслаў за тры дні: XII пешая пілігрымка
З Кабыльніка ў Будслаў за тры дні: XII пешая пілігрымка Версія для друку Адправіць на E-mail
30.06.2007 г.
29 чэрвеня а 12-й гадзіне Святой Імшой у касцёле святога Андрэя Баболі, што у Кабыльніку распачалася XII пешая нарачанска-мядзельская пілігрымка да Маці Божай Будслаўскай. Агульная колькасць удзельнікаў блізу 170 чалавек. Ёсць там вернікі з Гудагая, Свіры, Шэметава і Канстанцінава. Пілігрымаў віталі ў к.п.Нарач, вёсках Сіманы, Чараўкі, Пасынкі, Мікольцы. Працэсію ўпрыгожваюць касцельныя харугвы, гучаць мілагучныя і вясёлыя рэлігійныя спевы на беларускай мове, вернікі адмаўляюць Святы Ружанец. На чале пілігрымкі айцец Бернард з Кабыльніка, а ладзяць яе клерыкі з Пінскай духоўнай семінарыі, яны ж браты Ордэна Кармелітаў Босых. Да якога і належаць касцёлы ў Мядзеле, Кабыльніку, Канстанцінаве і Гудагаі.
А 19 гадзіне пілігрымка весела і ўрачыста прыйшла да Мядзельскага касцёла Маці Божай Шкаплернай, дзе яе сустрэў і пасвенціў пробашч парафіі айцец Раман Новак. Раніцай 30 чэрвеня, а палове 9-й, вернікі пасля Святой Імшы рушаць далей у дарогу.
Перайсці да фотагалерэі
30 чэрвеня а палове 10-й гадзіны раніцы, пасля Святой Імшы ў Мядзельскім касцёле Маці Божай Шкаплернай, пілігрымы ў жоўтых хусцінках рушылі далей. Колькасць удзельнікаў павялічылася дзесьці на 25 чалавек за кошт вернікаў мядзельскай парафіі і агулам склала каля 200. Адметна, што ў калоне пілігрымаў з’явілася харугва Легіёна Марыі Мядзельскага Прэзідыўма Маці Божай Шкаплернай... Ёсць такая супольнасць актыўных вернікаў у Мядзеле. Дарэчы, мядзельскі пробашч айцец Раман Новак з’яўляецца мадэратарам або духоўным кіраўніком Легіёна Марыі ўсёй Беларусі.
Пілігрымаў цёпла віталі і частавалі ахалоджанымі напоямі і проста калодзежнай вадой жыхары вёсак Трыданы, Лук’янавічы і Беразнякі. Другі дзень напэўна самы цяжкі. Бо неабходна перадолець участак гравейнай дарогі больш 15 км. Тут і пыл, і пясок ды каменьчыкі набіваюцца ў абутак. У вёсцы Няверы пілігрымаў чакаў абед – макарона з мясам ды гарбата. Начавалі як і заўсёды ў Пузырах. Большасць пілігрымаў запрасілі да сябе жыхары вёскі. А астатнія прытуліліся ў мясцовай школе проста на падлозе ў калідоры.
Трэці дзень пілігрымкі аказаўся самы халодны і мокры. Амаль да самага Будслава суправаджаў як быццам бы і цёплы, але пра нейкі час такі непрыемны дождж. Але паказаліся вежы святыні і дождж спыніўся.
Нарачанскіх пілігрымаў ля будслаўскага касцёла сустракаў былы Кусташ Санктуарыя айцец Славамір Вятлугін. Вельмі нечаканае, але такое прыемнае і цёплае спатканне.
Усяго ў пілігрымцы Нарач- Будслаў прынялі ўдзел 231 чалавек. Самы маленькі – гэта двухгадовы Даніла Амельяновіч. Гэта яго другая пілігрымка. Канешне ж з ім побач была яго матуля Ірына, катэхетка з Нарачанскага касцёла.
Спадабаўся нашым пілігрымам і намётавы гарадок. Спадзяемся, што налета ўмовы там будуць яшчэ лепшыя. А вось гандаль мядзельскі працаваў не вельмі. Увечары 1-га ліпеня, цяжка было папіць гарачай кавы або гарбаты. То электрычнасці няма, то вады, то заваркі. Ды і шашлыкі нейкія халодныя і вельмі ж дарагія, больш за 3 тысячы беларускіх рублёў за 100 грам. А вось у намётавым гарадку пастаўскі гандаль шашлыкі прадаваў менш чым за 2 тысячы. Ды і гарбата і кава таксама былі ў продажы.
Расчаравалі крыху пілігрымы з Баранавічаў. Хор з іх парафіі на супольнай Святой Імшы для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі выконваў рэлігійныя спевы амаль што толькі на расейскай мове. Ды і час “Дыялог”, што выдае Баранавіцкая парафія, выходзіць пераважна на расейскай мове і частка на польскай. А вось беларуская мова зноў нялюбая.
Жыве на Беларусі Бог! Жыве Беларусь на Будслаўскім фэсце! Аб гэтым сведчыць родная мова падчас Святой Імшы, а таксама мноства значкоў з сапраўднай нацыянальнай сімволікай і наш святы бел-чырвона-белы сцяг, які час ад часу лунаў на пляцы перад алтаром. Са шкадаваннем пакідалі Будслаў пілігрымы. Як жа ж доўга чакаць наступнага 29 чэрвеня.
Але мы ўвесь час с Табой Маці Божая Будслаўская. Просім Цябе, ратуй нас з цемры бязвер’я, памажы адшукаць на заблытаных сцежках адзіны верны шлях да Твайго Сына!

Меркаванняў (1) - Дадаць меркаванне

Апошняе абнаўленне ( 04.07.2007 г. )
 
« Папярэд.   Наст. »

Што тут можна сказаць - малайцы!

Напісаў(-ла) tutejszy, 07/04/2007 22:51
З Кабыльніка ў Будслаў за тры дні: ...

Ваш каментарый

Імя (абавязкова)

e-mail (абавязкова)
Ваш e-mail будзе даступны для прагляду толькі адміністратару сайта
Тэкст каментарыя (падтрымка тэгаў) [BBcode]

      Наведванняў: 5922429





Новае на партале
Advertisement


Бясплатны хостынг

Internet Map